Ніва № 6 (2439), 9 лютага 2003 г.

Разнароднасць па-падляшску

Зося ЛЕМЕШ

Каляды гэта прыемны час. Бывала, паедзем да бабулі-дзядулі , а там каляднікі, гвязды, снег і спеў! Бывала, і было, бо ўжо так няма. Зараз святкуем у горадзе. Каляднікі, праўда, і тут ёсць, але крыху іншыя, на жаль. Першае, што іх адрознівае, гэта рэпертуар. Здаецца, ведаюць яны толькі адну калядку. Прызнаюся, што і мая прабабуля як першую спявала мне „Рожджэство Хрыстово”, але ці гэта абазначае, што ўсе і паўсюль маюць спяваць толькі тое?! А дзе арыгінальнасць?

У Гайнаўцы арыгінальнасць знайсці можна было на аглядах калядак, якія праходзілі 14, 19 і 26 студзеня ў Доме культуры. Былі гэта „Гайнаўскія...”, а пасля „Павятовыя...” і „Ваяводскія сустрэчы калядных калектываў”. Як ужо на самым пачатку заяўлялі арганізатары, сустрэчы мелі паказаць перад усім „культурнае багацце і разнароднасць Падляшша”. З разнароднасцю на першых этапах аглядаў было даволі цяжка, бо, што крыху ўразіла, выступіў толькі адзін польскі, каталіцкі калектыў — дзеці са схолі „Пэрэлкі”. Ніхто не казаў, што „Гайнаўскія сустрэчы” гэта праваслаўнае мерапрыемства, але такое магло скласціся ўражанне гледзячы на тое, што прысутнічала на ім некалькі дзесяткаў праваслаўных святароў, а нават сам мітрапаліт Сава. Тым часам на ваяводскім аглядзе менш было ўжо святароў, але затое разнароднасць была большая. Выступалі ўсе — ад дзяцей да старэчаў, ад нашых славутых „Арэшкаў” з Арэшкава, праз фальклорны калектыў з „культурнага памежжа польска-чарнарускага” (размаўляюць як мы, а спяваюць па-польску), да групы ў гуральскіх строях. Адкуль на Падляшшы гуралі, таго і не ведаю, і ведаць не хачу. Хопіць, што сведчаць яны пра „культурную разнароднасць нашага рэгіёна”.

Астаецца яшчэ справа мовы, на якой вяліся мерапрыемствы. Так атрымалася, што гэта мы з Паўлам Валкавыцкім паведамлялі слухачам хто будзе выступаць і што праспявае. Прызнаюся, што падыход арганізатараў да мовы, на якой мелі весціся канцэрты, здзівіў мяне. Была я ўпэўнена, што калі адным з арганізатараў з’яўляецца БГКТ, а да ролі канферансье бяруць вучняў белліцэя, чакаюць ад іх ведання беларускай мовы. Што ж. Першы агляд прыйшлося павесці крыху па-польску, крыху па-свойму, крыху па-беларуску. То табе не белліцэй, Зося, тут не мусіш размаўляць па-беларуску. Будзеш доказам на разнароднасць!

Чалавек, якога перад чарговым аглядам я спытала: „Ці па-польску, па-свойму, па-беларуску?”, з недаўменнем адказаў: „Ясная справа, што па-польску!” Каляднікі спяваюць па-свойму, па-беларуску, па-ўкраінску, па-руску, дык няхай прынамсі канферансье карыстаецца польскай мовай. Роўна і справядліва. І, што важнае — разнародна.

Мяне захапляе разнароднасць, багацце. Але тое, што да мяне сапраўды прамаўляе, гэта МАЁ. Мая традыцыя. Мая мова. Нават „Ажэшкі” з роднай вёскі майго дзядулі. І перад усім маё добрае, старое, памятанае яшчэ з дзяцінства „Рожджэство Хрыстово”.