Ніва № 7 (2440), 16 лютага 2003 г.

Зацікаўленне традыцыяй і спадчынай

Аляксей МАРОЗ

У раённых элімінацыях ІХ выпуску Алімпіяды беларускай мовы, якія 15 студзеня адбыліся ў Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім, прынялі ўдзел 39 ліцэістаў. Тэмы пісьмовых і вусных прац звязаны былі з фальклорам.

— Многа месца адвялі мы ў гэтым годзе фальклору па прычыне 105 угодкаў з дня выдання кнігі Міхала Федароўскага „Люд беларускі”. Была гэта вялікая гістарычная падзея, паколькі ў кнізе змешчаны паданні, песні і казкі запісаныя на Бельшчыне, Сакольшчыне, Гродзеншчыне і Ваўкавыскай зямлі, — заявіў старшыня конкурснай камісіі, прафесар Аляксандр Баршчэўскі.

У час алімпіяды вучням прапанавалася пісаць працы па беларускай народнай абраднасці, звязанай з хрысцінамі, вяселлем або хаўтурамі, ці аналізаваць уплыў фальклору на беларускую мастацкую літаратуру. Многія, аднак, рашыліся пісаць пра беларускі каляндарны абрад, характэрны сваёй мясцовасці або сям’і. Дадатковае пытанне тычылася граматыкі. Ліцэісты ўстаўлялі прапушчаныя літары і дапісвалі суфіксы і канчаткі. Тэмы вусных адказаў тычыліся фальклору, сямейнага жыцця, школы, роднай мясцовасці і наваколля, а перш за ўсё беларускай літаратуры ад часоў Вялікага княства Літоўскага да сучаснасці. Былі таксама пытанні пра эміграцыйную літаратуру і „белавежцаў”. Прафесар Аляксандр Баршчэўскі ў артыкуле „Беларускае пісьменства Усходняй Беласточчыны”, змешчаным у даведніку прымеркаваным да алімпіяды, пісаў пра даследаванне беларускага фальклору на Беласточчыне, беларускую публіцыстыку і літаратурную творчасць. Вучні маглі выкарыстоўваць гэты матэрыял у час падрыхтоўкі да алімпіяды.

— Вучні добра падрыхтаваліся да пісьмовых прац. З кожным годам лепш гавораць на беларускай літаратурнай мове. Вучні найахвотней пісалі пра мясцовую традыцыю. Заўважаецца сур’ёзнае зацікаўленне сваёй спадчынай. Пра сваю мясцовасць вучні не даведаюцца са сродкаў масавай інфармацыі або кніжак, але мусяць пытаць старэйшых людзей, — паінфармаваў член конкурснай камісіі Васіль Сакоўскі.

Сёлета сярод удзельнікаў раённых элімінацый было ажно 29 гайнаўскіх белліцэістаў і 10 вучняў з Бельскага белліцэя. Першае месца занялі Наталля Зофія Лемеш і Барбара Харкевіч з Гайнаўскага белліцэя, якія набралі па 95 (на 100 магчымых) балаў. Другое месца заняла Ева Кот з Гайнаўскага белліцэя (94 балы), а трэцяе Аліна Асташэвіч з Бельскага белліцэя (93). Разам на цэнтральныя элімінацыі перайшлі 18 вучняў з Гайнаўскага і 6 — з Бельскага белліцэяў.

— Цешыць вялікае зацікаўленне Алімпіядай беларускай мовы, бо алімпіяды, да якіх прыступае мала асоб, ліквідуюцца. У гэтым годзе мы звярнуліся да 20 вышэйшых навучальных устаноў з пытаннем, ці прымуць лаўрэатаў і фіналістаў цэнтральнага этапу Алімпіяды беларускай мовы. Большасць вучэльняў адказала станоўча, — паведаміў прафесар Аляксандр Баршчэўскі.