Ніва № 6 (2439), 9 лютага 2003 г.

Планета малпаў

Яўген МІРАНОВІЧ

Слухаючы 22 студзеня сеймавае выступленне міністра замежных спраў Владзімежа Цімашэвіча, а пасля дыскусію на тэму замежнай палітыкі Польшчы з удзелам паслоў Саюза левых дэмакратаў, Грамадзянскай платформы, Права і справядлівасці мелася ўражанне, што Ірак пагражае бяспецы Польшчы. Польскія палітыкі адным хорам заяўляюць, што хочуць ісці на вайну з азіяцкай краінай, з якой Польшча не мае ніякіх дачыненняў і ніякіх канфліктаў. Яраслаў Качынскі, які марыць аб кіраванні краінай, адкрыта гаварыў: „Ta wojna jest nasza wojna i powinnismy dopuszczac nawet drastyczne srodki, aby wygrac te wojne”. Пару дзесяткаў гадоў таму вялікі канцлер Рэйха пачынаючы вайну з Польшчай гаварыў сваім генералам: „Дапускаюцца ўсе сродкі, каб выйграць вайну. Не майце літасці. Пераможцаў ніхто судзіць не будзе”.

Чытаючы і слухаючы найважнейшых палітыкаў ды публіцыстаў у краіне, задумоўваюся ці ў палітыцы і прапагандзе бываюць якія-небудзь межы подласці. Практыка апошніх гадоў, а асабліва агрэсіі НАТА на Югаславію ў 2000 г., паказвае, што можна напасці на любую краіну, зраўняць з зямлёю некалькі гарадоў і аб’явіць свету, што ўсё гэта было неабходным дзеля сусветнай бяспекі, дэмакратыі і чалавечых правоў. Найбольш прыгнятала прапаганда. Ад прэзідэнта да закамплексаванага правінцыйнага журналіста ўсе паўтаралі пра гуманітарны аспект гэтай вайны і выказвалі сваё захапленне ад поспехаў амерыканскай авіяцыі ў разбурэнні невялікай еўрапейскай краіны.

26 студзеня гэтага года раніцай радыё паінфармавала, што ўначы ізраільскія танкі занялі палесцінскае мястэчка, салдаты забілі 12 чалавек, 18 палесцінцаў у безнадзейным стане, а 50 атрымалі цяжкія раненні. Яўрэйскае войска разбурыла пару дзесяткаў дамоў і раніцай вярнулася ў свае гарнізоны. У дэмакратычных краінах свету не было ніякіх пратэстаў. Усё адбылося як у фільме Планета малпаў, дзе малпы, дамінуючы гатунак у свеце, час ад часу арганізавалі карныя экспедыцыі супраць людзей у рэзервацыях.

Няшчасце Ірака заключаецца ў тым, што распараджаецца найбольшымі залежамі нафты ў свеце. Амерыканская гаспадарка, якая пахіснулася ў выніку шаленчай атакі пару мусульманскіх тэрарыстаў, патрабуе таннай сыравіны. Ахвярай, якая мае заплаціць за амерыканскі крызіс, прэзідэнт Буш прызначыў Ірак. І ніхто не стрымае амерыканцаў ад агрэсіі на гэтую краіну. Амерыка не мае сёння супрацьвагі ў свеце, толькі пару дзесяткаў васалаў. Ёсць краіны, як Нямеччына ці Францыя, якія прабуюць гаварыць сваім голасам, але іх мілітарны патэнцыял нічога не вырашае ў сучасным свеце. Расіі пагражаюць новыя ўнутраныя канфлікты, а стан гаспадаркі, карумпаваныя эліты і знішчанае бальшавізмам грамадства вывелі гэту краіну на перыферыі вялікай палітыкі. Ірак фармальна з’яўляецца саюзнікам Расіі, як была ім Югаславія, але тое, чаго можа Гусейн чакаць ад Масквы, гэта толькі жэст занепакоенасці амерыканскай палітыкай.

Амерыканцы, рыхтуючыся да вайны, правялі таксама спецыяльныя курсы для журналістаў, якіх вызначылі для інфармацыйнага абслугоўвання ваеннай аперацыі. Узнікае новае разуменне свабоды слова. Вайну будуць паказваць толькі выбраныя журналісты, якіх раней правучылі як гэта рабіць. Таму неўзабаве праўдападобна пабачым, як падымаюцца ўверх бліскучыя крылатыя самалёты, а пасля вяртання з палёту маладыя хлопцы ў форме будуць усміхацца перад камерамі і, мабыць, гаварыць пра сваё змаганне за свабоду іракскага народа. Забітых, гэтымі задаволенымі з сябе хлопцамі, людзей напэўна не пакажуць. Хаця амерыканская армія не запрасіла на ўспомненыя курсы зорку польскай журналістыкі Вальдэмара Мілевіча, але яго рэпартажы па тэлебачанні не будуць наводзіць ніякіх сумненняў. Дакажа ён, што бомбы, якія зраўняюць з зямлёю Багдад, нясуць свету, у тым ліку і Польшчы, мір, дабрабыт і бяспеку.

Bomby spadajace na Belgrad, — гаварыў прэзідэнцкі міністр Марэк Сівец у маі 2000 г., — to sa bomby niosace pokoj.