Ніва № 8 (2441), 23 лютага 2003 г.

Жаўруковы спеў Уладзіміра Мулявіна

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая бывай.
Стаю на ростанях былых.
А з паднябесся самотным жаўранкам
Звініць і плача май.
З песні У. Мулявіна „Алеся” на словы А. Куляшова

Яўген ЛЕЦКА

14 траўня мінулага года народны артыст Беларусі і СССР Уладзімір Мулявін, вяртаючыся са свайго лецішча ў Мінск, трапіў у аўтамабільную катастрофу. Ён не справіўся з кіраваннем і ў выніку „Мерседэс” вылецеў на абочыну, некалькі разоў перакуліўся і ўрэзаўся ў дрэва. Звычайна пры такіх здарэннях людзі гінуць. Але Мулявін выжыў. У той самы дзень яму ў сталічным навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі зрабілі складаную аперацыю.

Вестка пра гэты выпадак, бадай, не абмінула ніводнай беларускай сям’і. Людзі спачувалі, перажывалі, маліліся за здароўе любімага артыста, сачылі за выпускамі тэле- і радыёнавін. Паведамленні абнадзейвалі.

Праз некалькі дзён Уладзіміра Георгіевіча перавялі ў Рэспубліканскую бальніцу Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Тут яму былі створаны спрыяльныя ўмовы для лячэння. Аднак пацярпелы і яго блізкія настойвалі на перавод у Маскву...

Адтуль даходзілі неблагія чуткі, што ў легенды беларускага фольк-рока справы ідуць на папраўку. Ён пачаў самастойна есці, а потым і выязджаць з бальніцы ў двор на інваліднай калясцы.

І раптам зранку ў нядзелю (26 студзеня) усіх ускалыхнула і ашаламіла трагічная вестка. Смерць, паводле афіцыйнага паведамлення, наступіла ў выніку сардэчна-сасудзістай недастатковасці.

Жонка Мулявіна, Святлана Пенкіна, пажадала, каб з артыстам развіталіся масквічы, што і адбылося ў канцэртнай зале „Расія”.

Раніцай у аўторак труна з целам Мулявіна была дастаўлена на самалёце ў Мінск. Адпявалі яго ў галоўнай праваслаўнай святыні Беларусі — Свята-Духавым кафедральным саборы. Грамадзянская паніхіда адбывалася ў Цэнтральным Доме афіцэраў Беларусі (мо з улікам таго, што, якраз дзякуючы войску, Уладзімір Мулявін трапіў з далёкага уральскага Екацерынбурга (да нядаўняга часу Свярдлоўска) у нашу рэспубліку і спяваў у хоры Беларускай вайсковай акругі). А мо на выбар далейшага жыццёвага і творчага шляху паўплывала тое, што продкі Уладзіміра паходзілі з тутэйшага краю і на генную памяць шчымлівай ласкай леглі мілагучныя беларускія мелодыі...

Фактам з’яўляецца тое, што Мулявін назаўжды прыкіпеў душою да гэтай зямлі, гэтага народа і яго духоўных скарбаў.

Загадкай, як і ў выпадку з Максімам Багдановічам, з’яўляецца тое, што творца вырас у далечыні ад Беларусі, абвострана адчуў патрэбы развіцця нацыянальнага мастацтва, яго нерэалізаваныя магчымасці.

Дэмабілізаваўшыся з войска, Мулявін стварае ансамбль „Лявоны”, аднак неўзабаве, нібы спахапіўшыся, пераназывае яго ў „Песняры”. Напэўна, не выпадкова. Бо першая назва ўспрымалася занадта традыцыйнай, сялянскай, зарыентаванай на мінулае, тады як другая гучала больш вольна, расказвала і давала прастору для творчага пошуку, нават эксперыменту. Бо менавіта навізной у асэнсаванні традыцыйнага народнага меласу, нязвыкласцю выканальніцкага майстэрства і вызначыліся адразу „Лявоны”—„Песняры”.

Нетрадыцыйна-сучасная манера спеву не была адназначна ўспрынята і ацэнена ў інтэлектуальных колах Беларусі. Атрымлівалася штосьці падобнае на гісторыю з Максімам Багдановічам. Як вядома, дасланыя ім у „Нашу Ніву” вершы не толькі не былі ўхвалены да друку, але і спісаны ў архіў, адкуль іх выцягнуў на свет белы і апублікаваў Вацлаў Ластоўскі.

У падобным стаўленні няма нічога дзіўнага: новае, наватарскае, нязвыклае амаль заўсёды пракладвае сабе дарогу па цаліку, гэта значыць, праз пераадоленне перашкод. А ў мастацтве пераадолець супраціўленне можна толькі талентам, які даецца ад Бога. Цікава, што У. Мулявін не меў вышэйшай музычнай адукацыі, а ўсяго толькі вучобу з 1956 па 1958 год у Свярдлоўскім музычным вучылішчы, дзе, зразумела, нічога не было беларускага. У гэтай сувязі міжволі напрошваецца папрок у адрас тых артыстаў, якія ўсё жыццё пражылі на сваёй Бацькаўшчыне-Беларусі, большасць з іх нават пазаканчвалі тут спецыяльныя музычныя вучэльні, але застаюцца ў асяроддзі нацыянальнага мастацтва чужароднымі з’явамі, абыякавымі, а то і варожымі да мовы і культуры роднага народа. Дык як не згадаць па-народнаму трапныя і мудрыя словы з напісанай яшчэ ў першай палове ХVІІ стагоддзя „Прамовы Мялешкі”, дзе высмейваюцца вырачэнцы ўсяго роднага, у якіх свая костка „сабачым мясам абрасла”...

З 1962 года Уладзімір Мулявін працуе артыстам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а пасля, з 1969 года, мастацкім кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамбля „Песняры”. У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства арганічна спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем на новым вітку развіцця яе лепшых традыцый. Гэта быў прарыў не толькі ў абсягах музычнай культуры, але і культуры ўвогуле, больш таго — у нацыянальнай свядомасці народа. Бо на сямідзесятыя гады якраз прыпадае пік дэбеларусізацыі, у выніку якога ў гарадах не застаецца ніводнай беларускай школы, на рускую мову пераводзяцца раней беларускамоўныя часопісы і газеты, і ўвогуле ўсё сваё, нацыянальнае зневажаецца і бэсціцца як адзнака замшэласці і прымітывізму. Гэта быў час, калі, кажучы словамі славутай паэмы „Сказ пра Лысую гару”, „другі артыст народны не мог звязаць і двух народных слоў...” Мулявінскія „Песняры” адважна пайшлі насустрач гэтай ідэалагічна моцна забяспечанай праз дзяржаўную падтрымку хвалі нацыянальнага выраджэнства. І перамаглі! Безумоўна, музычна-спеўны гурт не мог істотна памяняць усю сітуацыю са станам беларускасці ў БССР, але ў абсягах сваіх магчымасцей яны зрабілі амаль неверагоднае. Беларуская мелодыя пачала заваёўваць самыя прэстыжныя сцэны, карыстацца велізарным попытам не толькі ў сябе на Радзіме, але і далёка за яе межамі. Такое трыумфальнае шэсце працягвалася не гады, а дзесяцігоддзі, аж да апошняга часу. Хоць пры гэтым былі і перыяды застою, і адхіленні ад сваёй вызначальнай, звязанай з адраджэннем нацыянальнага лініі, як, скажам, пры стварэнні вакальнага цыкла на словы Уладзіміра Маякоўскага, па-свойму паэта цікавага і значнага, але па духу, форме і стылю абсалютна далёкага ад творчай манеры і пафасу „Песняроў”.

У 1979 годзе Мулявіну прысвойваецца званне „Народны артыст БССР”, а ў наступным, 1980-м, урад суседняй Польшчы ганаруе яго высокім тытулам заслужанага дзеяча культуры гэтай дзяржавы. Факт, лічу, вельмі паказальны, бо тое, што сцвярджаў на беларускай глебе мастацкі кіраўнік „Песняроў”, было актуальным і для сумежнага славянскага народа, якому таксама дыхаў у спіну смуродлівы вецер хрушчоўска-суслаўска-брэжнеўскага „інтэрнацыяналізму”, пры якім кожнаму народу з так званага „сацыялістычнага лагера” адмаўлялася ў праве ісці па дарозе ў будучыню сваёй дарогай, мець сваю непаўторную самабытную культуру.

Са створанага самім Мулявіным як кампазітарам ці праспяванага „Песнярамі” нагадаю некалькі твораў. З народнага рэпертуару гэта „Ой, рана на Івана”, „Перапёлачка”, „Касіў Ясь канюшыну”, „А ў полі вярба”, „Рэчанька”, „Хлопец пашаньку пахае” і многія, многія іншыя. А з песень на вершы беларускіх паэтаў — найперш „Спадчына” на словы Янкі Купалы, „Мой родны кут” на словы Якуба Коласа, „Вераніка” на словы М. Багдановіча, „Александрына” на словы П. Броўкі, „Алеся” на словы А. Куляшова, „Белая Русь” на словы У. Скарынкіна і шмат, шмат іншых. У журботныя дні 27 і 28 студзеня Першы нацыянальны канал Беларускага радыё амаль без перастанку перадаваў песні і вакальныя цыклы ў выкананні „Песняроў”, пры гэтым не паўтараючыся. Гэта і супакойвала, і лагодзіла душу адчуваннем велічы дасягнутага У. Мулявіным. Але неаднойчы пры гэтым абуджалася пачуццё скрухі: а дзе ж вы, даражэнькія, былі пры жыцці нашага вялікага Песняра, чаму так рэдка гучалі яго, як і іншых беларускіх кампазітараў і выканаўцаў, творы ў нашым нацыянальным паводле назвы, але запалоненым (гэта найперш датычыцца тэлебачання) эфіры, які даўно і трывала завалодала расійскамоўная безгалосая і бездухоўная папса, якая, зрэшты, не мае нічога з рускім па духу і стылю мастацтвам, якое, як і сапраўды значнае і самабытнае беларускае, даўно выціснута на абочыну жыцця.

Мулявін са сваімі „Песнярамі” аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак усю планету, выступаў на самых прэстыжных пляцоўках, браў удзел у самых прэстыжных фестывалях і здабываў самыя прэстыжныя ўзнагароды. Пры гэтым ансамбль праявіў зайздросную, што не мае роўных, жыццястойкасць і доўгажыхарства. І зусім нездарма, мяркую, у гэтыя жалобныя дні яго ўклад у развіццё песеннай культуры неаднаразова параўноўваўся са зробленым і дасягнутым славутымі „Бітлзамі”. То і варта, надоўга не адкладваючы, падумаць пра годнае ўшанаванне памяці яго стваральніка і нязменнага кіраўніка і натхняльніка Уладзіміра Мулявіна, як гэта ў дачыненні да сваіх славутых музыкаў-песняроў зроблена ў Англіі.

Мне пашанцавала быць у Ліверпулі і аглядаць той музей „Бітлзаў”, збудованы на самым беразе, дзе ён займае вялікую плошчу, але не на паверхні, а пад зямлёю-морам. Уражанне ад убачанага і пачутага там — незвычайнае. Трапіць туды, асабліва для нашага чалавека, нялёгка і няпроста, бо ахвотнікаў значна больш, чым могуць умясціць памяшканні, а кошт білетаў досыць дарагі і для замежнікаў-капіталістаў. Такім чынам гэтая ўстанова не толькі прапагандуе сваё нацыянальнае мастацтва, але пры гэтым мае і неблагі прыбытак. Упэўнены: калі не адкладваць на потым, а ўжо цяпер аб’явіць конкурс на праект музея „Песняроў”, а потым і пачаць будоўлю такога ж, як гэты ансамбль, арыгінальнага будынка, і стварыць у ім адпаведную ўкладу У. Мулявіна і яго калектыву экспазіцыю, то выдаткі абавязкова акупіліся б. Бо любоў беларусаў да „Песняроў” і іх мастацкага кіраўніка У. Мулявіна, мяркую, не меншая, чым у стрыманых на пачуцці англічан да сваіх славутасцей. Што гэта так, кожны мог пераканацца ў аўторак 28 студзеня, калі, не зважаючы на слотнае надвор’е, людзі выстройваліся ў даўжэзныя чэргі, хочучы развітацца з тым, каго так пры жыцці любілі. Такое, як расказваюць прадстаўнікі старэйшага пакалення, было толькі ў час развітання з Народным песняром Беларусі Якубам Коласам, калі людзей, як тады было прынята, не звозілі на машынах „на мерапрыемства” з прадпрыемстваў і ўстаноў, а яны самі, без усякай прынукі і прымусу, а паводле поклічу душы і сэрца ішлі, сцякаліся ручаінамі на цэнтральную плошчу сталіцы, у Дом прафсаюзаў, дзе беларусы аддавалі апошні паклон Песняру...

Цяпер зіма, але ў гэтыя журботныя студзеньскія дні за акном свяціла яркае сонейка, як прадвеснік вясны. Праз два месяцы прыляцяць з выраю птушкі, і не адзін жаўрук, узняўшыся ў высокае неба, захлынецца ў роспачным спеве ад страты, якая напаткала нас у гэтыя дні...