Ніва № 2 (2435), 12 студзеня 2003 г.

Цікавасць да беларускай мовы

Аляксей МАРОЗ

У Комплексе школ па вуліцы Новаваршаўскай у Гайнаўцы ў снежні 2002 года арганізаваны былі „Адкрытыя дні школы”. Маглі яе наведаць бацькі, вучні іншых школ і жыхары Гайнаўкі. На калідорах арганізаваны былі выстаўкі, на якіх паказваліся дасягненні вучняў у розных галінах. Бацькі маглі прыйсці на ўрокі і паглядзець як вучаць іхных дзяцей.

З верасня 2002 года, у параўнанні з мінулым школьным годам, на 80 асоб пабольшала колькасць навучэнцаў беларускай мовы. Зараз беларускай мове вучыцца 126 вучняў Падставовай школы і 99 гімназістаў. Апошнім часам у Падставовай школе пачалі ствараць асобны клас, у якім прадбачваецца навучанне беларускай мовы. Пазней вучні гэтага класа будуць вучыцца роднай мове ажно да заканчэння вучобы ў школе. Старэйшым вучням, якія выявілі ахвоту вучыцца беларускай мове, ствараліся міжкласныя групы. Найбольш новых ахвотных вучыцца беларускай мове паявілася сярод гімназістаў, якія намерваюцца паступіць у Гайнаўскі белліцэй.

— Большая чым у мінулым годзе колькасць навучэнцаў беларускай мовы, гэта заслуга настаўніцы Людмілы Грыгарук, — заяўляе дырэктар Ірэна Кулачэўская. — Уплыў маюць таксама выезды нашых вучняў у Беларусь і візіты беларускай моладзі ў нашую школу.

У школьным будынку выдзеленае асобнае памяшканне, куды вучні і бацькі прыносяць старыя прылады працы, вышываныя ручнікі, макаткі і ткацкія вырабы. Настаўніцы Гражына Паўлючук і Людміла Грыгарук рыхтуюцца да адкрыцця школьнага музея, прымеркаванага да рэалізацыі аўтарскай праграмы рэгіянальнай адукацыі рыхтаванай Гражынай Паўлючук. У бібліятэку куплены новыя камп’ютэры. З восені 2002 года арганізуецца ў школе выдача абедаў. Рыхтуюцца яны ў Падставовай школе н-р 2 і давозяцца ў школьную сталовую, якая знаходзіцца ў святліцы. Была яна прыстасаваная для харчавальных патрэб з дапамогай бацькоў і спонсараў. Некаторыя сродкі выпрацавала школа, наймаючы памяшканні для гандлёвых прадпрыемстваў. Аднак колькасць вучняў, якія могуць карыстацца абедамі абмежаваная (зараз 233 асобы). Дырэктар Ірэна Кулачэўская плануе пабудаваць пры школе кухню і сталовую.

Настаўніца Гражына Паўлючук арганізавала сваім вучням экскурсіі па наваколлі. На яе ўроках дзеткі знаёмяцца з беларускімі прыказкамі, спяваюць праваслаўныя калядкі. У час урокаў беларускай мовы вучні любяць слухаць цікавыя расказы і спяваць песні.

— Стараюся арганізаваць многа гульняў, у час якіх знаёмлю дзяцей і моладзь з беларускай мовай. Нашыя вучні прымалі ўдзел у экскурсіі ў Брэст, яго наваколле, наведвалі Беларускі музей у Гайнаўцы, — кажа настаўніца Людміла Грыгарук. — У мяне добрыя суадносіны з вучнямі і бацькамі. На некаторых уроках вучні чытаюць „Зорку” і глядзяць беларускамоўныя мультфільмы. Добра было б, каб беларускія арганізацыі наладжвалі ў Гайнаўцы „ёлку” і іншыя беларускія мерапрыемствы, якія маглі б зацікавіць вучняў.