Ніва № 8 (2441), 23 лютага 2003 г.

Заснежанае Гродна

Яўген МІРАНОВІЧ

Зіма ў гэтым годзе дакучае не толькі жыхарам Польшчы. У суседняй Беларусі снегу на пачатку лютага было не менш чым у нас, але ў сродках масавай інфармацыі не выклікала гэта сенсацыі, тэлебачанне не паказвала снегу ў якасці галоўнай тэмы дня. Зіма ў лютым успрымаецца ў Беларусі як нармальная прыродная з’ява. У Гродне снег ішоў багата і пастаянна больш за тры дні, было яго вышэй за паўметра, але сярод жыхароў горада не адчувалася нараканняў па гэтай прычыне. Раніцай нехта расчышчаў тратуары, пад’езды, аўтобусныя і тралейбусныя прыпынкі. Позняй ноччу на вуліцы выязджалі грузавікі і вывозілі кучы снегу за межы горада. Цэнтр Гродна, а асабліва старажытны квартал, раніцай быў падрыхтаваны да нармальнага жыцця. На перыферыях горада было значна горш, але аўтобусы ездзілі нармальна, а прыватныя аўтамабілі ў залежнасці ад адвагі іх вадзіцеляў.

У адрозненне ад Беластока, у Гродне дарожныя і камунальныя службы амаль не пасыпаюць вуліц і тратуараў соллю. Са снегам змагаюцца там традыцыйнымі метадамі — мятлой і лапатай. Бывае часам слізкавата, але можна хадзіць па белых тратуарах, без ліпкай гразі пад нагамі. Хаця ў Беларусі гарадскі транспарт амаль дармовы, але карыстацца ім зімою вельмі нявыгадна. Шмат людзей ездзіць аўтобусамі і тралейбусамі. Пяшком прайсціся па белым і сухім снезе гэта прыемнасць, якой не сустракаецца на пасоленых тратуарах Беластока.

Гродна ад Беластока ў 60 кіламетрах. Надвор’е і клімат тыя ж. Але людзі апранаюцца зусім інакш. У Беларусі на галовах жыхароў дамінуюць салідныя шапкі „вушанкі” з натуральнай і штучнай скуры. Носяць іх мужчыны і жанчыны. Апрача таго шмат жанчын носяць футры, якія нашы дамы апранаюць ідучы ў царкву ці касцёл. Мужыкі таксама апрануты так, каб быць гатовымі абараняцца ад трыццаціградуснага марозу.

Апрача зімовай вопраткі жыхары Гродна розняцца ад беластачан таксама мовай. На вуліцы, у крамах і ўстановах дамінуе руская. Беларускую мову можна пачуць таксама рэдка, як у Беластоку. Аднак можна на ёй кантактавацца з рускамоўным светам. Беларуская, у адрозненні ад Мінска, раздражняе ў Гродне мала каго — найчасцей моладзь, якая імкнецца чырыкаць з маскальскім акцэнтам. У Гродне чамусьці такая расейшчына гучыць вельмі штучна. Славутая трасянка быццам стала мовай дамінуючай часткі насельніцтва. Аднак звяртаючыся на беларускай мове можна быць упэўненым, што наш гродзенскі суразмоўца не стане прыкідвацца, што нас не разумее. У Мінску такая дэманстрацыя пагарды для аднае з дзяржаўных моў — з’ява нярэдкая.

Гродна даволі хутка еўрапеізуецца. У рэстаране „Беласток” афіцыянткі, апранутыя ў прыгожыя уніформы, амаль бегаюць па зале выконваючы сваю працу. Таму нават пры вялікай колькасці гасцей можна з’есці абед і заплаціць рахунак у 20 мінут з моманту ўваходу ў рэстаран. Праўда, у прадуктовых крамах часта можам сустрэць савецкі падыход да працы, але такіх 20-гадовых „дзевушак” можам таксама сустрэць за прылаўкамі крамаў Беластока ці Варшавы. Відаць, не пераносяць яны свае працы, хамаватага працадаўцы і ўсіх кліентаў крамы, што даюць зарабіць яе ўласніку. У вялікім дзяржаўным універмагу ў Гродне, дзе хацелася мне набыць вопратку, дзве прадаўшчыцы дапамагалі выбіраць адпаведны тавар з такой ангажаванасцю, як у салоне моды па вуліцы Ліповай у Беластоку. Проста цяжка адысці ад прылаўка і нічога не купіць.

Мяне як гісторыка прыемна ўразіла ў Беларусі даступнасць да архіўных матэрыялаў. Найбольш сакрэтныя дакументы НКУС можна нават ксераваць за адпаведную плату. Карыстаюцца імі ў большасці палякі, мясцовых гісторыкаў як бы праблемы фарміравання бальшавіцкай улады менш цікавяць. У Польшчы доступ да матэрыялаў, якія кампраметавалі б дзяржаўную ці нацыянальную палітыку значна больш абмежаваны. І самае прыемнае ў працы наведвальнікаў гродзенскіх архіваў — адпаведныя папкі трапляюць на рукі даследчыка ў пяць мінут пасля выпісу патрабавання. У варшаўскіх архівах трэба падаць адпаведныя дакументы дзень раней, а няспешнасць і пышлівасць тамашніх супрацоўнікаў напамінае эмацыянальны стан мінскіх пастарэлых чэкістак, застаўленых пільнаваць уваход у Нацыянальную бібліятэку. На гэтым фоне кампетэнтнасць гродзенскіх архівістак (у архівах працуюць выключна жанчыны) прыемна ўражвае.