Ніва № 9 (2442), 2 сакавіка 2003 г.

У кіпцюрах безнадзейнасці

Яўген МІРАНОВІЧ

У размовах звычайных людзей на вуліцы, у крамах, аўтобусах чуваць толькі нараканне — на малыя пенсіі і зарплаты, беспрацоўе, бандытызм на вуліцах, высокія цэны прадуктаў штодзённага карыстання і камунальных паслуг. Пачуццё безнадзейнасці авалодала паасобнымі людзьмі і вялікімі грамадскімі групамі. Ніхто ўжо не верыць, што разам з прыходам новых людзей да ўлады нешта памяняецца.

Сродкі масавай інфармацыі штодзённа паказваюць краіну карумпаваных палітыкаў, пракурораў, паліцыянтаў і чыноўнікаў, бяздушных лекараў і звычайных грамадзян, якія прабуюць пратэставаць супраць несправядлівасці ці ліквідацыі адзінай у мястэчку фабрыкі. Эліты тым часам разважаюць як дапамагчы амерыканцам навесці дэмакратыю ў Іраку — пасылаць там салдатаў і самалёты, ці можа толькі даць палітычную падтрымку. Доўгімі гадзінамі дыскутуюць ці прыйшоў Леў да Адама, ці можа Адам да Льва, хто і каму меў даць 17,5 мільёна долараў. Тэлетрансляцыя размовы сеймавай камісіі з рэдактарам „Газеты выбарчай” Міхнікам цягнулася 18 гадзін, таму што паслы пабачылі нагоду выступіць перад тэлекамерамі. Некалькі разоў паўтаралі тыя ж пытанні, а Міхнік яшчэ часцей паўтараў адказы. Звычайныя людзі, паглядзеўшы гэтае кабарэ, каментавалі: „А чорт ведае пра што ім ідзе”.

Па закліку лідэра Самаабароны Анджэя Лепэра сяляне на пачатку лютага сталі блакіраваць дарогі. Дамагаюцца, каб дзяржава (чытай: падаткаплацельшчыкі) плацілі 4 злоты за кілаграм жывога мяса. Раней датацый дамагаліся шахцёры і ўрад даў ім гарантыю захавання ўсіх прывілеяў з камуністычнай эпохі, што абазначае толькі вышэйшыя падаткі. Бунту шахцёраў баяліся ўсе па чарзе кіруючыя дзяржавай палітыкі, пратэсты сялян, ці медычных службаў найчасцей ігнараваліся.

Партыя Лепэра, якая хоча весці люд на барыкады, атрымала падчас апошніх выбараў вялікі давер, асабліва тых, якія апынуліся ў сапраўды безнадзейнай сітуацыі — беспрацоўных, пенсіянераў, бяднейшых сялян. Новы збаўца люду бачыцца часам як адзіны справядлівы сярод карумпаванай масы палітыкаў і самаўрадаўцаў. Папулярнасць плебейскай Самаабароны, кіраванай людзьмі, якія няраз парушалі заканадаўства, прыцягвае тысячы новых цынічных кар’ерыстаў, якія пакідаюць часам постсалідарніцкія арганізацыі і далучаюцца да партыі Лепэра. Самаабарона разам з СЛД і ПСЛ трымае ўладу ў некалькіх ваяводствах, у тым і Падляшскім. Апошнім часам за справай новага актывіста партыі, Ежы Зелянеўскага, мясцовая прэса магла паказаць якасць новага самаўрадавага кіраўніцтва Падляшскага ваяводства. Яшчэ месяц раней пісалася пра тое, як адыходзячыя кіраўнікі самаўрадавых ваяводскіх улад вырывалі з ваяводскага бюджэту гігантычныя кампенсацыі за нявыкарыстаныя водпускі. Раней падрыхтавалі сабе адпаведныя ўмовы для развітання з працай. Выглядала на тое, што салідарнікі, калі былі пры ўладзе, ніколі не адпачывалі. Новыя таварышы, якія перанялі ўладу, пачалі кіраваць у падобным стылі. Успомнены Зелянеўскі як дырэктар Дарожнага ўпраўлення ў Маршалкоўскай управе пачаў працу ад падпісання кантракту з фірмай свае жонкі, якая будзе яго ўстанове даваць юрыдычныя парады.

„Палітыка” (н-р 7) піша пра функцыянаванне падобнай кааліцыі ў такім самым складзе ў Падкарпацкім ваяводстве. Там ваяводская ўлада апынулася ў руках дзеячаў Самаабароны, абвінавачаных у гвалтаванні малалетніх, прадукцыі наркотыкаў, пабоях. Мясцовая эліта прыцягнула на працу таксама сваіх дзяцей, якіх надзяліла кіраўнічымі пасадамі. На фоне Падкарпацкага ваяводства можна сказаць, што Падляшскаму і так пашанцавала.

Дарогай дэмакратычных выбараў да ўлады прыходзіць цяпер сапраўдны люд. І ўсё было б добра, калі б гэты люд зразу пасля прыходу да ўлады не пачынаў паводзіць сябе як захопнік публічных сродкаў. Ні этычныя нормы, ні заканадаўства не стрымоўваюць ад звычайнага рабаўніцтва людзей, якія распараджаюцца інструментамі высмоктвання грошай ад грамадзян. Слухаючы палітыкаў і самаўрадавых дзеячаў можа скласціся ўражанне, што яны зусім не ведаюць і ведаць не хочуць як жывуць тыя, якія ў выніку выбараў далі ім уладу. Часам слухаючы „нашых” царыкаў можна ад іх пачуць таксама нараканні, якая ж гэта дрэнная палітыка праводзіцца ў такой ці іншай справе. Відаць, што часам забываюцца яны аб тым, ці актуальна знаходзяцца ў апазіцыі, ці кіруючай кааліцыі. Ім, дарэчы, усё гэта абыякавае. Найважнейшае — быць.