Ніва № 4 (2437), 26 студзеня 2003 г.

Новыя гранічныя інвестыцыі

Адкрыццё на польска-беларускай мяжы новага пагранперахода ў Хварасцянах, турыстычнага перахода ў Белавежы і магчымасць перасякання мяжы аўтамабілямі грузаёмістасцю да 7,5 тоны на пагранпераходзе ў Полаўцах заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Кшыштаф Янік.

Гэтая заява прагучала 11 студзеня г.г. у ходзе візіту паслоў дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза на Падляшша. Дыпламаты ў суправаджэнні міністраў унутраных і замежных спраў, галоўнага каменданта Гранічнай стражы і шэфа Галоўнай мытнай установы знаёміліся з аховай усходняй мяжы Польшчы, якая неўзабавае мае стаць ўсходняй мяжой Еўрасаюза. Госці наведалі пагранзаставу ў Дубічах-Царкоўных, паглядзелі дэманстрацыю магчымасцей спецыяльнага ўзвода пагранічнікаў і пабывалі непасрэдна на польска-беларускай мяжы ў Белавежскай пушчы.

Гранічныя інвестыцыі на Падляшшы каштаваць будуць 280 млн. еўра, якія Польшча атрымае на паляпшэнне памежнай інфраструктуры. Міністр Янік нагадаў, што ў даны момант рашэнне наконт новых пагранпераходаў застаецца за беларускім бокам, які аб гэтым быў праінфармаваны адпаведнымі дыпламатычнымі нотамі. Цяпер Польшча чакае адказу.

— Хочам, каб вонкавыя еўрасаюзныя пагранпераходы былі на адпаведным еўрапейскім узроўні. Думаю, што ў студзені 2005 года завершыцца разбудова граніцы на Падляшшы, — дадаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі. — На тэхніку і абсталяванне спатрэбяцца грошы ЕС, а будаўнічыя працы прафінансуе Польшча.

Граніца ў Белавежскай пушчы будзе ахоўвацца з дапамогай электронных перыметрычных прыстасаванняў. На граніцы, у зямлі, будуць пастаўлены рознага тыпу дэтэктары, напрыклад, руху, якія цераз сістэму індыкатараў і тэлекамер будуць паведамляць найбліжэйшую пагранзаставу аб перасячэннях мяжы. Электронная сістэма, дзякуючы адпаведным камп’ютэрным праграмам, дазволіць вызначыць, ці парадак на граніцы парушыла жывёла, а калі так, то якая.

У сувязі з г.зв. ушчыльненнем усходняй мяжы сёлета Гранічная страж прыме на службу 1 300 чалавек, у тым ліку 250 пагранічнікаў да Падляшскага аддзялення ў Беластоку. Агулам да 2005 г. будзе прынята на працу ў Гранічнай стражы 5 300 чалавек.

Вонкавая граніца Еўрапейскага Саюза пасля далучэння Польшчы складзе 1 583 кіламетры. Пагранічнікі ацэньваюць, што ў апошніх гадах сістэматычна падае лік асоб перасякаючых граніцы Польшчы. У рэкордным 2000 г. мяжу перасякло 278 млн. чалавек, а ў 2002 г. — 189 млн. (на 16% менш, чым у 2001 г.). На 15,5% знізіўся лік пераязджаючых граніцу аўтамабіляў у 2002 г. — да 52 млн. машын.

У 2002 г. у Польшчы за незаконнае перасячэнне мяжы пагранічнікі затрымалі 5 тысяч асоб. Найбольш нелегалаў намагаецца пранікнуць у Польшчу, і далей у Нямеччыну, цераз Славакію. З граніцы былі вернуты назад 52 тысячы чужаземцаў па прычыне адсутнасці віз або фальшывых дакументаў.

Найбольш праблемаў на ўсходняй граніцы ўзнікае на мяжы з Украінай, якая не прымае назад нелегальных эмігрантаў. Затое беларускі бок узмацняе ахову мяжы, а не дапамагае нелегалам, аб чым непраўдзіва і ў сенсацыйным тоне пісаў нядаўна штотыднёвік „Wprost”.

Паводле Оnet.pl Wiadomosci i Оnet.pl Biznes