Ніва № 7 (2440), 16 лютага 2003 г.

Сэрца Беларусі

Аляксей ДЗЯДАК

Вось, я доўга збіраўся да гэтага моманту, калі пачну пісаць аб гэтым для мяне, але і не толькі, найдаражэйшым горадзе. Канешне, бывае вельмі сумна, калі хтосьці выказваецца дрэнна пра месца, да якога ты „прырос” сэрцам. Канешне, аб праблемах трэба гаварыць. Але нават гаварыць, гэтага мала. Трэба дзейнічаць. Найгоршае тое, што часам людзі не заўважаюць добрага, таго, што з’яўляецца рухавіком чалавечага жыцця. Вось, для мяне, можа не на першым месцы, але ўсё ж такі важным, ёсць мая Радзіма ў Радзіме — Мінск.

Горад гэты адзін са старэйшых у Беларусі (найстарэйшы — Полацк). Першы раз успамінаецца ў 1067 годзе ў славутых „Повесці мінулых гадоў” і ў „Слове пра паход Ігаравы”. Гэта пад тагачасным Менскам на рацэ Няміга адбылася вельмі крывавая бітва паміж полацкімі і кіеўскімі дружынамі. Нават амаль сто гадоў пазней напісанае „Слова пра паход Ігаравы” кажа: „На Немиге снопы стелют головами, молотят цепями булатными, на току жизнь кладут, веют душу от тела, у Немиги кровавые берега не добром были посеяны — посеяны костьми русских сынов”. Канешне, Няміга нешчаслівае месца. У 1999 годзе ў пераходзе метро загінулі 53 асобы. Сёння на гэтым месцы два помнікі — адзін у форме маленькай каплічкі з крыжам, на якой напісаны прозвішчы ўсіх тых, што загінулі. Другі — у форме сходаў, на якіх уніз галоўкамі ляжаць кветкі (ружы сімвалізіруюць жанчын, цюльпаны — мужчычн). Усе гэтыя кветкі пераломаны. Яшчэ да нядаўняга часу на сценах гэтага перахода віселі вершы, здымкі. Сёння ўжо іх няма. Можа гэтая каплічка іх замяніла...

Вось, гэта толькі некалькі трагічных старонак сталічнага горада.

А сёння рака Няміга амаль не існуе — або высахла, або „заключана” ў трубу праходзіць пад вуліцай з той жа назваю. Шкада, што і вуліца не нагадвае ўжо тых старых часоў. Калісьці (яшчэ пасля вайны) існавала тут старадаўняя пабудова. На жаль, дзесьці пад канец 60-х, у пачатку 70-х гадоў яе разбурылі і пабудавалі шматпавярховы жылы дом з гандлёвым магазінам. Сёння, каб не „пуджаць” шматпавярхоўцамі ўначы падсвятляецца толькі гандлёвы дом (трэба сказаць, што робіць уражанне!), а „жылой сцяны” амаль не відаць. На шчасце засталася тут Петрапаўлаўская царква пачатку XVII стагоддзя (на здымку). Сёння яна дзейнічае (раней была падзелена і знаходзіўся тут архіў). Унутры можна ўбачыць фрагменты роспісу.

Па другім баку вуліцы цяпер вядуцца археалагічныя раскопкі. Тут знаходзілася, між іншым, пякарня. Шкада толькі, што на гэтым месцы ёсць праект пабудовы аўтастаянкі. Ёсць розныя погляды на гэтую тэму. Некаторыя кажуць, што старая вуліца Няміга сёння знаходзіцца пад жылым домам і магазінам, а на месцы, дзе хочуць будаваць паркінг былі гаспадарчыя пабудовы.

Непадалёку ад Петрапаўлаўскай царквы знаходзіцца Плошча 8 Сакавіка, месца старажытнага замчышча Менеск (Менск). Тут (за спартыўнай залай) абазначана месца, дзе знаходзяцца падмуркі царквы XII стагоддзя. А ёсць таксама версія, што яна ніколі не была выбудаванай да канца (пры даследаваннях не выяўлена верхніх частак сцен і даху). Трошкі далей знаходзіцца макет падмуркаў гэтай царквы. Апавядаць пра гэты горад можна яшчэ шмат.