Ніва № 5 (2438), 2 лютага 2003 г.

Як гэта было на мяжы

Мінулы год падсумавала Падляшская часць Памежнай стражы. На польска-беларускай мяжы назіралася выразнае змяншэнне колькасці пагранічных кантроляў людзей і сродкаў транспарту.

Падляшская часць ПС ахоўвае адрэзак дзяржаўнай мяжы ў 342 кіламетры, з чаго 240 км гэта мяжа з Беларуссю. Мінулы год быў у значнай частцы падпарадкаваны дастасоўванню арганізацыйных структур да патрабаванняў Еўрасаюза, закупцы і мадэрнізацыі абсталявання. У рамках пілатажнай праграмы ў палове кастрычніка спалучылі памежны кантрольны пункт у Баброўніках з пагранзаставай у Гарадку, а ад пачатку гэтага года памежны кантрольны пункт у Кузніцы з пагранзаставай у Саколцы, кантрольны памежны пункт у Семяноўцы з пагранзаставай у Нараўцы, а памежны кантрольны пункт у Чаромсе з пагранзаставай у гэтай мясцовасці.

Падляшская часць звяртала асаблівую ўвагу на нелегальную, арганізаваную міграцыю, спробы кантрабанды крадзеных аўтамабіляў, акцызных тавараў і вываз шкодных і радыеактыўных рэчываў і адпадкаў.

На разгляданым адрэзку мяжы з Беларуссю на 14,4% панізілася колькасць кантраляваных асоб (больш за 3,8 млн. асоб) і на 8,9% сродкаў транспарту (больш за 1,8 млн.). Не дазволілі перасячы мяжу з Польшчай 1 599 чужаземцам. Гэта ў тры разы больш, чым на польска-літоўскай мяжы. Самыя частыя прычыны адмовы гэта недахоп плацёжных сродкаў ці візы, панішчаны пашпартны дакумент. На беларускім адрэзку была затрымана 671 асоба (амаль у два разы больш, чым на літоўскай мяжы). Два разы больш было затрыманых пры нелегальным перасячэнні мяжы (16 асоб у дзвюх групах).

У падвядзенні вынікаў мінулага году кіраўніцтва Падляшскай часці ПС падкрэслівае, што ў групе нелегальных грузаў большасць гэта спіртныя вырабы і цыгарэты, але былі спробы кантрабанды кампактных дыскаў, тканін, рыбалоўных прылад, оптыкі. Ад 2001 года ўзрос перавоз наркотыкаў. Напрыклад, летась у Кузніцы затрымалі 342,6 грамаў амфетаміну. Была зафіксавана таксама спроба перавозу з Беларусі 20,5 тоны радыеактыўнай драўніны і была перахоплена радыеактыўная купюра 100 амерыканскіх долараў.

У чацвёртым квартале гэтага года Падляшская часць Памежнай службы плануе адкрыць чарговую пагранзаставу (пасля Дубіч-Царкоўных і Міхалова, якія афіцыйна дзейнічаюць ад восені мінулага года) — у Шудзялаве і далейшую разбудову ды мадэрнізацыю тэлеінфарматычнай сістэмы.

(мах)