Ніва № 3 (2436), 19 студзеня 2003 г.

Паліўны закалот

Віталь ЛУБА

Пачатак 2003 года на польска-беларускай граніцы пачаўся з пратэсту беларускіх шафёраў аўтафураў супраць рашэння Міністэрства фінансаў Польшчы аб абмежаванні ўвозу паліва на тэрыторыю Польшчы.

Бензін і дызельнае паліва ў Беларусі больш за 60% таннейшае, чым на сусветным рынку. Гэта прывяло да масавых прыватных паставак таннага паліва з Беларусі ў Польшчу. Асабліва гэтая з’ява вядомая ў мясцовасцях у прыгранічнай паласе, дзе без клопату можна купіць салярку ці бензін ад шафёраў легкавых аўтамабіляў. Такія гандляры не плацяць мыта і часта парушаюць правілы бяспекі пры перавозе гаручага. Змагаючыся з гандлярамі бензінам, Міністэрства парушыла інтарэсы буйных перавозчыкаў, што ў сваю чаргу выклікала пратэст.

Паводле новага закона, шафёры, якія ў баках машын увозяць больш за 200 літраў гаручага, павінны за звышнорму заплаціць мытную пошліну, акцызную аплату і падатак на дадатковую вартасць. Шафёры аўтафураў, якія адмовіліся перасякаць мяжу і апынуліся ў 14-кіламетровай чарзе на пагранпераходзе ў Казловічах, заявілі, што плаціць не будуць і прыгразілі, што лішкі паліва будуць спускаць з бакаў у прыдарожныя равы.

Склаўшаяся на граніцы сітуацыя выклікала дыпламатычную рэакцыю беларускага боку. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве выдала ноту пратэсту ў сувязі з рашэннем Міністэрства фінансаў, а беларускае знешнепалітычнае ведамства заявіла, што калі польскі бок афіцыйна не адменіць абмежаванняў па колькасці паліва, якое дапускаецца грамадзянам Беларусі ўвозіць у баках аўтамашын, Беларусь можа прыняць „адпаведныя крокі” ў адносінах да польскіх перавозчыкаў. Намеснік начальніка Упраўлення інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных прыпомніў, што рашэнне польскага боку парушае польска-беларускае пагадненне ад 1992 г. аб міжнародных перавозах. У 11 пункце гэтага дакумента напісана, што ўсё перавожанае ў баках паліва вызваляецца ад усялякіх аплат.

І сапраўды, Міністэрства фінансаў, прымаючы рашэнне аб дазволенай колькасці ўвожанага паліва, парушыла згаданае двухбаковае пагадненне. Пасля некалькіх дзён абмежаванне ўдалося зняць дзякуючы старанням Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое схіліла Міністэрства фінансаў прыпыніць сваё рашэнне да часу падпісання новага пагаднення з Беларуссю, паведаміў пасол Рэчы Паспалітай у Беларусі Тадэуш Паўляк, які перапрасіў тыя асобы, якія з прычыны памылкі польскага боку прымушаны былі стаяць на марозе ў шматкіламетровай чарзе.