Ніва № 1 (2434), 5 студзеня 2003 г.

Культурны каляндар

Зараз жа перад Новым годам (паводле грыгарыянскага адліку часу) Падляшская маршалкоўская ўправа выдала чарговы каляндар культурных мерапрыемстваў у ваяводстве на 2003 г. Гэта каталог у больш за сто старонак, у каляровых вокладках, які інфармуе месяц за месяцам аб тым, якія прапановы з галіны культуры ў Беластоку і іншых падляшскіх гмінах мае намер рэалізаваць яна і падлеглыя ёй асяродкі (такія, як Ваяводскі асяродак анімацыі культуры). Аднак, у каталогу ёсць таксама і іншыя, якія, невядома чаму, апынуліся ў прапанове Маршалкоўскай управы, паколькі яны з прадпасылак чыста гмінныя. Для прыкладу: з календара не вынікае, чаму МУ „падцягнула” пад сваю дзейнасць Гмінныя дні сеніёра ў Карыціне (лістапад), Народны фэст у Нараўцы (май) ці Дні Гарадка (чэрвень). Такіх чыста гмінных ідэй ёсць у прапанове ваяводскіх чыноўнікаў шмат. Мабыць, нейкі „ваяводскі” ўдзел у гэтых мерапрыемствах і будзе. Не вынікае гэта, аднак, з інфармацыі аб арганізатарах. У большасці выпадкаў адказнымі за гэта будуць гмінныя асяродкі культуры, якія падлягаюць гмінным самаўрадам, а не ваяводскаму.

Маршалкоўская ўправа ахвотна падпісваецца і пад прапановамі Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Можа, значыць гэта, што возьме пад свае крылы арганізацыю трыманую да гэтай пары ў паняверцы беластоцкімі і падляшскімі ўладамі? Падобна можна было б спадзявацца асаблівай апекі над VIII Агульнапольскім конкурсам беларускай паэзіі і прозы (15 сакавіка — 30 кастрычніка), які рыхтуе Беларускі саюз у Польшчы (разам з „Нівай”, хоць на гэта паказвае толькі ўспомнены ў календары адрас рэдакцыі, як можна зразумець, сядзібы і Саюза)...

Вернемся да мерапрыемстваў, рыхтаваных БГКТ. Незалежна ад таго, што старшыня таварыства цяпер член падляшскай управы, што таксама, мабыць, мела паказваць на асаблівую прыхільнасць ваяводскай адміністрацыі для падтрымкі беларускай культуры і, шырэй, меншаснай, то ўжо сама вокладка календара, напэўна, пра гэта не сведчыць. Відаць на ёй здымак „Курпянскага вяселля”, тэатралізаванага мерапрыемства, арганізаванага Тэрэзай Падла, мінулагодняй стыпендысткай папярэдняга маршалка Славаміра Згжывы.

Уважлівы чытач календара заўважыць таксама, што аўтары не пазбеглі памылак. Вось, у індэксе нас адсылаюць на 62 старонку, дзе маюць быць інфармацыі аб агульнапольскай канферэнцыі „Маркетынг у кіраванні культурнай установай”. А на гэтай старонцы, ні на ніводнай іншай, такой канферэнцыі няма. І невядома, ці адбудзецца яна, ці не.

З больш цікавых інфармацый аб беларускіх культурных мерапрыемствах звяртае ўвагу факт, што сёлетнія Дні і Фестываль царкоўнай музыкі маюць праводзіцца ў адзін час (11 — 18 мая). Падобна, як летась, Фестываль мае арганізаваць Фонд „Muzyka Cerkiewna”, а Дні — Stowarzyszenie „Milosnicy Muzyki Cerkiewnej”. Дзе яны будуць праводзіцца і хоць бы, уступна, што будзе іх атракцыёнам, так як і ў выпадку іншых мерапрыемстваў зафіксаваных у календары — немагчыма з яго даведацца.

Праўдападобна, выданне Маршалкоўскай управы мае служыць самім чыноўнікам, каб не пазабываліся, што запланавалі ў новым годзе. Напэўна, не забудуць пра чарговы выпуск „Музычных дыялогаў над Бугам” і фолькавых „З вясковага панадворка” ў Чаромсе. Бо якраз толькі аб тых беларуска-ўкраінскіх падзеях успамінае ва ўступе падляшскі маршалак Януш Кшыжэўскі. Дадае: „Вандруючы па Падляшшы можам заглыбіцца ў іншасці, чэрпаць з яго унікальнасці, убагачацца ягонай непаўторнай моцай”.

(мах)