Ніва № 4 (2437), 26 студзеня 2003 г.

Манюшка, якога не ведаем

Міхал ЗАНЧЭЎСКІ

Гаворачы аб укладзе Станіслава Манюшкі ў польскую музычную культуру, найчасцей называюцца некалькі опер („Галька”, „Страшны двор”, „Графіня”) і песень з „Хатніх спеўнікаў”. Музычная спадчына Манюшкі малавядомая ў Польшчы і амаль зусім невядомая за мяжою. Толькі дзякуючы настойлівасці спявачкі Марыі Фолтын опера „Галька” апынулася ў рэпертуары некалькіх тэатраў у свеце.

Кампазітара інспіравалі народныя песні. У лісце да свайго прыяцеля Манюшка пісаў, што „апошнім часам не працуе творча, а толькі вандруе па польскіх землях, натхняецца духам народных песень і з іх міжвольна пералівае натхненне ўва ўсе свае плады”. І сапраўды, Манюшка дакладна вывучыў фальклор, не толькі польскі. Вучань кампазітара А. Іванскі ўспамінаў, што ў Смаргоні маэстра паклікаў яго ў карчму паглядзець беларускі танец. Такім вось чынам Манюшка знаёміўся з народнымі легендамі, песнямі і танцамі. І хаця ў кампазітара наватарства не было, яго значэнне ў гісторыі польскай музыкі — аграмаднае: стварыў ён мастацтва, у аснове якога ляжаць цудоўная меладычная вынаходлівасць, надзейнае сцэнічнае пачуццё і драматургічны інстынкт.

Аб вышэйзгаданых і іншых справах, звязаных з творчасцю Станіслава Манюшкі, дыскутавалі гісторыкі мастацтва і тэатра, музыколагі, харэографы, сцэнографы і музычныя крытыкі на канферэнцыі „Манюшка, якога не ведаем”, якая адбылася 8-9 лістапада мінулага года ў Музеі незалежнасці ў Варшаве. Прафесар Яніна Панятоўская з Варшаўскага універсітэта зачытала даклад „Аб нацыянальнасці ў польскай музыцы ХІХ стагоддзя”. Адзначыла яна, што духовую спадчыну ўсіх этнічных груп, якія раней жылі на тэрыторыі І Рэчы Паспалітай, польская інтэлігенцыя, улічваючы інтэгруючую ролю гэтай спадчыны ў падтрыманні нацыянальнай тоеснасці палякаў, успрымала як сваю ўласную. З другога боку літоўскі, беларускі і ўкраінскі народы ў імкненні да дзяржаўнай эмансіпацыі і ў пошуках гістарычна-культурных каранёў таксама стараліся захаваць гэтыя дасягненні пры сабе.

У выпадку Станіслава Манюшкі беларускія даследчыкі сцвярджаюць (напрыклад, Яўген Мірановіч у „Гісторыі Беларусі”), што свае найбольш вядомыя творы напісаў ён на аснове беларускіх песень і народных мелодый. Вядома таксама, што пасля пераезду на пастаяннае жыхарства ў Варшаву Манюшка падтрымоўваў сяброўскія і творчыя кантакты з беларускімі творцамі, напрыклад, з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Вечарам першага дня сесіі яе ўдзельнікі паглядзелі спектакль „Жарт у польскай песні” ў выкананні вучняў вакальнага аддзялення Комплексу дзяржаўных школ імя Ф. Шапэна і ў рэжысуры Яна Младаўскага.

На другі дзень адбылася дыскусія за круглым сталом на тэму „Манюшка на благі і добры час”. Удзельнікі дыскусіі, якую вяла Малгажата Камароўская з Музычнай акадэміі імя Ф. Шапэна, наракалі на недахоп выданняў з творамі Манюшкі, у тым ліку „Хатніх спеўнікаў”, абвінавачваючы ў гэтым Польскае дзяржаўнае музычнае выдавецтва. Прапанавалі яны выданне твораў кампазітара ў кніжнай форме і ў выглядзе кампакт-дыскаў і аўдыёкасет па цэнах даступных кожнаму аматару музыкі. Пры нагодзе дасталася таксама Польскаму радыё за абыякавасць да камплектавання і эмісіі запісаў твораў Манюшкі.

Шмат рознагалоссяў выклікала пастаноўка оперы „Страшны двор” у Вялікім тэатры ў Варшаве. Гледачы і крытыкі адмоўна ацанілі спробу перанесці акцыю оперы ў наш час. Выступоўцы адзначалі, што Манюшка пісаў оперу „для падтрымання духа” палякаў пасля паражэння Студзеньскага паўстання 1863 г. Пры гэтай нагодзе адбылася дыскусія на тэму сучаснасці ў мастацтве.

Круглы стол завяршыўся выступленнем прадстаўніка Варшаўскага таварыства імя Станіслава Манюшкі на тэму візіту ў Беларусь. Паведаміў ён, што ва Убелі пад Мінскам, дзе нарадзіўся кампазітар, на месцы колішняга дворыка сям’і Манюшкаў стаіць толькі абеліск з мемарыяльнай дошкай. Надпіс на ёй на беларускай мове інфармуе, што ў гэтым месцы нарадзіўся польскі кампазітар. А ў мясцовай школе знаходзіцца клас-музей у гонар Станіслава Манюшкі.

Вечарам другога дня ўдзельнікі канферэнцыі паглядзелі тэатральны спектакль „Латэрый” у рэжысуры Ганны Хайнацкай і ў выкананні вучняў Комплексу дзяржаўных школ імя Ф. Шапэна.