Ніва № 52 (2433), 29 снежня 2002 г.

Прыцягваюць белліцэй і белгімназія

Аляксей МАРОЗ

З верасня гэтага года на 177 асоб пабольшала колькасць вучняў, якія ў гайнаўскіх падставовых і гімназічных школах (апрача Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы) вучацца беларускай мове. Зараз у Гайнаўцы беларускай мове вучыцца 459 вучняў у школах падпарадкаваных гарадскім уладам і 568 асоб у белліцэі і белгімназіі, за якімі наглядаюць улады Гайнаўскага павета.

— Думаю я, што такое вялікае зацікаўленне навучаннем роднай мовы выклікала атракцыйнасць Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Вучні, якія раней яе вучыліся, маюць большыя шанцы трапіць у белгімназію і белліцэй. Пасля ў іх няма праблемаў з вучобай роднай мове. Вялікае значэнне маюць кантакты са старэйшымі сябрамі, з іншымі школамі ў Польшчы і Беларусі, дзе вядзецца навучанне беларускай мовы. Многа, таксама, залежыць ад бацькоў, — заяўляе інспектар па справах асветы ў Гайнаўцы Нэля Шчука. Найбольш новых вучняў запісалася на заняткі ў Комплексе школ па вуліцы Новаваршаўскай. Там настаўніца Людміла Грыгарук патрапіла заахвоціць школьнікаў да беларускай мовы.

Апошнім часам штораз менш новапрынятых белліцэістаў не вучыліся раней беларускай мове. Настаўніца Вольга Сянкевіч звяртае ўвагу, што такія вучні вымушаны хутка пазнаёміцца з беларускім алфавітам і навучыцца чытаць і пісаць па-беларуску. Яны раяць сваім малодшым сямейнікам і сябрам, каб пачыналі вучыцца беларускай мове ў падставовай школе або гімназіі. Паводле новых правілаў набору вучні, якія хочуць паступіць у белгімназію, атрымліваюць дадатковыя балы за вывучанне беларускай мовы ў падставовай школе (ад 1 да 4 балаў — на 50 магчымых да атрымання). Калі ацэнка па беларускай мове стаіць на пасведчанні ў гімназістаў, якія паступаюць у белліцэй, дабаўляюць ім па 10 балаў.

— Многія бацькі, якія пасылаюць дзяцей на навучанне беларускай мове, гэта выпускнікі беларускага ліцэя, якіх ужо не ашукаеш, што беларуская мова перашкаджае. Зараз заняткі беларускай мовы вядуцца штораз цікавей. Паявілася больш цікавых падручнікаў і дапаможнікаў для навучання роднай мовы. Калі больш вучняў будзе вучыцца беларускай мове ў падставовых і гімназічных школах, лягчэй будзе працаваць з імі нашым настаўнікам. На працягу 3 гадоў трэба падрыхтаваць вучняў да экзаменаў на атэстат сталасці па беларускай мове, які будзе праведзены па такіх самых правілах, як па польскай мове, — кажа дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы Яўген Сачко. — Больш вучняў, якія вучацца беларускай мове, гэта таксама поспех радных Беларуска-народнага выбарчага камітэта, якія намагаліся ўпарадкаваць справу навучання беларускай мовы. Няма ўжо дырэктараў школ, якія былі б супраць навучання беларускай мовы або скрывалі, што ў іх школах вядзецца навучанне гэтай мовы.

На кожнага вучня, які вучыцца беларускай мове, прыдзяляецца дадаткова 20% субвенцыі, што састаўляе звыш 500 злотых. У гэтым годзе на навучанне беларускай мовы ў Гайнаўцы гарадскія ўлады атрымалі дадаткова з дзяржаўнага бюджэту 155 тысяч 591 злоты, а павятовыя ўлады яшчэ больш. У горадзе змяншаецца колькасць вучняў, якія паступаюць у падставовыя школы і дадатковае навучанне беларускай мовы з’яўляецца таксама спосабам на абмежаванне беспрацоўя сярод гарадскіх настаўнікаў.

Найбольш вучняў вучыцца беларускай мове ў Комплексе школ па вуліцы Новаваршаўскай — 225 асоб (пабольшала на 80). Хаця ў невялікай Падставовай школе н-р 3 беларускай мове навучаецца толькі 53 асобы (пабольшала на 9), то састаўляе гэта звыш 45% вучняў школы. У Падставовай школе н-р 2 — 94 вучні ходзяць на заняткі беларускай мовы (+34), Падставовай школе н-р 5 — 36 (+23), Падставовай школе н-р 1, якой дзейнасць ліквідуецца — 21 (+1). Пасля двухгадовага перапынку ўзнавілася навучанне беларускай мовы ў Гімназіі н-р 1 і вучыцца там 30 асоб. Шкада толькі, што сярод гайнаўскіх вучняў, якія вучыліся раней беларускай мове і прыходзяць вучыцца ў белліцэй, мала асоб, якія лічаць сябе беларусамі.