Ніва № 8 (2441), 23 лютага 2003 г.

Спрыяльная атмасфера для роднай мовы

Аляксей МАРОЗ

У Комплексе школ у Чыжах многа ўвагі адводзіцца актыўнаму выхаванню дзяцей і моладзі. Арганізуюцца тут разнародныя мерапрыемствы, пры якіх моладзь супрацоўнічае з жыхарамі Чыжоўскай гміны. Бацькі вучняў актыўна ўключаюцца ў працу школы.

Школьныя праекты

Зараз канчаецца рэалізацыя праекта „З кацельні святліца”, які дазволіў прыспасобіць памяшканне ў падвале школы на святліцу. Будуць сустракацца ў ёй вучні пасля заняткаў і чакаць ад’езду дадому. Раней школа атрымала сродкі на рэалізацыю праекта „Як сапраўдныя журналісты”. Паўстаў тады рэдакцыйны калектыў, у які апрача настаўніцы Яўгеніі Навіцкай увайшлі вучні ўсіх класаў, з мэтай выдавання школьнай газеткі. Рыхтуецца ўжо шосты нумар часопіса і вучні, якія пішуць артыкулы, здабываюць вопыт патрэбны для журналісцкай працы. У каляровай і прыгожай газетцы змяшчаюць інфармацыі пра школьныя мерапрыемствы, размовы з цікавымі людзьмі і школьны гумар. Рэдакцыя газеткі атрымала вылучэнне і дыплом на ІІ Журналісцкім форуме, арганізаваным у Беластоку для вучняў 49 школ.

— Думка аб рыхтаванні праектаў і развіванні ў школе пазакласнай работы паявілася пасля сустрэч, арганізаваных у Беластоку Фондам развіцця лакальнай дэмакратыі. Паявілася там ідэя стварэння пры школах Цэнтраў лакальнай актывізацыі. Такі цэнтр паўстаў і пры нашай школе. На курсах арганізаваных фондам 6 нашых настаўнікаў навучыліся пісаць праекты і атрымалі адпаведныя дыпломы. Пасля мы супольна пачалі пісаць праекты і выступаць са школьнымі ініцыятывамі. Да нашай дзейнасці стараліся прыцягнуць бацькоў, — заяўляе дырэктар Комплексу школ у Чыжах Міраслаў Пяткевіч. — У пазакласнай працы ахвотна ўдзельнічае моладзь. Прывыкае яна да працы ў карысць асяроддзя і ўзбагачае веды аб сваіх мясцовасцях і наваколлі.

Некалькі гадоў таму, у рамках праекта „Традыцыя нам блізкая” меў адкрыцца ў старым будынку гміннай установы рэгіянальны музей. Аднак школа не атрымала сродкаў на рэалізацыю праекта і выступіла з яго часткай, звязанай з арганізацыяй „Куцці”, у Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь за грантамі. Першы год „Куцця” арганізавана была дзякуючы грантам, а зараз, як і іншае беларускае мерапрыемства „Масленіца”, ладзіцца школьнымі сіламі. У Чыжоўскай школе займаюцца таксама экалагічнай дзейнасцю. Нядаўна падрыхтавалі праект „На паратунак вадзе”, які прадбачвае рэалізацыю ў школе экалагічных інвестыцый. Звязаны будуць яны з ашчаднасцямі ў выкарыстанні вады. Вучні падрыхтавалі „Зялёную кнігу Чыжоўскай гміны” з інфармацыяй аб мясцовай прыродзе. На карце гміны прадстаўлены месцы цікавыя для турыстаў.

Мерапрыемствы для жыхароў гміны

У Комплексе школ у Чыжах арганізуюцца мерапрыемствы, на якія запрашаюцца жыхары гміны. Свае поспехі ў вучобе і пазакласнай дзейнасці вучні паказалі ў час Адкрытых дзён школы, якія закончыліся мастацкімі выступленнямі. У арганізацыі школьных мерапрыемстваў дапамагае вучнёўскі самаўрад, якім апякуецца Галіна Скепка. Некаторыя ініцыятывы выходзяць ад вучняў і яны самі іх рэалізуюць. Моладзь ладзіла пешаходны рэйд у наваколле Шастакова. Па дарозе вучні выконвалі задачы, а на месцы адпачынку арганізаваны былі спартыўныя спаборніцтвы і гульні. Вучнёўскі самаўрад праводзіў конкурсы на найлепшага настаўніка школы, найцікавейшы ўрок і арганізаваў у школе пошту для вучняў. З’яўляецца ён суарганізатарам ёлкі і школьных атрасінаў.

— Калі ў самаўрадзе ўзнікаюць ідэі пазакласнай дзейнасці або арганізавання мерапрыемстваў, то кансультуем іх з дырэктарам школы. Важна, каб мерапрыемствы не перашкаджалі ў вучобе, — заяўляе Эвеліна Пліс, якая два апошнія гады была старшынёй вучнёўскага самаўрада, а зараз з’яўляецца яго сакратаром. Добра развіваецца супрацоўніцтва школы з Гмінным асяродкам культуры ў Чыжах і яго кіраўніком Юрыем Якімюком, які дапамагае ў правядзенні некаторых урачыстасцей. Цікавіцца школьнымі справамі і прымае ўдзел у мерапрыемствах войт Юрый Васілюк.

Вучацца беларускай мове

Навучанне беларускай мове вядзецца з першага класа і амаль усе вучні ходзяць на гэтыя заняткі.

— У нашай школе спрыяльная атмасфера для навучання беларускай мовы. На сустрэчах з бацькамі класныя выхавацелі заахвочваюць, каб тыя пасылалі дзяцей на ўрокі беларускай мовы. Дзеткі прыходзяць на ўрокі ахвотна. Спачатку гуляем з вучнямі, гаворым скорагаворкі, вершыкі, спяваем песні і многа рысуем. Пасля вучні знаёмяцца з літарамі і пачынаюць чытаць, — інфармуе настаўніца беларускай мовы Валянціна Андрасюк, якая вядзе заняткі з малодшымі вучнямі. — Гаворым на ўроках аб беларускіх традыцыях і арганізуем конкурсы.

Школа забяспечана падручнікамі па беларускай мове, касетамі і фільмамі. Дзеткі любяць рыхтавацца да дэкламатарскіх конкурсаў. Першыя месцы ў раённым аглядзе Дэкламатарскага конкурсу „Роднае слова” занялі Эвеліна Артэмюк і Патрык Шацілоўскі, а вылучэнне атрымала Данеля Філіманюк. Малодшыя вучні наведалі Беларускі музей у Гайнаўцы, а старэйшая моладзь ездзіла ў музеі ў Студзіводах і Будах.

— Стараемся заахвочваць да вучобы беларускай мове арганізуючы заняткі з выкарыстаннем камп’ютэраў, гульняў у класе і на школьнай пляцоўцы. У старэйшых класах вучоба беларускай мове больш інтэнсіўная, бо многія нашы вучні ідуць пасля вучыцца ў беларускія ліцэі, — кажа Анна Лаеўская, якая вучыць беларускай мове ў старэйшых класах Падставовай школы і, разам з Верай Акачук, у Гімназіі.

Вучні з Чыжоўскай школы пісалі артыкулы ў „Зорку” і прымалі ўдзел у яе „Сустрэчах”. У аглядах тэатральных калектываў, арганізаваных у Кляшчэлях, занялі першае і другое месца.