Ніва № 51 (2432), 22 снежня 2002 г.

Аляксандр Гяршун

Сяргей ЧЫГРЫН

Выдатны беларускі і рускі фізік і оптык Аляксандр Гяршун нарадзіўся ў 1868 годзе ў горадзе Саколка на Беласточчыне.

Бацька яго Леў Гяршун быў доктарам у Саколцы, вельмі адукаваным чалавекам. Таму ён вельмі хацеў, каб і сын атрымаў таксама добрую адукацыю. Ён адправіў Аляксандра на вучобу ў Віленскую гімназію, дзе юнак сур’ёзна вывучаў замежныя мовы і матэматыку. А пасля заканчэння гімназіі, Аляксандр Гяршун працягвае вучобу ў Пецярбургскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце. Падчас вучобы ў Пецярбургу Аляксандр Гяршун займаўся рэпетытарствам, пісаў навуковыя артыкулы для тэхнічнага часопіса „Электричество”. Для гэтага выдання ён нават перакладаў тэксты з замежных навуковых часопісаў, а пасля заканчэння універсітэта ў 1891 годзе, стаў сакратаром рэдакцыі гэтага часопіса.

Праз два гады Аляксандр Гяршун пакідае часопіс „Электричество” і ўшчыльную супрацоўнічае з прафесарам фізікі Ф. Петрушэўскім, які ўзначальваў фізічны аддзел Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Для гэтага слоўніка, а таксама для часопіса „Электричество” (не парывае з ім сувязі) наш зямляк піша навуковыя артыкулы па фізіцы, оптыцы, фатаграфіі і электратэхніцы. Дарэчы, яшчэ студэнтам Аляксандр Гяршун напісаў сур’ёзную працу „Крытычны разбор даследавання пытання аб тэмпературы найбольшай шчыльнасці вады і водных раствораў”. Менавіта гэтая праца стала пачаткам ягонай навуковай дзейнасці. Прачытаўшы яе, пецярбургскі прафесар Іван Боргман адзначыў здольнасць маладога Гершуна хутка працаваць, сістэматызаваць багаты, фактычны матэрыял і супастаўляць яго з раней напісанымі.

Пасля заканчэння універсітэта Аляксандр Гяршун працуе не толькі ў часопісе „Электричество”, але і на кафедры фізікі ў родным універсітэце. Тут ён грунтоўна зацікавіўся праблемамі вытворчасці аптычнага шкла. Менавіта гэтае зацікаўленне і стала асновай усяго ягонага жыцця.

Аптычнае шкло, як лічыў наш зямляк, павінна ўдасканальвацца. Гэта ён даказаў у 1894 годзе на адным з пасяджэнняў Рускага тэхнічнага таварыства, дзе выступіў з дакладам на тэму „Аб прыборы для даследавання якасці аптычнага шкла”. Але перад тым, як выступіць з дакладам, наш зямляк прадэманстраваў прыбор уласнай канструкцыі. Прысутным і даклад, і прыбор спадабаліся.

Праз год А. Гяршун наведвае Германію, а вярнуўшыся адтуль, піша і выступае на пасяджэннях з дакладам „Аб аптычных заводах Шота і Цэйса ў Іене”.

У час руска-японскай вайны выявілася, што расійская армія слаба забяспечана оптыкай. Выпраўленне гэтай памылкі практычна лягло на плечы Аляксандра Гершуна. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам на Аляксандрыйскім заводзе пачаўся выпуск артылерыйскіх аптычных панарам, дасканаласць якіх пацвердзіла нават аўтарытэтная камісія. А ў 1914 годзе ў Пецярбургу пад кіраўніцтвам Аляксандра Гершуна быў пабудаваны оптыка-механічны завод. Адначасова працавала і майстэрня Абухаўскага завода, дзе рамантавалі дальнамеры розных сістэм, якія тады знаходзіліся на ўзбраенні ў расійскай арміі. І ўсё гэта кантралявалася фізікам і оптыкам з Саколкі прафесарам Аляксандрам Гершунам.

Наш зямляк працаваў вельмі многа. А 26 мая 1915 года ў яго адбыўся сардэчны прыступ, які каштаваў таленавітаму ініцыятару рускага аптычнага ваеннага прыборабудавання цэлага жыцця. Праўда, справа Аляксандря Гершуна не памерла. Да яе спрычыніўся ягоны сын Андрэй Гяршун — адзін з найбольш вялікіх святлотэхнікаў і фотаметрыстаў, заснавальнік навуковай школы ў галіне гідраоптыкі. Ён закончыў фізіка-матэматычны факультэт Ленінградскага універсітэта (1924). Працаваў лабарантам, навуковым супрацоўнікам, начальнікам лабараторыі Дзяржаўнага рускага аптычнага інстытута (1920-52). У 1937 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, быў прафесарам па спецыяльнасці святлотэхніка (1937). Напісаў больш за 90 навуковых прац. У асноўным гэта ў галіне святлотэхнікі (штучныя і натуральныя асвятленні, святломаскіроўка, маячныя сістэмы), тэарэтычнай фотаметрыі (святлавое поле, распаўсюджванне святла ў паглынаючым святлорассейваючым наваколлі, фотаметрычны інварыянт, тэрміналогія), гідраоптыкі (даследаванні марскіх вод, бачнасць у вадзе, маскіроўка караблёў, прыборабудаванне). Андрэй Гяршун (1903-1952) быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, двойчы атрымліваў Сталінскую прэмію другой ступені.