Ніва № 6 (2439), 9 лютага 2003 г.

Край-рай

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Аўторак, 28 студзеня. Дабіраюся з Саколкі ў Беласток, выбіраю поезд. Падыходжу да тамашняга вакзала — сярод белага дня на вакзальным будынку зіхацяць ліхтары. Заходжу ўсярэдзіну — на сценах прызнанні і рэфлексіі тамашняй моладзі, нашай будучыні. У касе малады мужчына купляе білет; едзе недзе „ў Польшчу” — у Варшаве будзе мець 18 мінут запасу для перасадкі ў іншы поезд. Поезд, з Сувалкаў у Беласток пасажырскі, ад Беластока ў Варшаву скоры, прыязджае ў Саколку і ад’язджае адтуль пунктуальна, у 13.23; у Беластоку мае быць у 13.55. Едзем, значыць не толькі я ў Беласток, але і іншыя пасажыры хто-куды: колькі іх і з якім запасам часу ды на які транспарт будзе перасядаць у Варшаве ці на нейкай іншай станцыі — не ведаю. На прыпынку ў Васількаве поезд прастойвае паўгадзіны; з такім спазненнем прыязджае і ў Беласток. У Васількаве ён стаяў і чакаў, аж з’едзе ад Беластока — мабыць спознены — поезд з Варшавы ў Сувалкі, каб з ім мінуцца. На праезд між Васількавам і Беластокам поезд патрабуе пяць мінут і ён з вялікім запасам успеў бы прыехаць на размінанне ў Беласток, пунктуальна. Нейкі чыгуначны дыспетчар вырашыў аднак спазніць яго, на паўгадзіны. І ўжо той мой папярэднік з-пад білетнай касы не ўспее ў Варшаве на перасадку. Калі ён меў куплены чыгуначны білет, яму мо чыгунка верне нейкія грошы за яго. А за іншыя ягоныя страты? Але пасажыраў ехала больш; мо каторыя з іх мелі білеты на, напрыклад, самалёт. І не ўспелі, бо мо да Варшавы чарговыя дыспетчары нагналі поезду яшчэ большае спазненне. І хто б цяпер расплачваўся за іх страту, за прыкладны авіябілет? Сумняваюся амаль з упэўненасцю, што зрабіла б гэта наша чыгунка. І напэўна ніхто не адлічыў бы тае страты халатнаму нашаму дыспетчару, але магу з упэўненасцю меркаваць, што пры нагодзе нейкага свята нейкі іншы дабрадзей гаварыў бы пра яго працоўную ахвярнасць і грамадскую добрасумленнасць.

Чытаю ўспамін пра аднаго чыноўніка, што ён вельмі заслужаны, бо рашуча прычыніўся да пабудовы розных збудаванняў і там-сям назойліва хацеў памагаць. Але ж, з другога боку, ведаю, што тае дапамогі людзі не патрабавалі, а з тымі ягонымі збудаваннямі сёння невядома што зрабіць; мо найлепш было б, каб яны зусім праваліліся... Герку, які за чужыя грошы ўзваліў на краіну такі цяжар, якога яна не змагла вытрымаць, і невядома, што цяпер з усім тым рабіць, сёння дзе-хто прапануе стаўляць помнікі.

Тут, у Беластоку, праславіўся быў адзін дырэктар мясцовай касы хворых, якога паліцыя запыніла за кіраванне самаходам у п’яным відзе; з пункту гледжання сённяшняга нашага заканадаўства гэта злачынства. Але ж перад законам ён аказаўся законна невіноўным, бо алкамер, якім карысталася паліцыя, не меў атэстацыі. І я зноў упэўнены, што за куплю паліцыі ліпавых прыладаў і за патрачаны за імі час паліцыянтаў з ніводнага начальніка не спагналі ні граша. І таксама магу спадзявацца, што той чын атрымаў яшчэ за тое новаўвядзенне нейкую начальніцкую прэмію...

Калі выбіралі згаданага беластоцкага дырэктара на пасаду, чыноўнікі ў тутэйшай касе хворых не маглі далічыцца, колькі дакладна кандыдатаў балаціруецца. Але з новым дырэктарам рашылі яны папоўніць адукацыю. І сталі штудзіраваць... А за чые грошы? Вядома, што не за свае.

Зайшла гаворка пра платную адукацыю. Прыватныя вучэльні вабяць да сябе атэстатамі, адсутнасцю ўступных экзаменаў і наяўнасцю карыфеяў навукі. Адзін такі карыфей, які ў іншым увасабленні з’яўляецца старшынёй парламенцкага клуба адной з найбольш вядомых партый, прывабліваў сваім прозвішчам і званнем у амаль дзесяць платных вучэльняў. А ў сапраўднасці заняткі вядуць там людзі без высокіх званняў. Бывае, што нейкая такая маладая, несхітраная яшчэ, асоба паставіцца да тых студэнтаў паводле іх заслуг і адмоўна ацэніць іх веды. Тады такую асобу кліча (ды)рэктар і нагадвае, што студэнты плацяць грошы і іх трэба ацэньваць станоўча. Раней усялякія атэстаты можна было нелегальна купіць у гандляроў на базары. Сёння такія дзялкі перайшлі ў кабінеты з сакратаркамі, камп’ютэрамі і легальнымі банкаўскімі рахункамі. І далей абменьваюць ліпавыя атэстатныя паперы на сапраўдныя нацбанкаўскія.

Ці варта далей пералічваць падобныя з’явы гульняў за чужыя грошы? Всей водки не перепьёшь — гавораць у Расіі. А ў нас — як за караля Саса: гуляй душа, пекла няма!

Пару гадоў назад адзін мой знаёмы прыслаў мне заклік стварыць новую, сваю, партыю, якая змагалася б за ўсё станоўчае. Я нават не адгукнуўся яму: бо ці ж існуе ў нас каторая партыя, якая змагалася б за адмоўнае?