Ніва № 2 (2435), 12 студзеня 2003 г.

Паслякалядны роздум

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Адной з цікавых адметнасцей Беларусі з канца мінулага стагоддзя стала існаванне ў яе святочным календары дубляваных дзяржаўных свят. Зразумела, што такія святы звязаныя з рэлігіяй.

У разгар перабудовачнага працэсу калі людзі пачалі адкрыта святкаваць Раство і Вялікдзень, а таксама іншыя царкоўныя святы, было вырашана надаць ім статус дзяржаўных і адпаведна зрабіць выхаднымі днямі. Аднак у той жа момант перад заканадаўцамі — на той час дэпутатамі Вярхоўнага Савета — узнікла пытанне: якой з канфесій, што мелі найбольш адметны адбітак у гістарычным жыцці беларускага народа, адносіцца больш паважліва.

Сапраўды, першай на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыйшло хрысціянства ўсходняга абраду — праваслаўе. Але затым пры пэўных варунках, часцяком трагічных, беларусы, асабліва шляхецкага роду, сталі пераходзіць у каталіцтва. Пры падзелах Рэчы Паспалітай у ХVІІІ стагоддзі большую частку беларускага насельніцтва складалі уніяты. А непасрэдна праваслаўнае насельніцтва было ў той час у Беларусі рэлігійнаю меншасцю.

Далучэнне беларускіх земляў да Расіі стала свайго роду праваслаўным Рэнесансам на гэтай тэрыторыі, што, зразумела, мела сваё гістарычнае абгрунтаванне. І ў рэшце рэшт праваслаўныя сталі складаць большасць, а католікі разам з уніятамі (якія, дарэчы, у хуткім часе ўвогуле амаль зніклі) меншасць.

Кастрычніцкія падзеі 1917 года і наступіўшыя затым змаганні з рэлігіяй ураўнялі і тых, і другіх. Як ксяндзы, так і бацюшкі трапілі пад колы дзяржаўных бязбожных рэпрэсій, а храмы абедзвюх цэркваў пераўтвараліся часцяком у пабудовы гаспадарчага альбо ўвесяляльнага кшталту. З часам былыя прыхаджане, а таксама іх нашчадкі не адчувалі сябе ўжо ні католікамі, ні праваслаўнымі. Затое абвяшчалі сябе атэістамі, пры поўнай таямнічасці ахрышчываючы сваіх дзяцей дзе-небудзь на вёсцы.

Такім чынам, да пачатку 1990-х гадоў абедзьве найвялікшыя цэрквы на Беларусі аказаліся амаль у роўным разбураным стане. І менавіта адраджэннем, а значыць барацьбой за душы былых атэістаў былі заняты яны ўсе апошнія гады. Пастаўленне і Праваслаўнай царквы, і Каталіцкага касцёла ў роўныя ўмовы стала адным з галоўных чыннікаў тых дзеянняў улады, бо прадухілілі розныя магчымыя спекуляцыі і нават канфлікты на рэлігійнай глебе, што, дарэчы, неаднаразова адбывалася ў беларускай гісторыі. Таму і аказалася, што вызначэнне за дзяржаўныя святы 25-га снежня і 7-га студзеня (Нараджэнне Хрыстова па абодвух календарах) нясе ў сябе тое, што называецца дзяржаўнай мудрасцю. Бо зусім не так важна, калі святкаваць такое важнае царкоўнае свята, а значна важней, каб грамадзяне Беларусі розных канфесій не адчувалі сябе няўтульна ў рэлігійным плане. Дзяржава ж тым часам заставалася цалкам свецкай і не ўмешвалася ў рэлігійнае жыццё.

На жаль, падзеі апошняга году выявілі даволі небяспечную тэндэнцыю ў адносінах цяперашняй беларускай улады да веравызнання яе грамадзян. Не сакрэт, што Праваслаўная царква за апошнія гады адрадзіла былы аўтарытэт сярод насельніцтва, што, дарэчы, не было за цяжка. Але ўвачавідку стала праяўляцца жаданне выкарыстаць гэты аўтарытэт сённяшнімі ўладу трымаючымі асобамі. Новы закон „Аб свабодзе веравызнання” прыняты летась стаў прычынай для хваляванняў аб магчымасці адпраўляць свае абрады рознага кшталту пратэстантам, якія ўбачылі ў ім абмежаванне сваіх правоў. І хаця гэты закон у многім папросту замацоўвае на паперы сапраўдны стан рэчаў і тое, што Праваслаўная царква мела найбольшы ўплыў на фармаванне беларускай нацыі, паўстае пытанне: чаму сённяшнія ўлады Беларусі афішавана жадаюць гэта падкрэсліць? Больш таго, прэзідэнт Лукашэнка напрамую заявіў аб тым, што ён не дапусціць расколу Праваслаўнай царквы, зважаючы на жаданне некаторай часткі святароў узмацніць пазіцыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, што не падпарадкоўваецца Маскоўскаму Патрыярхату.

Менавіта гэтыя чыннікі ўсяляць апасенне, што менавіта аўтарытэт Праваслаўнай царквы можа быць выкарыстаны цяперашняй беларускай уладай выключна ў мэтах свайго ўмацавання. А калі зважаць на тое, што на языках, якія распавядаюць аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, „нацёрліся мазалі”, то такое выкарыстанне можа прывесці да заканчэння перыяду верацярплівасці.

А шкада, бо ўсё так добра пачыналася...