Ніва № 5 (2438), 2 лютага 2003 г.

Захаваць дамоўленасці

Віталь ЛУБА

Польшча ў апошніх гадах займае другое месца ў гандлі Беларусі з дзяржавамі далейшага замежжа (г.зн. з краінамі, якія не ўваходзяць у Саюз Незалежных Дзяржаў). У мінулым годзе вартасць тавараабмену склала каля 500 млн. долараў. Але па меркаванні спецыялістаў, паказчыкі гандлю паміж краінамі-суседкамі маглі б быць удвая вышэйшымі, тым больш што абодва бакі што і раз заяўляюць аб гатоўнасці развіваць добрасуседскія адносіны і пераадольваць перашкоды ў замежным гандлі. А тых астатніх не бракуе. Напрыклад, лібералізацыя гандлёвых стасункаў Польшчы з краінымі Еўрапейскага Саюза адмоўна паўплывала на канкурэнтаздольнасць беларускага экспарту. А польскаму экспарту не памагаюць частыя змены ў падаткавым заканадаўстве Беларусі і іншых нарматыўных актах, якія рэгулююць знешнеэканамічную дзейнасць. Апрача гэтага перашкаджаюць складанасці з рэалізацыяй фінансавых разлікаў, чэргі на мяжы, недастатковая колькасць малых і сярэдніх фірмаў, якія займаюцца знешнеэканамічнай дзейнасцю, а таксама адсутнасць умоў для спрошчанага перасякання мяжы бізнесоўцамі.

Вырашэннем гэтых і іншых праблем займаецца Змешаная польска-беларуская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якая штогод збіраецца наперамен у адной са сталіц. Апошняе, дзевятае, пасяджэнне камісіі адбылося 16-17 студзеня ў Варшаве. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў намеснік прэм’ер-міністра — міністр эканомікі Андрэй Кабякоў, а польскую — віцэ-міністр гаспадаркі, працы і сацыяльнай палітыкі Яцэк Пяхота.

У сувязі з планаваным далучэннем Польшчы да Еўрасаюза абодва бакі рэкамендавалі кампетэнтым органам сваіх краін прыняць неабходныя меры па захаванні дамоўленасцей, дасягнутых паміж дзяржавамі ў папярэднія гады. Камісія ацаніла таксама стан эканамічнага супрацоўніцтва.

У галіне транспарту была адзначана важнасць адмены польскім бокам у мінулым годзе выраўняльнага падатку ад беларускіх аўтаперавозчыкаў, што паспрыяла павелічэнню аб’ёмаў перавозак у двухбаковым і транзітным парадку. У галіне фінансаў і банкаўскай дзейнасці камісія рэкамендавала кампетэнтным органам абедзвюх краін распрацаваць і падпісаць міжведамаснае пагадненне аб абмене інфармацыяй і адначасовым падаткавым кантролі. Станоўча ацэнены былі вынікі супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі. 13 студзеня г.г. была здадзена ў карыстанне лінія электраперадачы Брэст-2 — Вулька-Дабрыньска, па якой перадаецца ў Польшчу электраэнергія з Беразоўскай ГРЭС. Разглядалася таксама магчымасць рэалізацыі праекта пабудовы ў Беларусі электрастанцыі, якая працавала б на польскім вугалю, і пяці новых пагранпераходаў.

Беларускі бок ставіў на абмеркаванне праблему ўвозу беларускімі перавозчыкамі паліва ў Польшчу (паводле міжурадавага беларуска-польскага пагаднення аб міжнародных аўтамабільных зносінах ад 29 мая 1992 г. дазваляецца ўвозіць без падатку поўны бак паліва, нягледзячы на яго ёмістаць, а з 1 студзеня 2003 г. польскі бок увёў абмежаванне да 200 літраў, супраць чаго пратэставалі шафёры вялікагрузавых аўтамабіляў). Бакі згадзіліся, што гэтае пытанне павінна быць урэгуляванае да 3 сакавіка г.г. Прадстаўнікі польскіх бізнесовых колаў прапанавалі польскім уладам разгледзець магчымасць больш позняга ўвядзення віз для грамадзян Беларусі ў сувязі з адтэрмінаваннем уступлення Польшчы ў ЕС з 1 студзеня на 1 мая 2004 г.

Члены беларускай дэлегацыі сустрэліся з польскімі парламентарыямі і банкірамі, а яе старшыня — з віцэ-прэм’ерам — міністрам інфраструктуры Маркам Полем і міністрам гаспадаркі, працы і сацыяльнай палітыкі Ежы Гаўснерам. Беларускія госці ўдзельнічалі ў святкаванні 10-гадовага юбілею Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты.