Ніва № 51 (2432), 22 снежня 2002 г.

Макаўка ў Еўропе

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад некалькіх месяцаў у сродках масавай інфармацыі вядзецца прапаганда, якая мае пераканаць грамадзян Польшчы да падтрымкі ідэі далучэння краіны да Еўрасаюза. На гэтую прапаганду выдзелены велізарныя грошы так з дзяржаўнага, як і еўрасаюзнага бюджэту. Слухаючы тэле- і радыёперадачы ў мяне чамусьці складваецца ўражанне, што я ўжо недзе чуў гэтую паэзію. Можа з нагоды 1 мая, ці 22 ліпеня, але тон падобны, нахабны і ашуканчы. Пераключаю апарат на хвалі Радыё Марыя. Там тое самае, толькі што з бальшавіцкім энтузіязмам палохаюць Еўрасаюзам. Паслухаўшы такіх інтэлектуалаў як прафесар Новак, Бэндэр ці вядомы палітык Мацярэвіч чалавек ужо ведае, што ў Еўропе знішчаюць ненароджаных дзяцей і старэчаў толькі таму, што такая ў іх масонская маральнасць. А сярод масонаў, вядома, даюць магчымасць дадумацца слухачам госці айца Рыдзыка — жыдоўская мафія. Высновы ад гэтай нацыяналістычнай прапаганды такія, што калі толькі Польшча стане членам Еўрасаюза — патраціць незалежнасць, маёмасць, хрысціянскую маральнасць, а жонкі беспрацоўных мужыкоў стануць выконваць усялякія паслугі брудным і грубым немцам. Кашмар!

На дзесятках тысяч курсаў і канферэнцый, якія праводзяцца ў Польшчы, вучаць, якое вялікае шчасце прыйдзе разам з уваходам у Еўропу. Стае такі балван перад публікай і ў газетную прапаганду ўкладае свае эмоцыі. А яны тым большыя, чым большы ганарар, які атрымае за сваю балбатню. У школах, апрача звычайных заняткаў, на якіх выкладаюцца веды пра Еўрасаюз, арганізуюцца шматлікія конкурсы аб інтэграцыі. Найбольш здольныя маладыя людзі дэманструюць, як раней камсамольцы, энтузіязм для Вялікай Ідэі.

Бедны беларускі мужык, які нават і не слухае Радыё Марыя, паўтарае тым часам міфы, якія там убіваюцца кожнага дня шматмільённай публіцы. Найбольш баіцца наш селянін таго, што прыйдзе немец і выкупіць яго зямлю, што не будзе каму купляць малака, збожжа і мяса. Катастрофа!

Тым часам усё паказвае, што для Еўрасаюза няма ніякай альтэрнатывы. Для пераважнай большасці грамадзян Польшчы не стане лепей жыць пасля далучэння да Еўропы, але калі б так не сталася, тады для мільёнаў маладых людзей адзінай перспектывай будзе ўцячы абы-куды, нават і за Урал. Еўрасаюз прымусіць перш за ўсё вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Ніхто гэтага не любіць, але без вывучэння новых ведаў можна будзе толькі чакаць сацыяльнай дапамогі. Найгорш будзе людзям, якім па прычыне ўзросту цяжка навучыцца новых прафесій. Цяжка таксама стане такім рэгіёнам як Беласточчына, таму што тут нават няма школ, якія адкрывалі б шанц для маладых людзей. Большасць, нават вышэйшых устаноў, гатовая вучыць студэнтаў для абслугоўвання грамадства ва ўмовах сямідзесятых гадоў ХХ стагоддзя. Мясцовыя інтэлектуалы, якія выхоўваліся на лозунгах кастрычніцкай рэвалюцыі, найбольш ахвотна вярнуліся б у час свае маладосці, у свет, якога ўжо даўно няма.

Еўрасаюз прабуе цывілізацыйна зраўняцца з Амерыкай. Патрабуе людзей, якія маглі б абслугоўваць новыя тэхналогіі, прыстасавацца да пастаяннай адукацыі, авалодаць сістэмы выкарыстання сучаснай інфармацыйнай прасторы. Для лянівых і разлезлых славян, людзей з менталітэтам прыгонных сялян, сацыялістычнага пралетарыяту ці малазямельнай шляхты ў Еўрасаюзе будзе месца параўнальна такое, як імігрантам з паўночнай Афрыкі. Дзеці тых імігрантаў, прынамсі некаторыя, атрымаюць шанц стаць еўрапейскай элітай. Таму Еўрасаюз гэта шанц не для цывілізацыйна адсталага сучаснага грамадства, але для тых, што цяпер ходзяць у школу. За далучэнне да Еўрасаюза павінны прагаласаваць тыя, якія жадаюць лепшай будучыні не сабе, але сваім дзецям і ўнукам.

Беларусы, грамадзяне Польшчы, жыхары Макаўкі, Міхалова, Чыжоў ці Беластока маюць яшчэ і дадатковую прычыну, каб быць зацікаўленымі ўваходам краіны ў Еўропу. Еўрасаюз па сваёй логіцы не пераносіць шавінізму. Можа ў Еўропе загіне гэты ірацыянальны страх, які паралізуе мышленне „нашага хлопца” і прымушае яго пастаянна хавацца ад самога сябе.