Ніва № 10 (2443), 9 сакавіка 2003 г.

Цераз мяжу да сваіх

Размова з паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Паўлам ЛАТУШКАМ, які 18-19 лютага знаходзіўся ў Падляшскім ваяводстве з афіцыйным візітам.

— Чатыры гады Вы працавалі ў Генеральным консульстве ў Беластоку. Наколькі прыдаўся Вам тутэйшы вопыт цяпер на місіі ў Варшаве? Вярнуліся, быццам, зноў да сябе.

— Маю надзею, што правяду на Беласточчыне не адну сустрэчу. Спадзяюся, што ў гэтай якасці тут першы, але не апошні раз. У мяне нават такое ўражанне, што не развітваўся з Падляшшам. Гэта мой першы візіт па-за пасольствам і першы па-за межамі Варшавы. Чаму якраз Беласток? Адказ на гэта вельмі просты. Па-першае — асабісты фактар. Чатыры гады, якія я працаваў у Беластоку, не маглі не пакінуць след і сюды я вяртаўся ў час працы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Гэта першае ваяводства, якое мяжуе з Беларуссю, тут функцыянуюць пагранпераходы, праз якія грамадзяне Беларусі ўязджаюць у Польшчу. І, зразумела, на Беласточчыне пражывае вялікая беларуская меншасць, падтрымцы якой беларуская дзяржава будзе даваць вельмі вялікую вагу. Хацеў бы падкрэсліць, што буду старацца наведваць гэты рэгіён як мага часцей.

— Вы сёння сустрэліся м. інш. з беластоцкімі ўладамі — з ваяводам Стшалінскім, з маршалкам Кшыжэўскім. Чаго датычылі Вашы размовы?

— Развіццё гаспадарчых кантактаў — вельмі важная справа для памежных рэгіёнаў. У характары канкрэтных мерапрыемстваў мы гаварылі пра магчымасці арганізацыі прэзентацыі новай эканамічнай зоны, якая ўзнікла летась у Гродне. Ішла ў нас гаворка пра прыгранічнае супрацоўніцтва ў рамках еўрарэгіёнаў „Нёман” і „Белавежская пушча”. Гаварылі мы і пра магчымасці рэканструкцыі Аўгустаўскага канала і пуску там рачнога пагранперахода. Не была абмінута і праблематыка беларускай меншасці, якая пражывае на Падляшшы. Маё заданне — падтрымка з боку пасольства дзеянняў дзеля захавання культурнай і этнічнай тоеснасці беларускай меншасці. Беларусаў Польшчы мы ўспрымаем перш за ўсё як грамадзян Польшчы, якіх абавязваюць прынцыпы польскага права, але грамадзян, якія маюць права на навучанне роднай мовы, гісторыі, права на актыўны кантакт з Беларуссю... Гаварылі мы і аб патрэбе супрацоўніцтва ў галіне культуры і вышэйшай школы. Адной з тэм было і развіццё прыгранічнай інфраструктуры, магчымасці ўзнікнення новых пагранпераходаў на нашай супольнай мяжы, гаворка таксама ішла пра адмоўныя наступствы ўвядзення віз.

— Вашы заданні як пасла, прадстаўніка Рэспублікі Беларусь у Польшчы гэта...

— Перш за ўсё хацеў бы я імкнуцца развязваць міждзяржаўныя праблемы, праз вырашэнне спраў звычайных грамадзян. Буду спрыяць развіццю двухбаковых кантактаў у розных галінах. Польшча — адзін з нашых галоўных гандлёвых партнёраў. У 2002 г. гадавы абарот сягаў амаль паўмільярда долараў. Маем магчымасці, каб яго падвоіць. Трэба арганізаваць таксама прамоцыю беларускай гаспадаркі. Будзем ладзіць у Познані сёлета на Кірмашах прамысловых тэхналогій і інвестыцыйных дамоў Дзень беларускай гаспадаркі. Мы таксама за тое, каб максімальна выкарыстаць у гандлёвых адносінах уваход Польшчы ў Еўрасаюз. А таксама мінімалізаваць і адмоўныя вынікі. Справа ў дэнансацыі па ініцыятыве Польшчы двухбаковых дамоў — аб гаспадарчым супрацоўніцтве, сертыфікацыі. Адмоўным вынікам будзе абмежаванне экспарту для Беларусі некаторых тавараў у Польшчу пасля пашырэння Еўрасаюза, і на еўрасаюзны рынак. Напрыклад — нашых калійных угнаенняў, якія таннейшыя за нямецкія. Прапаноўваем увесці пераходны перыяд, напрыклад, у 5 гадоў, каб працягваць экспарт тавараў у ЕС, асабліва ў Польшчу.

Польшча з’яўляецца адным з асноўных нашых эканамічных партнёраў і гэта магло б быць падставай для пашырэння і палітычнага дыялогу.

— Паміж нашымі краінамі можа ўзнікнуць сцяна, пасля ўвядзення візавага абавязку накладзенага на Польшчу Еўрасаюзам.

— Мусім зрабіць усё, каб была гэта сцяна нашага супольнага дому з многімі ўваходамі і выхадамі. Прапануем сістэму льготаў з абодвух бакоў, для студэнтаў, старэйшых асоб, жыхароў памежнай тэрыторыі, дзеячаў меншасных арганізацый. Размаўляем таксама пра адкрыццё новых пагранпераходаў. Прагназуецца, што пасля ўвядзення віз трэба будзе іх выдаваць каля 100 тыс. для польскіх грамадзян і 400 тыс. для беларусаў. У якасці захадаў, карысных для грамадзян Польшчы, плануем адчыніць консульскае агенцтва ў Белай-Падляшскай, больш будзе працаўнікоў консульскага аддзела ў пасольстве.

Важнай тэмай для двухбаковых адносін з’яўляцца таксама развіццё пагранічнай інфраструктуры. Маем толькі 6 пагранпераходаў для асабовага руху, а, напрыклад, з нямецкім бокам Польшча мае 21. На маю думку, трэба разам сесці за стол перамоў і вырашыць, дзе і якія пагранпераходы адкрыць. Будзем прапаноўваць польскаму боку сумесна звяртацца да еўрасаюзных фондаў аб даінвеставанні гэтых праектаў.

Я хацеў бы падкрэсліць, што Беларусь зацікаўлена ва ўзмацненні і далейшым развіцці добрасуседскіх адносін з Польшчай. Лічым, што нашы стасункі з’яўляюцца фактарам стабільнасці ў гэтым еўрапейскім рэгіёне. Не хаваю, што сённяшні іх узровень не адпавядае інтарэсам як і Беларусі, так і Польшчы. Мы павінны будаваць нашы адносіны як суседзі, зацікаўленыя жыць у міры і згодзе, супольна вырашаць праблемы. Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай, якая знаходзіцца паміж Расіяй і Польшчай. Фактар Расіі з’яўляецца для нас вызначальным, але будзем старацца развіваць кантакты з дзвюма суседкамі, з улікам таго, што з’яўляемся транзітнай краінай. Беларусь ляжыць у цэнтры Еўропы і заўсёды будзе зацікаўлена ў добрых адносінах з Еўропай. Я буду імкнуцца да таго, каб узровень палітычных кантактаў Беларусі і Польшчы крок за крокам быў вышэйшы і з’яўляўся добрасуседскім. Беларускі бок выступае за большы прагматызм у нашых стасунках. Неабходна працаваць у тым накірунку, каб аднавіць узаемны давер, імкнуцца да таго, каб пазіцыі бакоў былі больш адкрытыя.

Размаўляла Міра ЛУКША