Ніва № 2 (2435), 12 студзеня 2003 г.

Іконы ў жаласным стане

Міхал МІНЦЭВІЧ

Шчыты, вёска, якая сёння складаецца з дзвюх: Шчытоў-Дзенцялова і Шчытоў-Навадвораў, была заснавана ў XVI ст. руска-літоўскім родам Шчытоў. Пазней была яна ўласнасцю Іжыковічаў, Браніцкіх і, з другой паловы XVIII ст. — Вангерскіх.

Росквіт вёскі і наваколля наступіў дзякуючы сям’і Вангерскіх, добрых адміністратараў і гаспадароў, шчодрых насельніцтву. Маёнтак Дзенцялова ад Яна Клеменса Браніцкага атрымаў ва ўзнагароду за верную службу палкоўнік Андрэй Вангерскі, а пасля ўнаследаваў ягоны сын Ян Вангерскі, дворны падкаморы і камергер. Як паведамляюць тагачасныя дакументы, у 1785 годзе Ян Вангерскі пабудаваў драўняную уніяцкую царкву і званіцу. Гэтыя, цяпер праваслаўныя, помнікі духовай і матэрыяльнай культуры служаць вернікам да сённяшняга дня, аднак неадкладнай рэстаўрацыі патрабуе аснашчэнне храма.

У 1810-1817 гг. Ян Вангерскі пабудаваў у Шчытах і новы двор (адкуль і назва Шчыты-Навадворы). Побач двара, у якім даў працу людзям з наваколля, заснаваў і васьмігектарны парк. Маёмасць згаданага двара канфіскавалі ў 1939 годзе саветы. Дворскі комплекс захаваўся да сёння і, хаця заселены, занесены ў рэестр помнікаў даўніны, але яго стан, асабліва паўднёвай часткі, здаўна патрабуе капітальнага рамонту. Пад аховай знаходзіцца таксама захаваная частка парку. Стары двор у Дзенцялове (пабудаваны ў XV ст., спалены і адбудаваны) у 1943 годзе спалілі савецкія партызаны і на сённяшні дзень ад яго захавалася толькі адна сажалка і фрагмент парку з алеяй.

Шчытоўская царква Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля ў міжваенны перыяд належала Арлянскаму прыходу. Тадышнія польскія дзяржаўныя ўлады скасавалі Шчытоўскі прыход, а ягоных вернікаў у адміністрацыйным парадку падпарадкавалі Арлянскаму прыходу. Царкоўную зямлю ў Шчытах (64 дзесяціны і 577 сажняў) у 1922 годзе ўлады аддалі ў арэнду, а царкоўныя будынкі былі заняты арандатарам. У 1930 годзе Шчыты з фальваркамі Навадворы і Дзенцялова налічвалі 504 душы. Як сведчаць метрыкальныя запісы, у 1910 годзе ў Шчытах адбыліся 98 хрышчэнняў, 15 шлюбаў і 69 пахаванняў; для прыкладу: у 1991 годзе было іх адпаведна 8, 4 і 9. Прыход у Шчытах адноўлена ў 1940 годзе.

Як вынікае з архіўных крыніц, абразы для шчытоўскай царквы пісаў прыдворны мастак Браніцкага Аўгустын Мірыс, фламандзец, які жыў у Беластоку па вуліцы Замкавай. Мірыс з жонкай жылі ў Польшчы да старасці. Ён да смерці не развучыў польскай мовы, але яму здавалася, што ўсё разумее і з кожным згаворыцца. Гэтыя абставіны спарадзілі шмат непаразуменняў анекдатычнага характару; адно з іх кранае і шчытоўскую царкву.

Калі камергер Вангерскі пабудаваў сваім вернікам царкву, ейны парах задумаў упрыгожыць храм іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы і ўстанавіць 1 кастрычніка свята адпушчэння ў яе гонар. Паехаў да Мірыса і заказаў ікону. Мастак згадзіўся, але яшчэ спытаў ці мае быць з дзіцяткам ці без.

— Вядома, з дзіцяткам! — заявіў парах.

Мірыс назваў цану, узяў грошы і абяцаў намаляваць карціну за тыдзень да адпушчэння. У намечаны тэрмін парах запрасіў абата базыльянаў з Супрасля, каб у суправаджэнні святароў прыехаў у Шчыты, пасвяціў ікону і адправіў святочнае набажэнства. Перад урачыстасцю парах паехаў у Беласток, зайшоў да Мірыса. Мастак завёў яго да прыкрытай палатном карціны. Аднак заміж іконы Багародзіцы парах убачыў карову з цяляткам...

— Я ж у вас заказваў ікону Пакрова, — кажа Мірысу.

— Tak, jest krowa, — адказвае Мірыс. — Pan ksiadz chcial z dziecieciem, wiec jest i piekne dziecie krowy.

Доўга не маглі яны згаварыцца, але знайшоўся нехта, хто растлумачыў Мірысу, што парах хацеў абраз Апекі Божай Маці з Дзіцяткам, а не каровы з цяляткам. Мірыс, скеміўшы памылку, аддаў параху грошы і хутка дармова напісаў такі абраз, які быў патрэбны ў царкву. Намаляваную раней апальную карціну купіў фундатар царквы...

У шчытоўскім храме захавалася многа ікон з даўняга, уніяцкага аснашчэння, напр. „Зняцце Ісуса з крыжа” з колішняга галоўнага алтара, „Хрышчэнне Хрыста ў Іардане” з бакавога алтара, „Святы Ануфрый”, „Апошняя вячэра”, „Дзева з Дзіцяткам і анёламі”, фератрон — вынасны алтарык са „Святой Сям’ёй з малым Іаанам Хрысціцелем” і „Хрыстом пакутуючым з анёлам”; іх мастацкая манера паказвае на пэндзаль Аўгустына Мірыса. Ніводная з захаваных у Шчытах ікон не нагадвае іконы „Пакрова Багародзіцы”; значыць яна не захавалася. Ікона „Апошняя вячэра” была перанесена ў храм з двара Вангерскіх.

Паводле звестак Ваяводскага аддзялення службы аховы помнікаў у Беластоку, напісаныя каля 1785 года магчымыя Мірысавы іконы знаходзяцца сёння ў жаласным стане. Аднаўлення патрабуе і стаячая перад храмам статуя сярэдневяковага святога Яна Непамука, выкананая ў 1758 годзе Янам Рэдлерам па заказе Браніцкага. Каб толькі лёсу тых помнікаў не наканавалі словы Францішка Білгарайскага, біёграфа Браніцкіх: „Якая ж паўсюдная загана ў нашай краіне, што не ўмеем шанаваць густу продкаў нашых. Пакідаем для гніцця, заміж належна захаваць”. Аднаўленне будынка ўжо праведзена. Васемнаццацівечныя абразы, якія знаходзяцца ў пасляуніяцкай царкве ў Шчытах, з’яўляюцца каштоўнейшымі памяткамі жывапісу на Беласточчыне. Гэта рэдкае сведчанне дзейнасці мастакоў звязаных з як жа важным для нашага рэгіёна мецэнатам гетмана Яна Клеменса Браніцкага.