Ніва № 9 (2442), 2 сакавіка 2003 г.

Неабходная міжкультурная адукацыя

Віталь ЛУБА

Сустрэчу лідэраў таварыстваў нацыянальных меншасцей Падляшша з прадстаўнікамі цэнтральных і ваяводскіх улад, якая адбылася ў Беластоку 17 лютага, ваявода Марэк Стшалінскі пачаў са статыстыкі. У Падляшскім ваяводстве, мяркуецца, бо вынікі перапісу насельніцтва яшчэ неабнародаваны, пражывае 240 тысяч беларусаў, 50 тысяч украінцаў, 20 тысяч літоўцаў, 5 тысяч татараў, 500 ромаў і некалькі дзесяткаў расіян. Згуртаваны яны ў 25 арганізацыях.

Прадстаўнікі гэтых арганізацый мелі нагоду прадставіць свае праблемы віцэ-міністру ўнутраных спраў і адміністрацыі Зянону Касіняку-Камышу, старшыні Сеймавай камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей Генавефе Вісьнёўскай і ваяводу Марку Стшалінскаму.

Старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Ян Сычэўскі, падзякаваўшы ваяводу за ініцыятыву склікання нарады і дапамогу ў адкрыцці помніка загінуўшым вазакам у Бельску, перайшоў да праблем, у вырашэнні якіх неабходная дапамога ўлад. Гэта перш за ўсё справа помніка праваслаўным у Беластоку (пяць гадоў старанняў не дало станоўчага выніку з-за прадузятасці гарадскіх улад), Беларускага музея ў Гайнаўцы (неабходныя сістэматычныя дзяржаўныя датацыі), вяртання экспанатаў (з Цеханоўца), аднаўленне манастыра і музея ікон у Супраслі (неабходныя фінансавыя сродкі) і настрыфікацыі дыпломаў (траціць юрыдычную сілу Пражская канвенцыя і дыпломы беларускіх ВНУ не будуць у Польшчы прызнавацца сапраўднымі). Далей прамоўца распавёў аб драматычным становішчы абезлюдзелых беларускіх вёсак і маланкавай асіміляцыі пераехаўшага ў гарады беларускага насельніцтва, паколькі ідэнтыфікацыя з беларушчынай у беластоцкіх умовах дастаўляе толькі дыскамфорт. А спрычыняюцца да гэтага, між іншым, выказванні некаторых парламентарыяў, напрыклад Анджэя Фэдаровіча, які адмаўляе ў існаванні беларускай нацыянальнай меншасці.

Старшыня Беларускага саюза ў РП Яўген Вапа адзначыў, што такога кшталту сустрэчы з ваяводам меншасныя асяроддзі чакалі 14 гадоў. За гэты час адносіны паміж меншасцямі і ваяводскімі ўладамі былі не надта добрыя. Выказаў ён здзіўленне тым, што ніхто з беластоцкіх палітыкаў і ўстаноў не адмежаваўся ад ксенафобных выказванняў пасла Фэдаровіча. Прапанаваў ён неадкладнае ўвядзенне міжкультурнай адукацыі ва ўсіх школах Падляшскага ваяводства. Адсутнасць такой адукацыі будзе толькі замацоўваць негатыўныя стэрэатыпы, напрыклад, вобраз беларуса як гандляра гарэлкай і папяросамі на беластоцкіх базарах. Чарговая нявырашаная справа — гэта стварэнне Цэнтра беларускай культуры, установы, якая прафесійна падтрымоўвала б беларускую культуру ў ваяводстве. Паводле прамоўцы, няўрадавым меншасным арганізацыям не пад сілу забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця сваіх культур і таму ўскладанне на гэтыя арганізацыі абавязку клапаціцца за родную культуру — гэта ўцёкі ўлад да адказнасці за стан культуры нацыянальных меншасцей. Меншасныя арганізацыі не маюць таксама практычнай магчымасці пакарыстацца еўрасаюзнымі фондамі, паколькі для рэалізацыі канкрэтных праектаў патрэбны свой уклад велічынёю 30% планаваных коштаў. Хто дасць няўрадавым арганізацыям такія сродкі?

Пасол Сейма Яўген Чыквін таксама прыгадаў некалькі нявырашаных спраў. Першая — гэта адсутнасць Закона аб нацыянальных меншасцях. Раней не было ў парламенце палітычнай волі для яго ўхвалення, і ў далейным хіба яе няма, — адзначыў прамоўца. Прапанаваў ён таксама стварыць цэнтральную ўстанову па справах нацыянальных меншасцей. Без яе немагчыма рэалізаваць дзяржаўную палітыку ў адносінах да меншасцей, аргументаваў пасол. Навелізацыі патрабуе Закон ад адносінах дзяржавы да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў частцы датычнай права ўласнасці храмаў. Поспехам у галіне адукацыі назваў выданне падручнікаў па беларускай мове. Паводле пасла, на культуру нацыянальных меншасцей прызначаюцца замалыя сродкі, аднак для іх размяркоўвання неабходныя ясныя крытэрыі, якіх павінна прытрымоўвацца Міністэрства культуры.

Сенатар Сяргей Плева выказаў шкадаванне з прычыны змяншэння ўрадам датацыі на культуру нацыянальных меншасцей, а недаразуменнем назваў замаруджванне прац над Законам аб нацыянальных меншасцях. У справах асветы сенатар выказаўся за ўвелічэнне асветнай субвенцыі для меншасцей удвая і неадкладнае высвятленне справы настрыфікацыі дыпломаў беларускіх ВНУ.

Аб сваіх праблемах заявілі таксама прадстаўнікі літоўцаў, украінцаў, ромаў і расіян. Віцэ-міністр Зянон Касіняк-Камыш аднёсся да праблемаў агульнага характару. Заявіў ён, што ўрад падтрымоўвае праект Закона аб нацыянальных меншасцях, а яго ўхваленне гэта справа Сейма. Не згадзіўся з прапановай аб стварэнні ўстановы па справах нацыянальных меншасцей, паколькі шэраг меншасцей задаволены тым, што іх справы курыруе міністэрства (яго ранг вышэйшы, чым дзяржаўнага камітэта ці цэнтральнай установы). У справе адносін з Беларуссю віцэ-міністр падкрэсліў, што Польшча не далучылася да акцыі блакіравання візаў для кіраўнікоў Рэспублікі Беларусь, але пры тым заявіў, што польская замежная палітыка ясна вызначана і Польшчы нельга заплюшчваць вочы на факты парушэння правоў чалавека ў суседняй краіне.