Ніва № 6 (2439), 9 лютага 2003 г.

Праваслаўны Сільвестар у „Белай ружы”

Міхал МІНЦЭВІЧ

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Новы год паводле юліянскага календара, 14 студзеня. Пра гэта ведаюць усе, аднак з году ў год марнее гэтая традыцыя, асабліва ў малых мясцовасцях. У Гайнаўцы гэтую традыцыю падтрымлівае мясцовы прадпрымальнік Зіновій Галёнка...

У рэстаране „Белая ружа” каля трыццаці пар танцавала пад электронную і акардэонную музыку; гуляў таксама працоўны калектыў рэстарана. Паміж танцамі гасцей развесяляў кабарэ „Відэлец” з Беластока. У прыўзнятай атмасферы таго дня ў зале адчувалася свойскі, урачысты настрой. Арганізатары паклапаціліся і пра традыцыйную беларускую кухню.

Харчаваліся вяндлінамі, нарыхтаванымі паводле даўніх вясковых рэцэптаў. Кулінарным гітам быў г.зв. вэк — банка са свінымі галёнкай, кумпяком і паляндвіцай, запечанымі ў вясковай хлебнай печы спрактыкаванай гаспадыняй Марыяй Петручук з Чыжыкаў. Такі вэк апынуўся на кожным стале і смакаваў так, што нічога з яго не асталося!

Да поўначы гасцей наведаў Дзед Мароз, які падарыў кожнай жанчыне шакаладку і цукеркі, а мужчынам піратэхнічныя матэрыялы для феерверкаў. Апоўначы, на прывітанне Новага года, апрача шампанскага, на пляцы перад „Белай ружай” узвілася імпазантная светлавая ракета і прагрымела петарда. Успышкі было відаць і з напрамку „Леснічанкі”, дзе таксама сустракалі Новы год.

У „Белай ружы” ад імя гаспадара і працоўнага калектыву рэстарана гасцей з Новым годам віншаваў аркестр.

* * *

У наступны дзень спытаў я гаспадара рэстарана Зіновія Галёнку пра яго рэфлексіі на тэму традыцыі праваслаўнага Сільвестра ў наваколлі Гайнаўкі.

— Я заўважыў, што бальныя касцюмы дам былі шыкарнейшыя, чым раней; значыць кампанія вельмі сур’ёзна паставілася да строяў. Модныя прычоскі, беларуская музыка і свае закускі спарадзілі вельмі сімпатычны настрой. Складвалася ўражанне, што гуляе адна зладжаная, дружная сям’я, інакш, чым у час змешанага навагодняга балю.

* * *

Згодна традыцыі, якую прадаўжаюць праваслаўныя вернікі, ноч з 13 на 14 студзеня была парой бестурботных гульняў моладзі, а гаспадарам — парой напружанай увагі. Трэба было добра забяспечыць форткі і вароты, якія гарэзнікі намагаліся памяняць, вынесці або схаваць. Найбольш дакучалі скупым гаспадарам і сварлівым жанчынам; ім, для прыкладу, апырсквалі фарбай вокны.

У гэты адзіны і непаўторны вечар, які называюць таксама шчодрым, багатым і гагатухай, жарты абыходзіліся бяскарна і ніхто на нікога не крыўдзіўся. Сёння людзі ўсё часцей забываюць гэтыя і іншыя вясёлыя звычаі.