Ніва № 8 (2441), 23 лютага 2003 г.

Надзеленыя залатымі рукамі

Віктар БУРА

Гайнаўскі Беларускі музей наладзіў апошнім часам чарговае супрацоўніцтва. Гэтым разам яго партнёрам стаў Беларускі універсітэт культуры з Мінска. Падрыхтоўка да супрацоўніцтва і абмен карэспандэнцыяй не цягнуліся доўга. Выкладчыкі Кафедры народных рамёстваў БУК адгукнуліся адразу і запрапанавалі выстаўку „На скрыжаванні часу”. Працуе яна ў Гайнаўцы ад 21 снежня мінулага года.

Спецыяльнасць народныя рамёствы ў Беларускім універсітэце культуры была адкрыта ў 1990 г., а ў 1993 г. пачала працу Кафедра народных рамёстваў, якой загадчыкам стаў прафесар Рыгор Фёдаравіч Шаур.

— Зараз на нашай кафедры працуе 15 штатных работнікаў, — сказаў нам праф. Шаур. — У іх ліку маецца адзін прафесар, тры дацэнты, тры старшыя выкладчыкі, два лабаранты, два майстры і адзін тэхнолаг. Асноўная колькасць педагогаў гэта члены Саюза мастакоў Беларусі. На кафедры працуюць вучэбныя майстэрні ганчарства і керамікі, ткацтва, габелена, баціка, саломапляцення, малюнку, алейнага і акварэльнага жывапісу. Цяпер па спецыялізацыі навучаецца 169 студэнтаў на стацыянарным і 89 на завочным аддзяленнях. Кафедра дала чатыры выпускі спецыялістаў, якія працуюць на розных аб’ектах сферы культуры Беларусі. Дыпломныя работы студэнтаў вылучаюцца высокім мастацкім узроўнем, што пацвярджаюць мастацтвазнаўцы, крытыкі, выкладчыкі іншых мастацкіх устаноў.

Стаць студэнтам кафедры няпростая справа. Як патлумачыў праф. Шаур, прымаюцца выпускнікі мастацкіх школ ці вучылішч або прафесійна-тэхнічных вучылішч дэкаратыўна-прыкладнога накірунку. Абітурыенты немастацкіх школ проста не вытрымоўваюць канкурэнцыі на ўступных экзаменах, а і вучэбныя праграмы разлічаны на асоб, якія маюць асноўныя веды і навыкі ў выяўленчым мастацтве. Хаця БУК не рыхтуе жывапісцаў, графікаў ці скульптараў (гэтым займаюцца акадэміі мастацтваў), вялікую ўвагу адводзіцца малюнку, жывапісу, кампазіцыі, колеразнаўству. Такія прадметы фарміруюць у студэнтаў мастацкае мысленне, дапамагаюць выпрацаваць прафесіяналізм. На спецыяльных курсах і факультатыўных занятках студэнты займаюцца вышыўкай, вязаннем, камп’ютэрнай графікай. Апошняе дае магчымасць з дапамогай тэхнічных сродкаў мадэліраваць і канструяваць арнаментальна-кампазіцыйныя варыянты для ткацтва, вышыўкі, керамікі ці разьбы. Штогод студэнты ўдзельнічаюць у пленэрах, педагагічных і вытворчых практыках ды экспедыцыях. Улетку наведваюць яны Мір, Нясвіж, Навагрудак, Браслаўшчыну. Прырода, гістарычныя мясціны, сустрэчы з народнымі мастакамі ўзбагачаюць кругагляд студэнтаў, прывіваюць любоў да Бацькаўшчыны, да ўсяго таго, што створана беларускім народам.

Плён студэнцкай творчасці паказваецца на шматлікіх творчых і вучэбных выстаўках. Карыстаюцца яны поспехам у гледачоў, а гэта ў сваю чаргу стымулюе студэнтаў да новых пошукаў і далейшых творчых здзяйсненняў. Кожны год арганізуюцца персанальныя выставы таго ці іншага педагога. Не раз паказваліся акварэльныя работы У. Рынкевіча, жывапісныя творы У. Масленікава, габелены А. Салохінай, кераміка Т. Васюк. Студэнты часта наведваюць майстэрні вядомых мастакоў. Гэта для іх выдатная школа вучобы на сапраўдных узорах жывапісу, графікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Значны ўклад у развіццё кафедры ўнеслі праф. М. Раманюк, д-р В. Ф. Шматаў, праф. Я. М. Сахута, мастацтвазнаўца В. А. Лабачэўская. Кафедра народных рамёстваў працуе на выхаванне і фарміраванне надзеленага залатымі рукамі і іскрай Божай спецыяліста, які будзе сеяць у народзе зерні прыгожага, добрага, светлага.

На дзень 30 студзеня, як паведаміла куратар выстаўкі „На скрыжаванні часу” Наталля Герасімюк, экспазіцыю ў Гайнаўскім беларускім музеі наведала 208 школьнікаў і 176 дарослых з Гайнаўкі, Беласточчыны і Беларусі.