Ніва № 7 (2440), 16 лютага 2003 г.

Польскія пагранічнікі ў Мінску

Віталь ЛУБА

У днях 30-31 студзеня ў сталіцы Беларусі з рабочым візітам пабывала дэлегацыя Гранічнай стражы, якую ўзначальваў яе галоўны камендант генерал брыгады Юзэф Клімовіч. У ходзе перагавораў з прадстаўнікамі беларускіх пагранічнікаў, якіх узначальваў старшыня Дзяржаўнага камітэта пагранічных войск генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлоўскі, бакі абмеркавалі стан спраў на сумесным участку граніцы і намецілі планы супрацоўніцтва на 2003 год.

Генерал Аляксандр Паўлоўскі адзначыў, што на сённяшні дзень нявырашаных праблем паміж пагранічнікамі абедзвюх краін няма і таму падачс перамоў абмяркоўваліся перш за ўсё пытанні ўзаемадзеяння і планы на будучыню. Кіраўнік польскай дэлегацыі генерал Юзэф Клімовіч таксама станоўча ацаніў стан спраў на польска-беларускай граніцы. Паводле яго, найбольш красамоўным доказам паспяховага ўзаемадзеяння пагранічынх служб з’яўляецца адток нелегальных мігрантаў на іншыя ўчасткі мяжы. Шэф польскіх пагранічнікаў адзначыў, што эфектыўнасць дзеянняў беларускіх пагранічнікаў прывяла да таго, што цяпер шляхі для здзяйснення сваіх намераў нелегалы шукаюць ужо на польска-ўкраінскіх рубяжах. Станоўчую ацэнку польскага госця заўважыла прэзідэнцкая газета „Советская Белоруссия”, якая інфармацыю аб пабыўцы польскай дэлегацыі надрукавала пад загалоўкам „Пан Климович доволен. Мы тоже”.

У мінулым годзе польская-беларускую граніцу перасяклі больш за 10 мільёнаў чалавек і 3 мільёны адзінак аўтатранспарту. Беларускія пагранічнікі затрымалі каля 500 парушальнікаў граніцы і матэрыяльныя каштоўнасці вартыя 630 тысяч долараў.

У сувзі з планаваным увядзеннем Польшчай поўнамаштабнага візавага рэжыму ген. Клімовіч запэўніў, што і пасля 1 чэрвеня г.г. польскія пагранічнікі будуць старацца, каб у перасякаючых мяжу звычайных грамадзян было як мага найменш праблем на граніцы.

Польская дэлегацыя азнаёмілася таксама з працай беларускіх пагранічнікаў у Нацыянальным аэрапорце Мінск і пабывала на факультэце пагранічных войск Ваеннай акадэміі Беларусі.

Рабочая сустрэча кіраўнікоў пагранічных ведамстваў Польшчы і Беларусі закончылася падпісаннем выніковага камюніке.