Ніва № 8 (2441), 23 лютага 2003 г.

Упаўнаважаны, не заступнік

Размова з Маркам ЛІБЭРАДЗКІМ, нованазначаным упаўнаважаным падляшскага ваяводы па справах нацыянальных меншасцей.

— Чаго можа чакаць беларуская меншасць ад Вашай дзейнасці?

— Перш за ўсё хачу падкрэсліць, што я — упаўнаважаны ваяводы, а не заступнік меншасці, як ужо некаторыя да мяне звярталіся. Пасля некалькіх дзён выконвання мною службовых абавязкаў пачуў я галасы, што ў адносінах да маёй асобы ўзрастаюць вельмі высокія чаканні. Я — выключна дзяржаўны чыноўнік, які мае акрэсленыя, вызначаныя дзеянні. У гэтым кантэксце, у сваіх чаканнях меншасныя асяроддзі, хоць бы беларускія, павінны прымаць пад увагу, што я — не заступнік меншасцей, а выключна ўпаўнаважаны ваяводы...

— Значыць, чаго можна чакаць ад дзеянняў упаўнаважанага?

— Маё заданне перш за ўсё — ведаць, што дзеецца ў меншасных асяроддзях, кантактавацца з імі, размаўляць, ведаць іх праблемы, патрэбы, пастулаты, і інфармаваць аб гэтым ваяводу. Вядома, калі я буду лічыць гэта настолькі важным, што павінен гэтым заняцца ваявода. Варта тут успомніць, што ад 1998 года, ад увядзення рэформы адміністрацыі дзяржавы, агромная частка заданняў — у руках войтаў, бурмістраў, прэзідэнтаў, старастаў, ці ўрэшце маршалкаў ваяводстваў. А заданні ваяводы — дакладна акрэслены законам і толькі ў тых межах магу рухацца. Маё заданне — перш за ўсё ведаць. Гарантую, што патрэбы асяроддзяў нацыянальных меншасцей нашага рэгіёна, іх праблемы да ваяводы будуць даходзіць. Магчыма, калі я буду лічыць, што даная справа будзе патрабаваць умяшальніцтва звонку, медыяцыі ў спрэчных справах асобы звонку, эмацыянальна неангажаванай у спрэчку, гэта таксама буду рабіць — гэта таксама маё заданне. Адным з маіх заданняў — уплыванне на фармаванне адлюстравання вобразу нацыянальных меншасцей у мясцовых медыях. Мушу, значыць, ведаць, як ён выглядае, бо, можа, акажацца, што ўсё ў парадку і няма патрэбы якога-небудзь умяшання. У меншасцей ёсць свае часопісы — беларуска-, літоўска- і ўкраінскамоўныя, радыёперадачы, ствараныя журналістамі, якія ідэнтыфікуюцца з паасобнымі меншасцямі ці якія з іх паходзяць. Ёсць, урэшце, і телеперадача нацыянальных меншасцей. Значыць, з тым адлюстраваннем меншасцей у медыях не найгорш, ну, можа, па-за польскамоўнымі медыямі, дзе часам дзейнічаюць нейкія стэрэатыпы. Калі штосьці такое будзе мець месца, буду такім рэдакцыям звяртаць увагу, бо столькі ў такой сітуацыі змагу. Нічога я не ў змозе ім загадаць.

— А як Вы ўяўляеце супрацоўніцтва з беларускім асяроддзем, падзеленым у розных адносінах?

— Мая функцыя — непалітычная. Напэўна не буду ўцягвацца ў любыя спрэчкі паміж паасобнымі беларускімі асяроддзямі. Буду размаўляць з усімі, вядома, калі і ў другога боку будзе такая ахвота. У Падляшскім ваяводстве на гэты момант зарэгістравана 25 згуртаванняў нацыянальных меншасцей. Усе яны будуць трактавацца мною аднолькава. Няма лепшых, горшых, няма такіх, якія выказваюць адзінаслушныя патрабаванні ці пастулаты.

— Якія, на Вашу думку, ёсць у беларусаў праблемы, з якімі прыйдзецца Вам змагацца?

— Абыходзячы гэтыя падзелы, якія найчасцей выступаюць на палітычным грунце (а я, як ужо казаў, у палітыку не буду ангажавацца), дык ведаю, для прыкладу, што ад гадоў такой праблемай для беларускага асяроддзя ёсць пабудова музея ў Гайнаўцы. Не абяцаю, што адразу ўключуся ў гэту справу, бо гэта перш за ўсё праблема беларускага асяроддзя. Падобная праблема была ў літоўцаў. Заснавалі яны спецыяльны камітэт, фонд. Ужо не дзейнічае, бо пабудова дому літоўскай культуры ўжо завершана і аснова функцыянавання таго згуртавання страціла сэнс. У выпадку гайнаўскага музея, калі буду ведаць пра нейкія магчымасці, крыніцы фінансавання, то, несумненна, камітэту пабудовы музея падкіну гэтыя інфармацыі. Ды нельга разлічваць на тое, што прынясу мяшок грошай. Ані іх у мяне няма, ані няма іх у падляшскага ваяводы.

— Установа ваяводы мае, аднак, уплыў на магчымасць здабыць грошы з цэнтральнага бюджэту, для прыкладу, на мэтавыя датацыі. Ці Вы мелі б магчымасць, праз ваяводу, старацца за такія сродкі з гэтай крыніцы на чаканы Цэнтр беларускай культуры, які, згодна з намерамі, меў бы ўзнікнуць у Беластоку?

— Такога тыпу дзеянні буду рэкамендаваць ваяводу і буду сам іх падтрымліваць. Дэкларую гэта. Калі будзе такая ці падобная патрэба, то ваявода, несумненна, падпішацца пад такой прапановай.

— А ці маглі б Вы быць пасрэднікам у дапамозе пры ўзнаўленні дзейнасці Радыё „Рацыя”?

— Радыё „Рацыя” было прыватнай радыёстанцыяй і павінна на такім рынку функцыянаваць і спрабаваць знайсці спонсараў.

— Ды Радыё „Рацыя” выпаўняла некамерцыйныя функцыі, а шырока разуметыя грамадска-культурныя, да таго не толькі ў Польшчы, але і ў гэтай частцы Еўропы. Значыць, некаторыя яго заданні супадаюць з інтарэсамі польскай адміністрацыі.

— Справа ў тым, што да гэтай пары, незалежна ад шматлікіх старанняў, няма закону які рэгуляваў бы статус нацыянальных меншасцей у Польшчы. Усё яго мяняюць, усё паяўляюцца на яго новыя ідэі. Значыць, няма праўнага акта, які рэгуляваў бы і пытанні такога тыпу. У гэты момант Радыё „Рацыя” трактуецца як любая іншая прыватная радыёстанцыя, і сама мусіць старацца здабыць сродкі на сваё існаванне. Мушу, аднак, праверыць, бо, можа, ёсць нейкая магчымасць, каб застукаць, напрыклад, да Міністэрства культуры па якуюсь датацыю на гэту мэту, беручы пад увагу, якую ролю гэтае радыё выпаўняе. Варта тут дадаць, што ўзнаўленне дзейнасці Радыё „Рацыя” набрала б вельмі важнага палітычнага розгаласу. Фармаванне профілю і магчымасці вяшчання, значыць, не ляжала б у магчымасці рэгіянальных улад, а вышэй, хоць бы Міністэрства замежных спраў, бо гэта пытанне замежнай палітыкі, завялікай, як на мясцовую ўладу, паколькі паяўляюцца тут міжнародныя паслядоўнасці.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Мацей ХАЛАДОЎСКІ