Ніва № 3 (2436), 19 студзеня 2003 г.

Нясвіжскі замак

Яўген МІРАНОВІЧ

Нядаўна прагучала сумная вестка, што згарэла частка Нясвіжскага замка. За кошт вялікіх сродкаў ад некалькіх гадоў праводзіцца рамонт гэтага помніка архітэктуры і гісторыі Беларусі. Гэта адзін з нешматлікіх замкаў, які ператрываў камуністычнае варварства, калі знішчалася ўсё, што магло вяртаць гістарычную памяць. У 1945 г. у замку была змешчана санаторыя, што выклікала патрэбу правядзення неабходных рамонтаў. У Беларусі часта можна пачуць, што адрамантаваны замак мае стаць рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Савецкія чыноўнікі заўсёды мелі такія імкненні, таму што камунізм мае шмат супольнага з феадалізмам. Замак аднак як помнік культурнай спадчыны Беларусі раней ці пазней стане агульнанацыянальнай уласнасцю, як кракаўскі Вавель у палякаў.

Беларусам Беласточчыны лягчэй было пабачыць замак французскіх каралёў у Версалі, чым Радзівілаў у недалёкім мястэчку ў Беларусі. Нясвіжскі замак, як і версальскі, з’яўляецца сімвалам эпохі феадалізму, які апрача прыгоннага права нёс з сабой і своеасаблівую элітарную культуру. Гісторыя Нясвіжа паказвае, што яе стваральнікамі былі таксама прыгонныя сяляне.

Вялікая перабудова першага драўлянага замка ў Нясвіжы пачалася Мікалаем Радзівілам Сіроткай у 1583 г. (фактычна трывае яна па сённяшні дзень). Мураваны замак пабудаваны на пачатку ХVII стагоддзя размяшчаўся на плане чатырохвугольніка памерамі 170 х 120 метраў. Замак акружаў высокі на 20 метраў зямельны вал абкладзены каменем. Вакол вала пабудаваны быў штучны вадаём ад ракі Ушы. Сам замак здаваўся тагачасным будаўнікам быць недаступным для ворага. Будаваўся ён, дарэчы, дзеля мілітарнага прызначэння. Мінула сто гадоў і шведская артылерыя даказала, што такія замкі не маюць ніякага значэння. Падчас Паўночнай вайны, у 1706 г. гарматы на працягу двух дзён абярнулі замак у руіну.

Адбудова замка пачалася ў 1726 г., але Радзівілы вырашылі стварыць у Нясвіжы сваю рэзідэнцыю па ўзоры італьянскіх манархаў. Будаваўся не звычайны замак, але трохпавярховы палац з двума корпусамі паводле версальскага ўзору. На ніжнім паверсе замка знаходзіліся памяшканні для службы і лазні, вышэй — апартаменты Радзівілаў. У дапаможных корпусах, якія пабудаваны былі абапал брамы, знаходзіліся пакоі гасцей, капліцы, кухні, майстэрні і памяшканні для службы, якая непасрэдна не абслугоўвала гаспадароў. Замак абаграваўся кафлянымі і фаянсавымі печамі. Разам у замку знаходзілася каля трохсот гасцінных пакояў і дванаццаць вялікіх парадных залаў. Адна называлася бібліятэчнай, у якой Радзівілы сабралі больш за дваццаць тысяч рукапісных і друкаваных кніжак амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах. Другая зала называлася партрэтнай. На яе сценах вісела больш за 900 партрэтаў прадстаўнікоў Радзівілаўскай сям’і. Вялікая частка гэтых партрэтаў выканана была прыгоннымі сялянамі. У мармуровай зале дамінаваў чорны мармур, у залатой — пазалочана была вялікая частка сцен і столі. Паркет ва ўсіх залах быў выкананы са ста гатункаў дрэва, што дазваляла на атрыманне разнародных мазаік і дэкаратыўных арнаментаў. Вялікай галерэяй былі сцены вакол сходкаў і калідоры. Пазалочаныя медныя балюстрады ў галоўным корпусе былі асаблівасцю не толькі ў межах Рэчы Паспалітай, але і Еўропы.

Замкавыя паркі займалі плошчу больш за тысячу гектараў. Радзівілаўскія паркі гэта запланаваная сістэма дарог, сцежак, расліннасці, штучных азёр і каналаў. На паркавых водных шляхах плавала заўсёды некалькі невялікіх суднаў. Паркі арганізаваліся паводле французскага, англійскага, італьянскага, а ў ХІХ стагоддзі таксама японскага ўзораў. Пару соцень людзей, у тым ліку знакамітых батанікаў, пастаянна абслугоўвала паркавую інфраструктуру.

Асаблівае месца ў гісторыі Радзівілаўскай рэзідэнцыі займае опера і тэатр. Тэатр быў заснаваны Францішкай Радзівіл у 1746 г. Княгіня была аўтаркай некалькіх камедый і драм. Акцёрамі гэтага спачатку аматарскага тэатра былі члены сям’і Радзівілаў, мясцовая шляхта і прыгонныя сяляне. Першыя спектаклі ставіліся ў замку, у партрэтнай зале. Паралельна з тэатральным калектывам стваралася капэла. Спачатку дамінавалі музыкі італьянскага і нямецкага паходжання, але пасля заступілі іх выпускнікі Нясвіжскай музычнай школы, сярод якіх было шмат прыгонных сялян. У васьмідзесятыя гады пры замку ўзнікла таксама балетная школа. Сярод танцораў на падмостках тэатра сталі дамінаваць мясцовыя сяляне. У шасцідзесятыя гады ў парку быў пабудаваны вялікі амфітэатр, дзе магло адначасова выступаць каля двухсот выканаўцаў — акцёраў, танцораў, музыкаў, спевакоў. У Нясвіжы выконваліся творы найбольш вядомых драматургаў і кампазітараў. У амфітэатры былі месцы для тысячы гледачоў, білетаў ніхто не прадаваў, таму ўсе яны выкарыстоўваліся. Гледачамі былі не толькі магнаты, але таксама мясцовая шляхта і мяшчане.

Пасля далучэння Беларусі да Расіі пры канцы ХVIII стагоддзя Радзівілы моцна абмежавалі культуратворчую дзейнасць. Тэатр спыніў сваё існаванне, бібліятэка была вывезена царскімі чыноўнікамі ў Пецярбург. Замак і творы мастацтва ў ім ператрывалі ў добрым стане да 1945 г. Рамонт замка з’яўляецца адной з найбольш патрэбных інвестыцый у Беларусі. Праблема толькі ў тым, што пралетарыят, які там працуе, можа нанесці большыя шкоды чым бальшавіцкая рэвалюцыя.