Ніва № 1 (2434), 5 студзеня 2003 г.

Час на вялікі крок

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Падляшскі маршалак Януш Кшыжэўскі мяркуе, што прадпрыемствы, няўрадавыя, урадавыя і самаўрадавыя арганізацыі змогуць выкарыстаць каля 65 працэнтаў сродкаў, якія атрымаем з Еўрасаюза, далучыўшыся да яго.

Маршалак Кшыжэўскі (сувальчанін з СЛД) гэтак прызнаўся ў час прэс-канферэнцыі перад каталіцкімі Калядамі. Пры нагодзе прадставіў сваю прэс-інфарматарку Бажэну Беднарак, дагэтуль працаўніцу Радыё Беласток. Прысутны на канферэнцыі старшыня Падляшскага сейміка Збігнеў Кшывіцкі (да гэтай пары ваяводскі радны і журналіст „Trybuny”) падкрэсліў неабходнасць спраўнага пераплыву інфармацый паміж самаўрадам ваяводскім і павятовымі ды гміннымі ў справе здабывання еўрасаюзных сродкаў.

— Абавязкова трэба стварыць г.зв. абсарбцыйную інфраструктуру, — тлумачыў у сваю чаргу Кшыжэўскі, — значыць, такіх умоў і адпаведных дакументаў, каб як найбольш грошай, плывучых з Еўрасаюза, не прапала.

У 2004-2006 гадах Падляшша мае распараджацца еўрасаюзнымі 220-230 мільёнамі еўра. Больш чым палова мае быць прызначана на структурныя фонды і эканамічную суцэльнасць. Рэшта — на сектарныя праграмы (ведамасныя). Для параўнання: Польшчы ўдалося выкарыстаць 95 працэнтаў грошай перададзеных у рамках Фонду PHARE.

— Ёсць за што змагацца. Падляшша мае шанц зрабіць вялікі крок у той бок, каб спачатку зраўняцца з рэштай Польшчы, — падкрэсліў маршалак.

У першую чаргу, на думку Януша Кшыжэўскага, неабходным будзе наладжанне транспартнай інфраструктуры. Пералічыў сярод гэтых спраў шлях Via Bаltica, мадэрнізацыю „дарог смерці” н-р 61 і н-р 19, а таксама пабудову транспартных шляхоў уздоўж усходняй мяжы.

У Маршалкоўскай установе ўзнікнуць два дадатковыя ведамствы (або дэпартамент і бюро), якія будуць займацца пытаннямі звязанымі з далучэннем Польшчы да Еўрасаюза. Мае ў іх працаваць каля 35 асоб (сёння ў Маршалкоўскай управе занята 198 працаўнікоў). Паколькі няма грошай прыняць на працу новых асоб, праўдападобна перавесці іх на іншыя пасады ўнутры ўстановы.

Пры нагодзе маршалак Кшыжэўскі паведаміў, што не будзе павышэння заробкаў у ваяводскай управе (маршалак, двух ягоных намеснікаў, двух членаў управы). Удакладніў, што віцэ-маршалкі маюць зарабляць па 7,5 тыс. зл. брута, а члены ўправы — на 700 злотых менш.

На канец маршалак пажадаў журналістам — а за іх пасрэдніцтвам чытачам, радыёслухачам і тэлегледачам — радасных Каляд.