Ніва № 52 (2433), 29 снежня 2002 г.

Год расчараванняў

Яўген МІРАНОВІЧ

2002 год прайшоў без вялікіх палітычных крызісаў і таму можна яго нават лічыць удалым у маштабе планеты. З другога боку відавочны рэгрэс у сусветнай гаспадарцы не дазваляе апісваць нядаўняй мінуўшчыны ў аптымістычных колерах. Вядома з гісторыі, што палітычныя крызісы прыходзяць найчасцей некалькі гадоў пасля эканамічных, але гэта не прынцып. Фінансавы крызіс у Амерыцы, як у Паўднёвай, так і ў Паўночнай, прытармазіў таксама еўрапейскую гаспадарку, што стала надта адчувальным у Польшчы.

Дамінацыя ва ўладных структурах нашай краіны людзей з менталітэтам дробнай шляхты і розных рамантыкаў не прарочыць ні грамадству, ні дзяржаве нічога добрага. Можа выратавальнай лодкай стане далучэнне да Еўрасаюза, але пакуль што ўсе гавораць толькі пра грошы, якія дадуць або не дадуць немцы, французы ці іншыя шведы. Мала хто хоча гаварыць пра тое як самому іх выпрацаваць. Але шляхта ніколі інакш не думала.

Самаўрадавыя выбары чарговы раз паказалі хмару цынічных і крывадушных дзеячаў ды палітыкаў, якія змагаліся за доступ да публічных грошай пад лозунгамі заклапочанасці лёсам беднага люду. Адразу пасля выбараў, калі пачалася дзяльба ўплываў і грошай, усе забыліся пра тое, аб чым пераконвалі выбаршчыкаў пару дзён раней. Большасць грамадзян не пайшла на выбары, звычайна не захацела ўдзельнічаць у гэтым фарсе, які прапаганда называе лакальнай дэмакратыяй. Для звычайных людзей слова палітык стала абазначаць тое ж што і злодзей. Саюз левых дэмакратаў, які нядаўна быў яшчэ апошняй надзеяй усіх ахвяр капіталістычных пераўтварэнняў, страціў аўтарытэт і давер свайго традыцыйнага электарату. Пайшоў шляхам Салідарнасці, але, відаць, цяпер такая логіка развіцця палітычных працэсаў. Тым часам замацавалася новая, адкрыта нацыяналістычная партыя — Ліга польскіх сем’яў, якая праўдападобна ў найбліжэйшым часе стане аказваць моцны ўплыў на лёс краіны. Гаспадарчы крызіс і беспрацоўе выдатна спрыяюць развіццю такога палітычнага руху.

У жыцці беларусаў 2002 год таксама ўдалым палічыць нельга. Рэспубліка Беларусь стала фактычна ізаляванай краінай у Еўропе. Хаця „санітарны кардон” пакуль што кранае непасрэдна толькі ўлады Рэспублікі, але фактычна адмоўна паўплывае ён перш за ўсё на становішча грамадзян краіны. Беларусь паказваецца ў польскай прапагандзе як адсталая краіна, сімвал дэгенерацыі ў галіне палітыкі, культуры і гаспадаркі. Ніхто не ўспамінае нават, што ў прадказальнай будучыні Беларусь можа стаць членам Еўрасаюза. Суседнія краіны Прыбалтыкі, якія таксама як Беларусь пачыналі шлях да незалежнасці ў пачатку дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя, цяпер сталі суб’ектамі сусветнай палітыкі. Тым часам беларусам у 2002 г. запрапанавалі далучыцца да Расіі, але не як саюзнай дзяржаве, а толькі як некалькім губерням.

У 2002 г. зніклі важныя для беларускага асяроддзя цэнтры інфармацыі, як гродзенская газета „Пагоня”, ці беластоцкае „Радыё Рацыя”. „Пагоню” закрылі ўлады Рэспублікі Беларусь за абразу прэзідэнта Лукашэнкі, „Рацыю” — кіраўніцтва радыёстанцыі з-за недахопу фінансавых сродкаў. Пра Беларусь і беларускае нацыянальнае жыццё неўзабаве будуць інфармаваць толькі сродкі масавай інфармацыі, якімі распараджаецца прэзідэнт Лукашэнка. Вельмі хутка апошнім часам пачалі высыхаць усе беларускія крыніцы незалежнай інфармацыі.

У мінаючым годзе большасць беларускіх арганізацый на Беласточчыне атрымала з дзяржаўнага бюджэту нашмат меншыя сродкі на сваю дзейнасць. Вясной рэдакцыя „Нівы” вымушана была рашаць: памяняць тыднёвік на двухтыднёвік, ці радыкальна паменшыць плату супрацоўнікам і ганарары журналістам. 55 гадоў „Ніва” была тыднёвікам. Супрацоўнікі рэдакцыі аднагалосна вырашылі не парываць традыцыі.

Традыцыйнае беларускае пажаданне гучыць: „Каб не было горш”. Парываючы ў гэтай справе з традыцыяй жадаю чытачам „Нівы” каб вялося ім у 2003 годзе лепш чым у мінаючым. А мы са свайго боку паспрабуем вытрымаць усе крызісы і падрыхтаваць календар „Нівы” таксама на 2004 і наступныя гады.