Ніва № 1 (2434), 5 студзеня 2003 г.

Вялікае княства Літоўскае і Беларусь пасля Люблінскай уніі

Канферэнцыя пад такім загалоўкам, арганізаваная Беларускім гістарычным таварыствам і Кафедрай беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку, прайшла пры канцы мінулага года ў Супраслі. Гісторыкі з Беластока, Торуні, Гродна, Мінска, Віцебска і Магілёва разважалі пра ўнутраныя праблемы літоўска-беларускай дзяржавы, а таксама яе адносіны з Каралеўствам Польскім і Масквой.

Найбольш наватарскія даклады прадставілі Максім Макраў з Віцебска, Тамаш Кэмпа з Торуні і Мажэна Лідкэ з Беластока. Макраў, разважаючы пра юрыдычнае становішча мяшчан Суража і Улы, што ў Віцебскім ваяводстве, даказваў, што прывілеі ў выглядзе вайсковых правоў, нададзеныя мяшчанству, будавалі абарончую сістэму дзяржавы больш паспяхова, чым шляхецкая армія.

Тамаш Кэмпа прадставіў закуліссе выбараў караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Зыгмунта Аўгуста. Паводле дакладчыка, магнаты Вялікага княства Літоўскага, а асабліва Радзівілы, імкнуліся абраць караля, які вярнуў бы Літве інкарпараваныя Польшчай землі ў 1569 г. — Падляшша, Валынь, Кіеўшчыну, Падолле. Іх кандыдатам стаў Эрнст Габсбург. Літоўскія магнаты не атрымалі аднак падтрымкі для гэтай ідэі з боку ні валынскай, ні кіеўскай рускай шляхты і магнатаў. Гэтыя апошнія зацікаўленыя былі быць грамадзянамі Каралеўства Польскага.

Мажэна Лідкэ паказала як рэфармацыя паспрыяла паланізацыі праваслаўнай шляхты. Калі з’явілася мода на пратэстантызм, кальвінамі ў Вялікім княстве Літоўскім станавіліся так каталіцкія, як і праваслаўныя магнаты. За імі ішла шляхта. Але разам з контррэфармацыяй, пры канцы ХVI стагоддзя, пратэстанты станавіліся католікамі. Былыя каталіцкія роды толькі вярталіся да свайго ранейшага веравызнання, былыя праваслаўныя, з мэтай аблягчэння сабе кар’еры, таксама прымалі каталіцкае веравызнанне. Пратэстантызм у Беларусі развіваўся на аснове польскай мовы. Была яна прысутнай у літургічным жыцці і літаратуры, пры дапамозе якой пратэстанты прапагандавалі свае ідэі. Праваслаўных называлі русінамі, пратэстантаў не ўлічвалі да кола гэтай культуры. Былі яны людзьмі лацінскай культуры.

Вялікае зацікаўленне, асабліва сярод мужчынскай часткі ўдзельнікаў канферэнцыі, выклікаў даклад Наталлі Гардзіенкі пра вобраз жанчын у мемуарнай літаратуры ХVIII стагоддзя. Ідэальная жанчына была вельмі нуднай — набожнай, кахаючай толькі свайго мужа, нараджаючай шмат дзяцей. Пажаданае было, каб жанчына, перш за ўсё, была прыгожай, разумнай — неабавязкова. Гэта дакладна як цяпер, каменціравалі ціха мужчынскія шавіністы.

(ям)