Ніва № 4 (2437), 26 студзеня 2003 г.

Інфармацыйныя змены

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

У радыё- і телеэфіры Беларусі апошнім часам адбываюцца змены, якія інакш як суверэнізацыяй інфармацыйнай прасторы назваць нельга. У той жа час праяўляецца і асноўная прычына такіх дзеянняў — спроба абмежавання для беларускіх грамадзян доступу да іншага пункту погляду на тыя ці іншыя падзеі.

З распадам Савецкага Саюза ўзніклыя новыя незалежныя дзяржавы пачалі дбаць аб як мага большым інфармацыйным уплыве на сваіх грамадзян. На іх тэрыторыі як грыбы пасля дажджу з’яўляліся новыя радыёстанцыі і тэлеканалы. Часцяком такая з’ява адбывалася за кошт расійскіх тэлестанцый, якія літаральна некалькі гадоў таму былі ўсесаюзнымі і з-за таго іх трансляцыя была абавязковая на ўсім абшары СССР.

Нейкім не зусім зразумелым выключэннем з агульнага постсавецкага інфармацыйнага працэсу была Беларусь. На працягу ўсіх 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларуская ўлада нібыта не заўважала, што ў яе суверэннай краіне існуе толькі адзін нацыянальны тэлеканал — Беларускае тэлебачанне. У той жа час прысутнасць расійскіх, якія па сутнасці з’яўляюцца замежнымі, тэлепраграм у некалькі разоў пераўзыходзіла мясцовыя. Калі зважаць на такія прапорцыі, то старонняму назіральніку магло б здацца, што ён знаходзіцца ў якімсьці аўтаномным нацыянальным утварэнні Расіі, а не ў незалежнай беларускай дзяржаве.

Уплыў расійскага тэле- і радыёэфіру на рускамоўную Беларусь даваў адэкватны вынік. Мясцовыя грамадзяне ў сваёй пераважнай большасці папросту не глядзелі нацыянальнае тэлебачанне і не слухалі нацыянальных радыёстанцый. Таму і пра жыццё суседняй Расіі, маецца на ўвазе грамадскае, палітычнае і эканамічнае, ведалі нашмат больш чым пра жыццё сваёй Радзімы. У другой палове папярэдняга дзесяцігоддзя такі стан рэчаў цалкам задавальняў беларускую ўладу, кіраўнік якой надта імкнуўся ў Крэмль.

Аднак мінулы год надзвычай яскрава праявіў нядобрую для цяперашняга кіраўніцтва тэндэнцыю, якой садзейнічалі непаразуменні і канфлікты ў беларуска-расійскіх дачыненнях. Грамадзянам Беларусі, якія працягвалі жыць у расійскай інфармацыйнай прасторы, усё больш даспадобы станавіліся тыя парадкі і тыя погляды на рэчаіснасць, якія прапагандавалі „саюзніцкія” радыёстанцыі і тэлеканалы. Адпаведна і аўтарытэт беларускага эфіру заставаўся не толькі нізкім, але і ўжо выклікаючым кпіны. Сапраўды, назіраць за шматгадзіннымі селектарнымі нарадамі прэзідэнта можна было толькі па службовых абавязках альбо маючы нейкія нездаровыя схільнасці.

У такіх варунках сённяшняе беларускае кіраўніцтва зразумела магчымасць усё большага адчужэння ад уласнага грамадства ў інфармацыйным плане. З-за гэтага некалькі месяцаў таму беларускі бок значна скараціў вяшчанне ўсіх прысутных у Беларусі чатырох расійскіх тэлеканалаў, а з новага году спыніў рэтрансляцыю на тэрыторыю краіны праграмы буйных расійскіх радыёстанцый „Маяк”,„Голос России” і „Юность”. Тлумачэнне такім дзеянням даецца звычайнае і зразумелае — трансляцыя гэтых праграм ажыццяўлялася за кошт беларускага бюджэту, а зараз не хапае сродкаў. Таму на ультракароткіх хвалях, дзе раней можна было пачуць не толькі расійскую папсу, але і адрозны ад афіцыйнага беларускага пункт погляду на тыя ці іншыя падзеі, цяпер будуць гучаць толькі перадачы мінскага радыё і праграмы абласных радыёстанцый.

Калі разглядаць такое дзеянне ў рэчышчы палітычнай барацьбы і адпаведна палітычнага ўплыву напярэдадні мясцовых выбараў і магчымага рэферэндуму, які можа дазволіць А. Лукашэнку кіраваць больш за дзве кадэнцыі, то становіцца сумна за грамадзян Беларусі. Бо цяпер яны здолеюць глядзець і слухаць толькі тое, што ім пакажуць ці распавядуць праўрадавыя электоронныя СМІ, а не тое, што хочуць пабачыць ці пачуць самі.

У той жа час не бывае ліха без дабра. Нягледзячы на значны якасны пройгрыш беларускага эфіру перад маскоўскім, у першага ўзнікаюць надзвычайныя магчымасці росту. І падаецца вельмі верагодным, што праз некалькі гадоў ці дзесяцігоддзяў, калі ў Беларусі запануе свабода слова і журналісты не будуць баяцца карыстацца ёй, беларуская радыё- і тэлетэхнічная база ўжо будзе цалкам адпавядаць сапраўдным нацыянальным патрабаванням.