Ніва № 1 (2434), 5 студзеня 2003 г.

БСФ распачаў дзейнасць

Аляксей МАРОЗ

У час Агульнага сходу заснавальнікаў Беларускага самаўрадавага форуму, які адбыўся 15 снежня 2002 года ў памяшканні Гайнаўскага аддзела Беларускага саюза, былі выбраны ўлады і абмеркаваны план дзейнасці арганізацыі. Старшынёй управы стаў Міхась Андрасюк з Гайнаўкі, яго намеснікамі Яўген Вапа з Беластока і Андрэй Сцепанюк з Бельска-Падляшскага. Сакратаром выбраны быў Яўген Сачко, а скарбнікам — Міхал Голуб.

У заснавальніцкім сходзе форуму, які праходзіў 2 снежня 2001 года, прынялі ўдзел самаўрадаўцы і дзеячы вядомыя ў беларускім асяроддзі Гайнаўшчыны, Бельшчыны і Беласточчыны. 25 красавіка 2002 года быў ён зарэгістраваны ў судзе. Статут форуму прадбачвае выбар яго ўлад з ліку заснавальнікаў. Зараз новыя ўлады змогуць прымаць новых членаў, якія не мусяць быць раднымі.

— Самаўрадавыя выбары адбываюцца раз на чатыры гады і тады актывізуецца беларускае асяроддзе. У форуме дзейнічаюць беларускія самаўрадаўцы і людзі, зацікаўленыя грамадскай дзейнасцю. Плануем наладзіць супрацоўніцтва паміж Гайнаўшчынай, Бельшчынай і Беласточчынай, — заявіў старшыня форуму Міхась Андрасюк. — Пасля выбараў многімі раднымі ад беларускіх камітэтаў сталі новыя асобы, якія выявілі ахвоту супрацоўнічаць у рамках нашых гмін. Мы не хочам забываць пра кандыдатаў на самаўрадаўцаў, якія не сталі раднымі. Частка з гэтых людзей хоча працаваць для беларускага асяроддзя.

Беларускі самаўрадавы форум намерваецца садзейнічаць гаспадарчаму развіццю гмін Беласточчыны і абмену вопытам паміж самаўрадаўцамі. Яго члены маюць намер актывізаваць развіццё беларускай культуры і асветы. Карыстаючыся асабістымі кантактамі і супрацоўніцтвам паміж раднымі паасобных гмін, форум змагаецца са стэрэатыпам, што беларускае з’яўляецца ворагам польскага. Будуць ладзіцца семінары з удзелам прадстаўнікоў польскага асяроддзя і нацыянальных меншасцей. Улады форуму будуць арганізаваць спатканні з прадпрымальнікамі і людзьмі культуры, дабівацца правоў належных жыхарам Беласточчыны, а таксама займацца аховай асяроддзя. Сродкі на сваю дзейнасць плануюць атрымліваць ад няўрадавых арганізацый, прыватных спонсараў і дзяржаўных устаноў.

— Хочам, каб наш голас у справе рэгіёнаў, дзе кампактна жывуць беларусы, заўважальны быў у ваяводстве. Адна з мэт нашай дзейнасці — удзел у самаўрадавых выбарах, да якіх трэба рыхтавацца намнога раней, чым рабілі мы да гэтага часу. Форум павінен каардынаваць удзел беларускіх кандыдатаў у выбарах на Гайнаўшчынне, Бельшчыне і Беласточчыне. Мы павінны таксама выпрацаваць супольную прапанову, як прыступіць да парламенцкіх выбараў — самастойна ці ў кааліцыі? — сказаў Міхась Андрасюк. — Калі нехта скажа, што стварылі мы яшчэ адну арганізацыю, то я б сказаў, што ў нас мала арганізацый. У нармальных умовах павінны ўзнікаць таварыствы вудзільшчыкаў, філатэлістаў і іншыя.