Ніва № 1 (2434), 5 студзеня 2003 г.

2002 год — заканчэнне казкі

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Адышоў у гісторыю яшчэ адзін год. У палітычным жыцці Беларусі ён прынцыпова адрозніваўся ад шмат якіх папярэдніх. Напэўна самым галоўным набыткам беларускай гісторыі стала развянчанне даўняга міфа аб саюзнай дзяржаве. Натуральна, такой, якой прапагандавала яе сённяшняя беларуская ўлада.

Калі падыходзіць з дыялектычных пазіцый, то варта згадзіцца, што кожны чалавек, кожная група людзей, кожны народ жывуць згодна свайму менталітэту, сваім поглядам на рэчаіснасць, сваім уяўленням аб мінулым, сучасным і будучым. Дзейнасць палітыкаў, па вялікім рахунку, заключаецца ў выкарыстанні ў сабе выгадных мэтах гэтых самых народных уяўленняў, каб тым самым працягнуць сваё палітычнае жыццё.

Нягледзячы на тое, што менталітэт нацыі рэч даволі доўгатрываючая, перамены ў народных сімпатыях і антыпатыях да таго ці іншага палітыка такія ж частыя як восеньскі вецер. Бо кожны палітык ёсць чалавекам, погляды і дзеянні якога на нейкім этапе перастаюць задавальняць большасць насельніцтва. Таму і праходзіць вымушаная карэкціроўка палітычнага курсу краіны праз дэмакратычныя выбары.

Падчас існавання Савецкага Саюза Беларусь лічылася добраўпарадкаванай рэспублікай. Тут канцэнтраваўся вялікі інтэлектуальны патэнцыял, у першую чаргу, навукова-тэхнічны, моцнай была вытворчасць, якая працавала на вялікую па памерах краіну, а знаходжанне на заходніх рубяжах СССР прыцягвала значную ўвагу ваенна-прамысловага комплексу. Таму распад Савецкага Саюза выклікаў у большасці насельніцтва не радасць ад нечаканага суверэнітэту, а хутчэй жаль па адносна заможным жыцці. Тое, што называецца настальгіяй па мінулым. Таму і пачатак 90-х, г.зн. першыя гады незалежнасці, быў не перыядам развіцця краіны згодна нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, а быў часам народнай дэзарыентаванасці і мацнеючага страху перад будучыняй.

У такіх варунках, зразумела, сімпатыю насельніцтва мог атрымаць толькі чалавек, які не толькі разганяў гэты страх, абяцаючы пакараць усіх карупцыянераў-„крывасмокаў”, але і аднавіць разарваныя эканамічныя сувязі, у першую чаргу, з Расіяй. Пры гэтым людзям не тлумачылася, чаму разарваліся гэтыя сувязі і ці можна сапраўды іх аднавіць ва ўмовах рынкавых адносін. Адначасова новаствораны міф падмацоўваўся рознага кшталту палітычнымі заявамі аб агульных грошах, што будуць выдаваць два галоўныя банкі кожнай краіны Саюза Беларусі і Расіі, а таксама аб суіснаванні дзвюх незалежных дзяржаў у, зноў жа, незалежнай адной.

Да 2000 года такі міф з папулісцкіх мэтаў быў выгадны як лукашэнкаўскай Беларусі, так і ельцынскай Расіі. Але калі першая цярпліва чакала новага СССР, атрымліваючы нафту за пацалункі, то другой не заставалася нічога як наладжваць ліберальныя рэформы і ўсталёўваць рынкавыя адносіны. І ў рэшце рэшт абедзьве суіснуючыя ў нібыта адным саюзе краіны аказаліся не толькі розныя палітычна, але і эканамічна. Больш таго, для Расіі ўздыхі аб былой савецкай велічнасці сталі губляць сэнс, бо на сённяшні дзень гэтая краіна, калі не ва ўсім, то ў вельмі многім пераўзышла самую сябе тых часоў. Сведчаннем чаго стаў усё больш нарастаючы аб’ём продажу зерня за мяжу, чаго не было з 60 гадоў мінулага стагоддзя, і прэфіцыт бюджэту, г.зн. даходы ў дзяржаўную скарбонку пераўзыходзяць выдаткі з яе.

Беларусь тым часам усё больш вярталася да камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання, вобразна кажучы, выціскаючы ўсё да апошняй кроплі з тых самых прадпрыемстваў са старэючым абсталяваннем і ледзьве дыхаючых калгасаў. Магчымую змену дзяржаўнага кіраўніцтва і дзяржаўнага курсу блакавала фальсіфікацыя выбараў. Але падтрымліваць такую эканоміку ў рабоце, а таксама тых, хто ёю кіруе дазваляла фінансавая дапамога Расіі.

Аднак кожны капітал імкнецца да распаўсюджання, заваявання новых сфер свайго ўплыву. І гэта ў 2002 годзе стала галоўным чыннікам расійска-беларускага эканамічнага канфлікту, па сутнасці, канфлікту эканамічных сістэм. Асабліва яскрава гэта праявілася ў спробе нацыяналізаваць Беларуссю расійскі нафтаправод, у перашкодах у распаўсюджанні расійскага піва на беларускай тэрыторыі, у нашумелай гісторыі з нежаданнем лукашэнкаўскага кіраўніцтва аддаць пад абяцаную прыватызацыю „Белтрансгаз” — галоўнага пастаўшчыка „блакітнага паліва” ў Беларусі.

На такі паварот справы, калі Расію больш цікавяць эканамічныя выгоды, а не расійска-беларуская палітычная магутнасць у Мінску згаджацца не хацелі. Але знешнепалітычныя абставіны вымусілі. І цяпер беларускі кіраўнік аказаўся ледзьве не ў шэрагах барацьбітоў за незалежнасць і ўжо не кажа пра тое, што ён адзіны галасаваў супраць Белавежскіх пагадненняў, якія канстатавалі смерць СССР. Зразумела, уласны палітычны лёс важней за вузы славянскага братэрства. Але з міфам прыйшлося развітацца, як і з ненароджаным гімнам саюзнай дзяржавы. Праўда гэта зусім не азначае, што цяпер Беларусь чакае хваля абуджанай нацыянальнай самасвядомасці, хутчэй — спаўзанне ў разрад расійскай блізказамежнай перыферыі.