Ніва № 7 (2440), 16 лютага 2003 г.

Мы не хочам супермаркета

Аляксей МАРОЗ

Каля 200 уласнікаў магазінаў, прадпрымальнікаў і працаўнікоў гандлёвай арганізацыі ПСС „Сполэм” з Гайнаўкі 31 студзеня пратэставалі ў магістраце супраць праекта будовы супермаркета ў цэнтры горада — паміж вуліцамі Баторыя і 11 Лістапада. 14 студзеня на аўкцыёне гектарны ўчастак зямлі купіла пад будову магазіна варшаўскае прадпрыемства. Раней купіла яно ад Дрэваапрацоўчага прадпрыемства „Фурнель” суседні ўчастак велічынёй 400 квадратных метраў. Продаж гарадскога ўчастка не замацавана яшчэ натарыяльным актам і гайнаўскія прадаўцы стараліся схіліць бурмістра Анатоля Ахрыцюка да адмены рашэння аб продажы.

Бурмістр з цяжкасцю прабіраўся праз натоўп людзей, якія сабраліся ў канферэнц-зале магістрата і на калідоры. Бурмістру спатрэбілася гукаўзмацняльная апаратура, каб усе маглі пачуць яго аргументацыю. Такой мабілізацыі гайнавян не было ад часу пратэсту супраць спробы пашырэння нацыянальнага парку на ўсю Белавежскую пушчу.

— У Польшчы не забараняецца будаваць магазіны плошчаю да 2 тысяч квадратных метраў, а на купленай тэрыторыі плануецца збудаваць супермаркет размерам 1 990 квадратных метраў. Дэталі будуць вырашацца перад падпісаннем натарыяльнага акту, — адказаў бурмістр. — У першую чаргу хацелі мы даць шанц гайнаўскім гандлярам і таму прадалі ўчастак ПСС „Сполэм”. Ужо на сёлетнія Каляды меў стаяць магазін, але гэтая інвестыцыя не здзейснілася.

Бурмістр пераконваў, што будова супермаркетаў у такіх гарадах як Гайнаўка — справа непазбежная і трэба з гэтым змірыцца. Паінфармаваў, што чарговы інвестар хоча таксама ў цэнтры горада будаваць вялікі магазін. Аднак улады горада не згаджаюцца на гэтую інвестыцыю.

— Калі ўзнікне вялікі супермаркет, працу страціць у Гайнаўцы 300 асоб, а прымуць у новы магазін 30 чалавек. Будуць гэта маладыя дзяўчаты, якім заплацяць па 500 злотых у месяц, бо старэйшых асоб не захочуць прымаць. А хто тады будзе прадаваць польскія прадукты? — пыталася пажылая жанчына са „Сполэм”. — Вы, бурмістр, прыцягніце ў горад прадпрымальніка, які адкрые прадпрыемства і створыць новыя месцы працы. Працаўнікі „Сполэм” у выбарах галасавалі на вас і чакаем, што будзеце нас бараніць.

Прысутныя абвінавацілі бурмістра ў тым, што аўкцыён праходзіў 14 студзеня, калі праваслаўныя жыхары горада святкавалі Новы год.

— Мы не хочам супермаркета, — пачалі крычаць уголас сабраныя і перабіваць выказванні бурмістра. — Прадстаўляецца нам перспектыва будовы супермаркета, калі магазіны ў горадзе не даюць прыбытку.

Старшыня ПСС „Сполэм” Мечыслава Багдановіч патлумачыла, што яе фірма не распачала будовы вялікага магазіна, бо цяжка было сабраць адпаведныя сродкі. Перашкодзіла таксама падрыхтоўка да перабудовы вуліцы Баторыя.

— Выканалі мы ўжо праект і збіраліся абвяшчаць аўкцыён на вылучэнне выканаўцы інвестыцыі, аднак не ведаем, што рабіць, бо мы не ў змозе змагацца з замежным капіталам, — сказала Мечыслава Багдановіч. — Магазін, гандлёвая плошча якога складзе каля 700 квадратных метраў, будзе каштаваць каля 1 мільёна долараў.

— У Гайнаўцы звыш 20 тысяч пакупнікоў, а многія ездзяць за пакупкамі па-за Гайнаўку, у Беласток. Заахвоцце іх, каб куплялі ў горадзе, — гаварыў бурмістр Анатоль Ахрыцюк. Абвінаваціў ён гайнаўскіх прадпрымальнікаў у тым, што дазваляюць прадпрыемствам з Бельска-Падляшскага адкрываць філіялы ў Гайнаўцы і развіваваць у горадзе дзейнасць.

Паводле прысутных, супермаркет стане прычынай звальненняў работнікаў у прадукцыйных прадпрыемствах, бо тавары ў новы магазін будуць завозіцца з вялікіх оптавых складоў. У выніку ў горадзе пабольшае беспрацоўе. Бурмістр пераконваў, што ў новым магазіне знойдуць працу многія гайнавяне. Атмасфера ў канферэнцыйнай зале рабілася штораз больш гарачай. Маючы на ўвазе патрабаванні прысутных бурмістр паабяцаў працаўнікам „Сполэм”: „Зраблю ўсё, каб не ўзніклі іншыя супермаркеты”.

Сабраныя дамовіліся аб стварэнні ў горадзе Гайнаўскага саюза купцоў і прадпрымальнікаў. Калі ў Бельску ўзнікне супермаркет або некалькі (вядзецца падрыхтоўка да гэтага), гайнавяне пачнуць ездзіць за таннейшымі прадуктамі ў суседні горад. Справу можа выратаваць маркет мясцовага ПСС „Сполэм”, калі прадукты будуць таннейшымі ад тых, якія прадаюцца ў магазінах сёння.