Ніва № 4 (2437), 26 студзеня 2003 г.

Тры гады прымусовай працы

Уcпаміны Яна ПАНАСЮКА, 78-гадовага жыхара вёскі Чаромха.

На прымусовыя работы ў Нямеччыну вывозілі ў 1942 годзе. На спіску апынуўся я з аднагодкамі: Сцяпанам Леўчуком, Верай і Любай Внучкамі, Любай Міркоўскай і Марфай Раманчук. Зборны пункт назначылі ў Бельску. Там на цягніку дабіраліся. Памясцілі нас у дзеравянай шопе, хлопцаў і дзяўчат у асобных перагародах. Ноч прайшла на чаканні. Ранкам пагрузілі ў таварныя вагоны і адправілі ва Усходнюю Прусію.

Выгружаліся ў Вормдыт. Затым пераехалі ў Гайльсберг. Завялі ў вялікую залу, дзе нямецкія гаспадары чакалі нас. Зала была перагароджана шкляной сцяною і змяшчалася там сцэна. Паставілі ў шарэнгу. Баўэры аглядалі нас і выбіралі. Перад тым перакладчык запытаў, хто што рабіў на гаспадарцы. Адных ставілі набок, для дагляду жывёлы, а іншых да працы ў гаспадарцы. Я нічога не сказаў і застаўся ў шарэнзе разам з астатнімі семярымі. Мяне выбрала маладая, гадоў пад трыццаць, немка. Пачаткова чыноўнік не хацеў ёй прызначыць работніка, але пасля спрэчкі жанчына перамагла. З немкай пайшлі на станцыю. На цягніку ў Ляунаў прыехалі. Маёнтак знаходзіўся каля паўтара кіламетра ад станцыі. Пехатою прыйшлі. Немка аказалася ветлівай спадарожніцай. Фрыдай яе клікалі. Жыла са старэнькімі бацькамі Юзэфам і Марыяй. Гаспадарку мелі невялікую. Чатыры дойныя каровы, дзве ялоўкі і пару коней, не лічыўшы свінак у хлявах. Мужык маладой немкі на фронце ваяваў. Дзяцей не мелі.

Дом і абора мураваныя былі. Стадола з дзерава. Мне прызначылі пакойчык на паддашку. Займаўся я гаспадаркай, араў, сеяў, касіў сенажаці ды за каровамі наглядаў. Пані Фрыда сама кароў даіла, але я часам дапамагаў. Калі яна тры выдойвала, дык мне адну пакідала. Каровы пародзістыя былі. Ад адной па вядры малака надойвалі. Паша ад забудовы знаходзілася каля кіламетра. Жывёлу пакідалі на пашы. Малако дамоў прыносілі. Два вёдры гаспадыня несла і я два забіраў. Раніцай на станцыю завозіў і на поезд здаваў. Пасуда была нумараваная. На другі дзень, як заносіў малако, дык пустыя бітоны забіраў.

У маіх баўэраў сын у вёсцы Ляунаў жыў. Юзэфам, па бацьку, назвалі. Жонку Кэйтай клікалі. У іх было трое дзетак — маленькі хлопчык і дзве дзяўчынкі. Годзікаў па 4-5 мелі. Стары Юзэф дапамагаў сыну ў летні час. Мяне з сабою на сенакос забіраў. Сечку для кароў рэзаў.

Харчаванне слабенькае давалі. Хлеб ды кава на снеданне, а на абед тоўчаная бульба з поліўкай і кусочак мяса. На вячэру малочная каша. Так штодзень было.

Як фронт падходзіў, мяне прызвалі абаронную лінію будаваць. Праз месяц калодзежныя зрубы рабіў, якія немцы выкарыстоўвалі для будовы бетонных бункераў (у іх пакідалі шчыліны для кулямётаў). Затым у маёнтак вярнуўся. Другім разам забралі для капання акопаў. Перавезлі пад літоўскую граніцу. Там даўжэй я застаўся. З надыходам фронту пад Сувалкі перамясцілі. За намі наглядалі нямецкія вайскоўцы ў ясна-жоўтых уніформах. Акопы вялікія капалі — тры метры ўглыб і шэсць метраў шырыні. На адным метры трох капачоў ставілі. Калі адзін капаў, дык другі зямлю выкідаў, а трэці ямку чысціў. Кватараваліся ў вялікім памяшканні. Некалькі соцень людзей змяшчалася. Спалі на падлозе не распранаўшыся, на пледзе. Кармілі ў дзень два разы, як на работу ішлі, і як вярталіся. Хлеб, маргарын і ячная каша былі асновай харчавання на працягу ўсяго дня. Аднойчы, як акопы капалі побач шашы, рускі самалёт надляцеў і страчыць з кулямёта пачаў. Разбегліся ўсе хто-куды. Я пад мост схаваўся. На акопах былі разам Мікалай Лашкевіч з Зубачоў і Васіль Шатыловіч з Чаромхі. Яго, як рускія прыйшлі, дык у савецкую армію ўключылі і ў Савецкі Саюз трапіў. Там ажаніўся. Пасля весткі па ім загінулі.

З акопаў я ўцёк у маёнтак з Янкам з-пад Навагрудка і Антосем з-пад Брэста. Вошы заядалі. Войска нямецкае не прапускала ўцекачоў. Жандары затрымалі. Загналі на хутар і памесцілі ў склепе з бульбай. Да адвячорка прасядзелі. Раніцай зацірку з малаком прынеслі. На трох адну вялікую міску. Затым у горад пад канвоем завялі. У будынку шмат жандараў было. Кожнага паасобку дапытвалі. Мы тлумачылі, што прыязджалі туды з гаспадарамі збожжа малаціць (раней так дамовіліся). А калі сам начальнік жандараў дапытваў і яму такое ж сказалі, дык паверыў. Выходзячы ад жандараў сказалі вартаўніку, што мы галодныя. На дарогу выдалі нам тры буханкі хлеба і тры пачкі маргарыну. З гэтага горада (назва не запамяталася) у Кёнігсберг на цягніку паехалі. Немцы ўраспалох уцякалі. На станцыі ў Кёнігсбергу я хацеў багаж старой немцы памагчы несці. Тая пачаткова недаверліва глядзела, але калі ёй растлумачыў, хто я такі і куды падаюся, дык прыняла маю прапанову. Запытала колькі мае плаціць. Папрасіў я адно хлеб. Падала картачкі на хлеб і грошы, каб яго выкупіць. У падарожжы ў маёнтак бачылі, як гналі маладых хлопцаў на акопы. Нечакана падышоў да нас мужчына ў цывільным адзенні і падняўшы борт плашча паказаў значок, патрабуючы дакументаў. Прачытаўшы пасведчанне выдадзенае начальнікам жандараў, вярнуў назад і дазволіў ехаць далей.

У маёнтку Фрыда з бацькамі рыхтаваліся да дарогі. Я зрабіў дугу з ляшчыны і прыспасобіў да фурманкі. Гаспадары ўцякалі перад рускімі. На дарогах была процьма нямецкага войска, якое змешвалася з цывільнымі ўцекачамі. Так даехалі да Гданьскага заліва. Была зіма і вада пакрылася лёдам. Памаленьку падаваліся ўперад. Два дні і ноч прабіваліся праз заліў. Фура за фурай аддалялася некалькі дзесяткаў метраў. Гэта па прычыне боязі перад заламаннем лёду. Калі я запытаў гаспадара-немца, колькі так трэба ехаць, дык ён адказаў, што каля 70 кіламетраў. Пад’язджалі да горада. Чуваць было выстралы. Фронт штораз бліжэй падыходзіў. Фургонам я кіраваў. Выехаўшы на бераг, азірнуліся назад. Відаць было праломы і плывучыя ільдзіны. Заначавалі ў лясочку над морам. Прылеглі на пасланні з галінак дрэў. Затым раніцай рушылі ўперад і прыехалі ў вялікі маёнтак. За намі падавалася некалькі фурманак. Пад’язджаючы да забудоваў прыкмеціў на даху хлява нямецкага назіральніка з карабінам. З яго жэстыкуляцыі зразумеў, што рускія падходзяць. Праз некалькі дзён рускія прыйшлі. Нямнога іх было. Двух салдат забралі нашаму гаспадару некалькі кілаграмаў цукру. Старая немка ўсхвалявана гаварыла: „Рускі Іван забраў цукар. Мы несалоджаную каву будзем піць”. Я падаўся за адыходзячымі салдатамі і папрасіў вярнуць цукар. Аддалі цукар назад. Падраздзяленне рускіх салдат спынілася на даўжэйшы адпачынак. Капітан папрасіў мяне сабраць пашу для коней. Быў рослым мужыком і падаваў від асілка. Хто яму супраціўляўся, дык меў звычку нагой тупаць для страху. На фурманку грузілі авёс забраны немцам у маёнтку. Усяго не забіралі. Частку пакідалі. Капітан прапанаваў мне ісці за падраздзяленнем, але я адмовіўся. Пад стражай перавезлі ў Пілаў. Памясцілі ў казармах. Прыехаў падпалкоўнік і загадаў: хто ў арміі служыў, выступіць управа, а хто не — дык на левы бок. Я далучыўся да другіх. Ранкам навабранцаў апранулі ва уніформы і пагрузілі на аўтамабілі. Навічкоў вучыць пачалі. Аднойчы ў мяцеліцу на заняткі выгналі. Пачаткова на трапецыі займаліся, затым маршбег зрабілі. Наступнага дня дваццаць з нашых захварэлі. Запаленне лёгкіх схапіла. На аўтамабілях у бальніцу перавезлі. Сем тыдняў пралежаў я ў шпіталі. Начальнік лячэбніцы ў чыне маёра сказаў, што заўтра зробіць выпіску. На світанні медсястра абвясціла: „Ребята! Война окончилась!”

Пасля выпіскі з бальніцы мяне прызначылі ў гаспадарчы ўзвод. Там згуртавалі каля трыццаці хлопцаў і дзяўчат. Мы лапалі паслянямецкіх коней і кароў, а рускія іх дзесьці адсылалі. За намі наглядалі салдаты. Пасля выдалі кожнаму двое коней да фурманкі і трэцяга ў прыпрэжку, ды сказалі даставіць у Ваўкавыск. Апранулі ў шынялі і кожнаму выдалі зброю. Для аховы транспарту прызначылі кулямёт. Гэта было пад восень. У Ваўкавыску загрузілі нам на тры фурманкі аўса. Вяртаючыся са складоў сустрэў я аднавяскоўца Сцяпана Кердалевіча. Ад яго даведаўся, што ў горадзе многа чарамшукоў і мая сястра Марыя тут знаходзіцца. На Козігорах жыве. Не паспеў я коней выпрагчы з фуры, а тут і Марыя заходзіць. Сказала, што можна дамоў збірацца.

З Ваўкавыска перамясцілі ў Гродна. Закватаравалі ў міжнародным лагеры паводле нацыі. У дзевяноста першай зямлянцы жылі палякі. Маёр Рогаў запісаў да рускіх і назначыў на Харкаўскі цэментазавод. У Харкаў я не паехаў. На два дні ў гэты час у Ваўкавыск падаўся. Маёр назначыў тады ў Маскву. У лагер на інспекцыю прыехаў палкоўнік. Я прад’явіў яму, што хачу да сям’і ў Польшчу вяртацца, але маёр Рогаў не дазваляе. Пасля размовы выклікаў палкоўнік маёра Рогава і даў яму выгавар, а мне сказаў ісці ў дзевяноста першую зямлянку. На падарожжа выдалі новае адзенне ды прадукты. Так вяртаўся на бацькаўшчыну пасля трохгадовага зняволення.

Запісаў Уладзімір СІДАРУК