Ніва № 2 (2435), 12 студзеня 2003 г.

„Талака” ў Інтэрнэце — http://talaka.prv.pl

Размова з Аляксандрам НАВІЦКІМ, перакладчыкам і журналістам Беларускай службы Радыё Палёнія, заснавальнікам інтэрнэтнага Радыё Талака.

— Адкуль узялася ідэя зрабіць беларускае радыё ў Інтэрнэце?

—Ідэя не мудрагелістая, бо ў мяне было шмат беларускай музыкі, якую я люблю слухаць. Спачатку я нават не ведаў, што гэта будзе Радыё Талака, спадзяваўся, што гэта можа быць нейкі форум. Сама ідэя радыё прыйшла пазней. Я крыху аб гэтым чытаў, але як дзейнічае — не ведаў. Калі ўжо знайшоў адпаведную дакументацыю, адпаведныя праграмы, стварыў у сябе сервер і пачаў вяшчаць. Праўда, магутнасць гэтага радыё невялікая, але асноўная ідэя была прыблізна такая, як у слове „талака”, у традыцыі Талакі. Самая назва мяне натхніла з арганізацыі Талака, якая існавала ў Мінску калісьці, пад канец васьмідзесятых гадоў. Я ўдзельнічаў у некаторых мерапрыемствах Талакі. Талака гэта стары вясковы звычай. „Зрабіць усёй талакой”, значыць зрабіць супольна. Сёння мы цэлай вёскай збудуем суседу клуню, а заўтра ён нам, напрыклад, паставіць плот. Такая супольнасць, думаю, патрэбная беларусам, тым больш, што іх мала. Яны адчуваюць сябе найчасцей самотнымі, нават тыя беларускамоўныя ў Беларусі. І ў Польшчы жыве многа людзей, якім можа бракаваць размоў на сваёй мове ці беларускай музыкі. А ў мяне якраз беларускай музыкі многа. Тым часам на нашай старонцы можна не толькі слухаць музыку, заказваць яе, але таксама размаўляць і сябраваць. Цяпер радыё ўвогуле не зарабляе. Але магло б. Маёй марай з’яўляецца, каб людзі згадзіліся на гэтае кліканне. Тады кожнаму гурту, раз на год, можна было б даць хаця сімвалічныя 10 долараў. Разумею, што гэта не вырашае праблемы ганарараў беларускіх музыкаў і яны напэўна не разлічваюць на Радыё Талака, але гэта было б для мяне нейкім удзелам у беларускай справе.

— Як зараз дзейнічае Талака?

— Гэта толькі музыка ўвесь час і рэакцыі на некаторыя лісты. Слухачы часта пытаюць, чаму не гучыць радыё. А яно проста не гучыць увесь час. Я зыходжу з таго, што яно павінна гучаць як найдаўжэй, штодзённа, але па-рознаму выходзіць. Калі мая сітуацыя крыху зменіцца, калі куплю сабе новы камп’ютэр, які працаваў бы як сервер. Аднак гэта даволі цяжкія пытанні. Талака можа назаўсёды застацца на ўзроўні такога камернага радыё. Слабое злучво не дазваляе, каб Талаку слухала, напрыклад, тысяча людзей.

— Радыё Рацыя спыніла дзейнасць з-за адсутнасці грошай. Адкуль бяруцца грошы на Талаку?

— Гэта не каштуе ніякіх грашэй, а толькі мой час. Але так увогуле гэта арганізацыя нон-профіт, недаходная. Я не збіраюся зарабляць на Радыё Талака, бо і вялікіх грошай не заробіш на гэтым. Проста хацелася б, каб у Інтэрнэце існавала беларуская музыка.

— Зразумела, Талака — хутчэй аматарскае радыё, але я веру ў тое, што ангажаванасць заўзятара — лепшы за халодны прафесіяналізм. Ці ў час, калі падаюць беларускія радыёстанцыі не думаў ты аб тым, каб сарганізаваць вялікае інтэрнэтнае радыё?

— Думаў. Але я слаба ўяўляю сабе гэта. Па-першае трэба было б зарэгістраваць нейкую арганізацыю, якая магла б прасіць датацый ці іншай дапамогі. Не ўпамінаючы ўжо пра тое, ці ўвогуле знайшліся б такія спонсары, гэта ўжо не толькі час, але і грошы. Гэта было б дорага. Я ведаю многа іншых інтэрнэтных радыё. Яны або, як Талака, маюць нямнога верных слухачоў, сяброў, або гэта вялікія радыёстанцыі, што маюць багатага спонсара, якому залежыць, каб радыё існавала, і каб пра яго, спонсара, добра гаварылі. Аднак адна асоба гэта замала, каб весці радыё. На старонцы Талакі ёсць аб’ява аб тым, што шукаю супрацоўнікаў. Пакуль што, ёсць прапановы супрацоўніцтва, але не зусім такія, якія падыходзілі б мне. Я больш разлічваю на тое, каб хтосьці рэтрансляваў мой сігнал. Патрэбныя людзі, якія маюць пастаянны доступ у Інтэрнэт, а ў Беларусі такіх людзей мала. Патрэбныя таксама энтузіясты, якія маглі б нешта свайго ўнесці. Я магу так запраграмаваць, каб музыка іграла, дапусцім, ад дзевятай гадзіны раніцы да адзінаццатай вечара, але тады не будзе ўжо такой інтэрактыўнасці. Наконт супрацоўнікаў — я памяркоўны аптыміст, бо робячы не першы ўжо беларускі праект у Інтэрнэце бачу, што беларускіх патрыётаў, і адначасова людзей з ідэяй мала. Дарэчы, праз некалькі гадоў маю намер купіць і лепшае злучво ў Інтэрнэт, і новы сервер. І тады можна будзе думаць пра нешта большае за камерны клуб беларускіх аматараў добрай музыкі.

— Самае важнае, калі ідзе пра радыё, гэта музыка...

— У Талацэ гучыць не толькі беларуская музыка. Бываюць, напрыклад, „польскія дні”. Ёсць таксама добрая, прыгожая музыка з іншых краін свету. Няма толькі рускай мовы. Не таму, што я не любю яе, а таму, што беларускі слухач з Беларусі мае дастаткова такой музыкі навокал сябе — навошта яшчэ ў Інтэрнэце мае яе чуць? Ды і няма ў мяне такой музыкі. Я ўважаю Расію за такога суседа, які прыехаў пагасцяваць і забыўся ад’ехаць.

— А па жанры — якая гэта музыка?

— Такая, якую я люблю. Гэта мяшанка і бардаўскай музыкі, і рока, зрэшты ў беларускай музыцы ўсё гэта моцна пераплятаецца. Той жа Лявон Вольскі — раз бард, раз рокмен, а раз, проста, аўтар добрых тэкстаў. Бываюць у Талацэ і ўплывы джазу. Амаль кожны знойдзе тут нешта для сябе.

— А чаму старонка напісана беларускай лацінкай?

— Я люблю лацінку. Шкада, што яна адсунутая на абочыну. Не веру ў тое, што лацінка калісьці зможа быць у нашай мове нароўні з кірыліцай, але калі магу падтрымліваць прысутнасць у Інтэрнэце беларускай мовы, беларускай музыкі, дык чаму ж не беларускай лацінкі? Яна ж таксама нашая. Другая прычына больш празаічная, бо няма ў мяне клавіятуры з кірыліцай. Аднак гэта, відаць, вынікае з першай часткі адказу.

Запісала Зося ЛЕМЕШ