Ніва № 6 (2439), 9 лютага 2003 г.

Больш і менш традыцыйнае калядаванне

Аляксей МАРОЗ

У ХХІV Павятовых сустрэчах калядных калектываў, якія 19 студзеня 2003 года арганізавалі Гайнаўскі дом культуры і Гайнаўскі аддзел БГКТ, прынялі ўдзел 23 калектывы — разам каля 400 удзельнікаў. Большасць каляднікаў паказалі высокі ўзровень спеву.

Мерапрыемства адкрыў новаабраны дырэктар ГДК Андрэй Скепка і раней выконваючая абавязкі дырэктара Ядвіга Кучкін. Сярод выступаючых былі пераможцы Гайнаўскіх спатканняў з праваслаўнай калядкай, вясковыя калектывы з Гайнаўшчыны і дзіцячы калектыў „Perelki” касцёла Уздзвіжання Святога Крыжа ў Гайнаўцы.

— Звяртаем увагу на традыцыйныя формы калядавання і чыстае выкананне твораў. Новыя формы з дапамогай музыкі не падыходзяць да нашага агляду, — заявіў старшыня камісіі Сцяпан Копа з Ваяводскага асяродка анімацыі культуры.

Традыцыйнае калядаванне і вельмі прыгожы чысты спеў прэзентавалі жанчыны з вясковых калектываў „Арэшкі” з Арэшкава і „Вульчанкі” з Вулькі-Тэрахоўскай. Выступілі яны ў вясковых зімовых вопратках і цёплых хустках. Выгляд заўважыла конкурсная камісія, высылаючы іх на ХХІІ Ваяводскія спатканні калядных калектываў. Сярод вясковых выканаўцаў добра прэзентаваліся спевакі з Курашава, якія выступілі ў двух калектывах. Старэйшыя жанчыны прыгожа і натуральна спявалі як калектыў „Незабудкі”, а асобна выступілі члены музыкальнай сям’і Несцерукоў. Добра прэзентаваліся таксама калектывы „Чыжавяне”, „Збучанкі”, „Нараўчанкі” і „Цаглінкі”.

— Найбольшую ўвагу звярталі мы на сувязі калядуючых з традыцыяй, бо гэтага патрабаваў рэгламент конкурсу. Аднак, не ўсе каляднікі вярталіся рэпертуарам і вопраткай у мінулае. Некаторыя спявалі калядкі так, як спяваецца іх у цэрквах або прэзентавалі сучасныя апрацоўкі, але гэта таксама вартаснае і цікавае калядаванне, — сказала Анна Баран, член конкурснай камісіі. — Узровень выканання калядак быў вельмі высокі і таму рашыліся мы вылучыць на ваяводскі агляд больш калектываў чым прадбачвае рэгламент конкурсу. Усе адабраныя каляднікі паказалі вельмі прыгожы спеў.

На ХХІІ Ваяводскія спатканні калядных калектываў былі кваліфікаваны калектыў „Рамонка” з Ласінкі, які паказаў чысты і прыгожы спеў, каляднікі з Гайнаўскай белгімназіі, якія патрапілі стварыць святочную атмасферу на сцэне, вучні з Комплексу агульнаадукацыйных школ з Гайнаўкі, дзеці з Падставовай школы ў Чаромсе, дзіцячы хор Schola „Perelki” касцёла Уздзвіжання Святога Крыжа ў Гайнаўцы і гайнаўскія белліцэісты з калектыву „Знічка”.

— Вучні са „Знічкі” выступілі геніяльна. Ацэньваючы іх паводле вакальных магчымасцей, можна сказаць, што перамаглі ўсіх, — лічыць член камісіі Анна Баран. — Выступленне моладзі адрознівалася аднак ад традыцыйнага калядавання.

Вядучая Наталля Зофія Лемеш інфармавала публіку пра калектывы і хоры, якія выступалі на сцэне ГДК і знаёміла з гісторыяй іх дзейнасці. Многім гледачам спадабалася выступленне калектыву „Гама” з Комплексу школ у Чыжах, які падрыхтаваў традыцыйныя калядкі, і дзіцячага хору прыхода Нараджэння св. Іаана Хрысціцеля ў Гайнаўцы, якія спявалі вельмі дынамічна. Прыгожыя калядкі прэзентавалі каляднікі з Дубін, Дубіч-Царкоўных, Падставовай школы ў Арэшкаве, Гімназіі н-р 1 у Гайнаўцы і дашкольнікі з Самаўрадавых прадшколляў н-р 5 і н-р 1. Пасля выступлення дашкольнікаў паявіліся ўсмешкі радасці на тварах бацькоў. Сабраныя заўважылі ў наймалодшых удзельнікаў вялікую ахвоту да спявання.