Ніва № 3 (2436), 19 студзеня 2003 г.

Каб слова целам станавілася

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Навагодняя сесія Падляшскага сейміка завяршылася асабліва. Віншавалі сябе епіскапы каталіцкіх дыяцэзій распаложаных на тэрыторыі ваяводства, праваслаўны епіскап Беластоцка-Гданьскай епархіі Іакаў ды самаўрадавыя і адміністрацыйныя ўлады рэгіёна, якія выводзяцца з СЛД.

Пакуль дайшло да калядных і навагодніх ветлівасцей, радныя тры гадзіны прысвяцілі, так сказаць, на працэдуральна-фармальныя дыскусіі, а нават час ад часу штурхачы. Пачалося ад выступлення Зянона Дзедзіца з Лігі польскіх сем’яў, які меў жаль да пратакалісткі і прэзідыума сейміка з-за несумленнага зафіксоўвання ягоных выступленняў. Радны не выглядаў перакананым нават статутным запісам, што ў пратаколе пасяджэння змяшчаюцца толькі рэзюме думак выказаных у ходзе сесіі. Радныя ПСЛ Мечыслаў Багінскі і Адам Чэслаў Дабронскі кпінкуючы выказалі сваё задавальненне, што радны Дзедзіц агорнуты клопатам за будучых даследчыкаў гісторыі сеймікавай дзейнасці.

— Пратакол, гэта, аднак, не стэнаграма, — патлумачыў радны Дабронскі (віцэ-старшыня сейміка).

Канчаткова дакладны запіс выступлення раднага Дзедзіца быў далучаны да пратакола з папярэдняга пасяджэння.

У сваю чаргу радны Цэзары Цеслюкоўскі (Грамадзянская платформа) заклікаў зацікавіць урад, каб грашыма з Еўрасаюза (з фондаў, якія трэба выкарыстаць да сакавіка) на мадэрнізацыю і іншыя патрэбы звязаныя з польска-літоўскай мяжой распараджаўся польскі бок, як гэта адбываецца з мяжой з Беларуссю і Украінай. Прапанаваў таксама намякнуць міністру эканомікі, каб урад націскаў на прадстаўнікоў Еўрасаюза ў справе магчымасці пабольшання ў нашым рэгіёне сёлетняй прадукцыі малака, у сувязі з мінулагодняй засухай, а затым меншым вырабам малака ды прадказванымі меншымі да яго еўрасаюзнымі даплатамі.

Радныя, аднак, пераймаліся таксама сваімі праблемамі. Мечыслаў Багінскі, для прыкладу, шмат месца прысвяціў праблеме незнаёмасці месцапалажэння паркінгаў, што быццам сур’ёзна ўскладняе жыццё радным глыбінкі. Больш канкрэтнага памеру набраў пункт, па ходзе разглядання якога раднага ад СЛД Аляксандра Сяліцкага, які зрокся мандату, заступіў галасамі рашучай большасці Ежы Панасюк (таксама СЛД).

Апошняе ў старым годзе пасяджэнне здамінавала справа згоды радных на разарванне дамовы на працу са старшынёй „ваяводскага сейма” Збігневам Кшывіцкім. З такой просьбай (і згодна з законам) выступіў ягоны работадавец, суполка Ad Novum, выдавец „Trybuny”, якое журналістам Кшывіцкі працуе ўжо шмат гадоў. Самаўрадаўцы доўгі час не маглі вырашыць, як мае выглядаць змест прапановы, над якой маюць галасаваць. Канчаткова ўсе радныя былі за тым, каб просьбу адкінуць, значыць, адмовіць даць згоду на разарванне дамовы. Большасць тлумачыла гэта неабходнасцю самаўрадавай салідарнасці, хоць З. Кшывіцкі, здаецца, больш дыпламатычна, сам выступіў даць згоду на прапанову выдаўца „Trybuny” і ў пазнейшым галасаванні стрымаўся ад голасу:

— У мяне такі звычай: не ўваходзіць туды, куды мяне не просяць, і выходзіць адтуль, дзе мяне не хочуць.

Кшывіцкага абараняла нават апазіцыя (Права і Справядлівасць, Грамадзянская платформа і Ліга польскіх сем’яў), хоць яе намеры былі іншыя, чым кіруючай кааліцыі (СЛД-ПСЛ-Самаабарона):

— Я за абарону раднага. Сеймік нельга ўцягваць у палітычныя разборкі паміж работадаўцам а работнікам, — пераконваў Кшыштаф Путра (PiS).

З яго выказвання, аднак, ясна вынікала, што абарона Кшывіцкага мае выразна расстроіць планы выдаўцам левай „Trybuny” і яе новую палітычную і персанальную лінію.

Спакайней, хоць без аплатка і просвіры, было ў час навагодня-святочнага спаткання з іерархамі абедзвюх Цэркваў. Архібіскуп Войцех Земба, каталіцкі ардынарый Беластоцкай архідыяцэзіі, так звярнуўся да кіруючай лявіцы:

— Верым, што на гэтай тэрыторыі зможам знайсці супольную мову.

А епіскап Іакаў заўважыў:

— Жадаю, каб 2003 год быў лепшы. Людзі гэтага чакаюць. Мусім узяцца за супольныя дзеянні, каб лепш жылося.

Прысутны на сустрэчы падляшскі ваявода Марэк Стшалінскі (СЛД) заўважыў, што, як і з боку касцельнага і царкоўнага, так і з цяперашняга ўраду, ёсць шмат волі супрацоўніцтва і стварання цёплага клімату.

Пры ёлцы ўсе прысутныя адспявалі калядку. У калідорах Маршалкоўскай управы гучалі словы каляднай песні напісанай стагоддзі таму ў Беластоку: „A slowo cialem sie stalo...”