Ніва № 5 (2438), 2 лютага 2003 г.

Палескі ручнік і гаворкі

Кафедра беларускай культуры ў рамках г.зв. беларускіх чацвяргоў наладзіла 16 студзеня г.г. сустрэчу на тэму палескіх асаблівасцей — палескага ручніка і палескіх гаворак.

Першая тэма была звязана з прэзентацыяй кнігі Вольгі Лабаноўскай пад загалоўкам „Беларускі ручнік”.

— Беларус нараджаецца з ручніком і ідзе з ім у апошні шлях, — сказала прафесар Лабаноўская. — Праз ручнік беларус падтрымоўваў сувязі з продкамі. Рытуальнае выкарыстанне ручніка захавана па сённяшні дзень, такі ручнік мае назоў „набожніка”.

Згодна канцэпцыі кнігі, дакладчыца расказала пра ручнік як пра з’яву мастацтва.

— Гэта карціна трансфармацыі, каштоўны здабытак, у якім запісаны дух народа, яго светаўспрыманне. Сімвалы запісаныя ва ўзорах кранаюць старажытных часоў. На Палессі, у залежнасці ад рэгіёна, сустракаем разнавідныя варыянты ручніка. Напрыклад, Заходняму Палессю характэрны „паласаты ручнік”. Гэта белы ручнік аздоблены чырвонымі палосамі, звычайна згушчанымі пры канцы. Гэты ручнік мае рысы архаічныя, ён нясе код дрыгавіцкай культуры.

На Усходнім Палессі ручнік узбагачаецца геаметрычным і раслінным узорам. Тут таксама больш чырвонага колеру, больш аздобныя заканчэнні.

Даследчык мовы і культуры Палесся Фёдар Клімук распавёў пра спецыфіку палескіх гаворак на тэрыторыі Беларусі і Падляшшы. Палескія гаворкі істотна адрозніваюцца паміж сабой. Яны не выступаюць кампактна, адрозненні сустракаем часта ў суседніх вёсках. Звычайна, тыпы гаворак выступаюць мазаікай. Цікава, што ўсе тыпы палескіх гаворак Падляшша знаходзім далей на ўсходзе. Напрыклад, стрыгінскі тып, які выступае ў маёй Катлоўцы, Ласінцы і Нарве, сустрэнем у Беларусі ў наваколлі Бярозы, Століна, Пінска.

Палескія гаворкі найбольш архаічныя сярод гаворак Беларусі. На жаль, гэта ледзь кранутая старонка ў беларускім мовазнаўстве.

(гк)