Ніва № 1 (2434), 5 студзеня 2003 г.

Традыцыя не можа быць застылай

Аляксей МАРОЗ

У Беларускім музеі ў Гайнаўцы 21 снежня адбылося адкрыццё выстаўкі мастацкіх прац, якія выканалі студэнты Кафедры народных рамёстваў Беларускага універсітэта культуры з Мінска. Універсітэцкія выкладчыкі прывезлі каля 100 студэнцкіх работ, выкананых з выкарыстаннем беларускіх народных матываў, з галіны ганчарства, керамікі, ткацтва, габелена і саломапляцення.

У час мерапрыемства загадчык Кафедры народных рамёстваў прафесар Рыгор Шаур расказаў пра дзейнасць сваёй кафедры і растлумачыў, як былі выкананы мастацкія работы паказаныя на выстаўцы. Звярнуў ён асаблівую ўвагу на ткацкія працы, якіх многа вісела на сценах выставачнай залы. Самыя вялікія работы, названыя аўтарамі „Восеньскія радушкі”, выкананы былі з выкарыстаннем матываў з гродзенскіх дываноў. З вопраткай узнагароджанай на конкурсе моды нацыянальнага касцюма, арганізаванага ў Маскве, актыўна знаёмілі дзяўчаты. Апранутыя ў прыгожыя касцюмы хадзілі яны паміж публікай.

— Традыцыя не можа быць застылай і нерухомай. Таму аўтары работ карыстаючыся народнымі матывамі шукаюць новае, — заявіў прафесар Рыгор Шаур.

Вялікім зацікаўленнем гайнавян карысталіся вырабы з саломы, некаторыя з якіх выконваліся нават паўгода. Уразіла вельмі дакладнае выкананне складаных саламяных дэталяў.

— Вельмі аптымістычнае ўражанне застаецца пасля наведання выстаўкі. Студэнты пасля добрай школы ўдала ідуць у напрамку прафесіяналізму. Аднак у выпадку некаторых работ у пошуках уласнага занадта адышлі ад народнага, — сказаў гайнаўскі мастак Віктар Кабац.

Старшыня Грамадскага камітэта пабудовы музея Ян Хіліманюк, які адкрываў мерапрыемства, паінфармаваў, што выстаўку можна наведваць у гадзінах працы музея (у працоўныя дні з 8 да 15 гадз.).