Ніва № 7 (2440), 16 лютага 2003 г.

Змаганне варшаўскіх сялян

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад некалькіх тыдняў не спыняецца дыскусія наконт кампенсацыі з боку Еўрасаюза для сялян Польшчы. Прадметам дыскусіі аднак не з’яўляецца сума грошай, а толькі спосаб яе падзелу. Варшаўскія сяляне з ПСЛ, Самаабароны і пару нацыянальных груповак дамагаюцца заплаты кожнаму, хто мае зямлю. Еўрасаюзныя чыноўнікі хацелі б часткова плаціць такім метадам, але ў асноўным даваць грошы тым, якія даюць прадукцыю. Прэм’ер-міністр Лешэк Мілер і большасць яго палітычнага лагера ад СЛД быццам схільны прыняць еўрасаюзныя прапановы. Тым часам справа выклікае так вялікія эмоцыі, што варшаўскія сяляне нават пагражаюць выхадам з урадавай кааліцыі.

Звычайны грамадзянін няшмат разумее з гэтага вялікага інфармацыйнага шуму. СЛД, партыйная эліта якога мае свае інтарэсы ў банках, вялікіх страхавых фірмах, радыёвяшчанні і тэлебачанні, манапалістычных прадпрыемствах, як тэлекамунікацыя ці нафтавы канцэрн „Орлен” не хоча перш за ўсё ўскладняць адносін з Еўрасаюзам, а справа падзелу еўрасаюзных грошай з’яўляецца для іх другараднай. ПСЛ прадстаўляе інтарэсы варшаўскага сялянства, якое апошнімі гадамі набывала зямлю ў паўночных і ўсходніх ваяводствах. Некаторыя сталі ўласнікамі соцень і тысяч гектараў са спадзяваннем на еўрасаюзныя датацыі. Большасць свае зямлі ніколі не бачыла і бачыць не хоча. Для іх найважнейшай справай становіцца спосаб дзялення гэтых грошай. Датацыя да сельгаспрадукцыі абазначала б, што ўся стратэгія і інвестыцыі накіраваныя на атрыманне еўрасаюзных грошай былі б памылковымі.

З другога боку датацыя да прадукцыі была б падтрымкай для тых, якія сапраўды займаюцца сельскай гаспадаркай, для фермераў, якія пастаўляюць свае вырабы на рынак. Фінансавыя сродкі сяляне найчасцей выкарыстоўваюць на інвестыцыі, што ў канцы канцоў вядзе да павелічэння колькасці тавараў і зніжэння іх цэн. Так доўгімі дзесяцігоддзямі падтрымлівалася заходнееўрапейская сельская гаспадарка. Там аднак вытворцы харчовых прадуктаў разам з сем’ямі складаюць у сярэднім 5 працэнтаў насельніцтва. У нас адсотак гэты перавышае 35 працэнтаў. Датацыя да зямлі гэта фінансаванне скансэна. Ведаючы традыцыю і так большасць гэтых грошай трапіць у вясковыя крамы. Лепшую кан’юнктуру могуць мець толькі спіртзаводы і бровары.

Большасць уласнікаў зямлі, якая ляжыць вакол маёй вёскі Алексічы, што ў Заблудаўскай гміне, пражывае ў Беластоку. Яны такія ж землеўладальнікі, як і ніжэйпадпісаны. Маёй зямлі ад 15 гадоў ніхто не араў і нічога на ёй не сеяў. Выраслі на ёй бярозкі і іншыя прыгожыя кусты. Летам бываюць грыбы. Калі б мне плацілі датацыю да маіх чатырох гектараў, тады з эканамічнага пункту гледжання гэтыя грошы былі б змарнаваныя. Таму, што ні я, ні падобныя мне сяляне і так не будуць сеяць пшаніцы паміж кустамі. Найгоршае, што ў маёй, і ў суседніх вёсках увогуле няма сялян, якія маглі б раўняць да еўрапейскіх стандартаў. Большасць жыхароў купляе хлеб і мяса ў крамах за пенсійныя сродкі.

Калі б прынялі да рэалізацыі еўрасаюзны праект падзелу датацыі, можа атрымацца так, што грошай, за якія так заядла змагаліся палітыкі, няма каму раздаць. Тым часам у краіне падрыхтавана толькі палітычная інфраструктура для прыёму еўрасаюзных грошай. Непасрэдная датацыя будзе перамогай палітычнай алігархіі, выступаючай ад імя сялянства. Кароткатэрмінова скарыстаюць таксама сяляне, але напэўна прайграе гаспадарка і ўслед за гэтым пераважная большасць грамадзян краіны.