Ніва № 7 (2440), 16 лютага 2003 г.

Час раскіданых камянёў

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Апошнія дні студзеня ў знешнепалітычным жыцці Беларусі праявілі даволі цікавыя тэндэнцыі ва ўнутранай палітыцы дзяржавы. Як звычайна, адбылося гэта за межамі краіны. У даным выпадку ў Страсбургу на чарговай зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).

Па вялікаму рахунку ні прыгатаванні да яе, ні яе ход асаблівых сенсацый датычных Беларусі не выклікалі. Як і ў папярэднія разы ў пасяджэнні прымалі ўдзел дзве беларускія дэлегацыі — ад непрызнанай еўрапейцамі Палаты Прадстаўнікоў і ад апазіцыі. Толькі некаторыя члены абедзвюх дэлегацый прысутнічалі на такім форуме ўпершыню. Прычынай гэтага сталася абмеркаванне на пасяджэнні спецыяльнай камісіі ПАСЕ ў справах зніклых у Беларусі. Усё больш актыўна пошукамі сваіх родных — апазіцыйных палітыкаў і бізнесменаў зараз займаюцца іхнія жонкі.

Але асноўнае пытанне, якое ад сесіі да сесіі раз-пораз узнімаецца, гэта, вядома, прызнанне паўнамоцтваў беларускага парламента — Палаты Прадстаўнікоў. Члены гэтага органа ўлады дабіваюцца прызнання яго за сапраўдны парламент здаўна — аж з 1997 года, калі Беларусь была пазбаўлена статусу „спецыяльна запрошанага” ў выніку сумнавядомага рэферэндуму 1996 года, калі папярэдні парламент — Вярхоўны Савет — быў незаконна ліквідаваны прэзідэнцкай уладай. Прайшоўшыя ў 2000 годзе выбары ў Палату Прадстаўнікоў не надалі яму легітымнасці ў вачах Савета Еўропы з-за шматлікіх парушэнняў выбарчага заканадаўства і, як вынік, фальсіфікацый.

Беларускае пытанне было зноў у цэнтры ўвагі еўрапейскіх парламентарыяў, але непасрэдна аб аднаўленні статуса гаворкі не ішло. Размова ў асноўным кранала сітуацыі са свабодай слова. І як аказалася, ніякага прагрэсу з прайшоўшым перыядам не назіраецца. У выніку, зважаючы на абмежаванне волі траім беларускім журналістам, эканамічны ціск на незалежныя газеты і знікненне тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага, Беларусь апынулася ў шэрагах еўрапейскіх краін, дзе, як канстатуе Савет Еўропы, існуе гвалт над журналістамі — Арменія, Грузія, Македонія і Украіна. Дагэтуль не прадстаўлены ПАСЕ абяцаны міністрам інфармацыі праект новага закону аб СМІ, які быццам бы ўсё яшчэ знаходзіцца на разглядзе ў прэзідэнцкай адміністрацыі, хаця паказаць яго беларускі бок абавязаўся ў верасні мінулага года.

Што ж тычыцца нейкіх зрухаў у высвятленні абставін знікнення вядомых у Беларусі людзей, то тут таксама ні Савету Еўропы, ні тым больш беларускім праваахоўным органам ганарыцца няма чым. Створаная на папярэдняй сесіі ўзгаданая вышэй камісія на чале з расійскім праваабаронцам Сяргеем Кавалёвым пакуль сур’ёзных вынікаў працы не паказала. Дасланы Кавалёвым адмысловы запыт у следчыя органы ўжо на працягу трох месяцаў застаецца без адказу. Размова з прыбыўшым на сесію былым старшынёй следчага камітэта беларускага міністэрства ўнутраных спраў Л. Глухоўскім паказала, што ўлады не асабліва імкнуцца надаць празрыстасць расследаванню нібыта з-за таямніцы следства, а Палата не можа асабліва шчыраваць у гэтай справе, бо не мае адпаведнай заканадаўчай базы. Цікава, што былы вышэйшы міліцэйскі чыноўнік прапанаваў старшыні камісіі скласці спіс тых асоб, якіх на думку Кавалёва варта апытаць.

Прыбыўшыя ў Страсбург жонкі зніклых вялі сябе больш актыўна. Так, Ірына Красоўская прапанавала Сяргею Кавалёву, які адначасова ёсць дэпутатам расійскай Думы, звярнуцца ў расійскія спецслужбы, каб ад іх атрымаць тую інфармацыю аб пошуках, якую ён ніяк не можа дастаць ад праваахоўных органаў Беларусі.

Актыўная прысутнасць Красоўскай аказалася не даспадобы беларускай афіцыйнай дэлегацыі. На адмысловае запрашэнне членаў Ліберальнай групы ПАСЕ ў рэстаран, што ішло ад кіраўніка дэлегацыі Ул. Канаплёва, еўрапейскія парламентарыі запрасілі і Красоўскую. Па сведчаннях працаваўшых у Страсбургу журналістаў, яе з’яўленне выклікала скандал з боку беларускіх „слуг народа” — яны сказалі, што пойдуць прэч калі гэтая няшчасная, страціўшая мужа жанчына застанецца і будзе прысутнічаць пры размове. Красоўская, зразумела, пайшла, але такое стаўленне да сваіх грамадзян з боку дэпутаў Палаты не засталося незаўважаным, бо выявіла пагарду маючых уладу чыноўнікаў да свайго народа. Наўрад ці такія паводзіны „парламентарыяў” сведчаць аб дэмакратыі ў Беларусі, тым больш аб агульным зацікаўленні высветліць лёс зніклых.

У той жа час і ў шэрагах апазіцыі знікае пачуццё еднасці інтарэсаў — запрошаны, але не прыехаўшы на пасяджэнне ПАСЕ ад апазіцыі Уладзімір Нісцюк даслаў ліст, што прысутныя там дэмакраты не могуць прадстаўляць усю апазіцыю — хіба толькі свае партыі ці ўвогуле толькі свае асобы. Бо Кансультатыўная Рада апазіцыйных палітычных партый, якая была чымсьці накшталт органа аб’яднанай апазіцыі, зараз страціла двух членаў — БНФ і Партыю камуністаў. Пасяджэнні гэтай самай Рады даўно не адбываліся і склад дэлегацыі на сесію ПАСЕ не вызначаўся.

Такім чынам можна канстатаваць, што як беларускае грамадства, так і беларуская апазіцыя знаходзяцца цяпер у стане моцнага расколу, калі гэта праяўляецца аж „за трыдзевяць зямель”. Таму час „збіраць камяні”, пра які яшчэ летась у верасні абвесціў А. Лукашэнка, „каб пабудаваць нашу Беларусь”, яшчэ не надышоў.