Ніва № 51 (2432), 22 снежня 2002 г.

Новае ў Бельску

Міхал МІНЦЭВІЧ

Расце зацікаўленне Бельскам, што спрычыняецца да паправы якасці жыцця яго жыхароў. Ажыццяўленне шматлікіх складаных гаспадарчых задач горада патрабуе актыўнага ўдзелу і адказнага супрацоўніцтва гарадскіх і павятовых органаў самакіравання. Пра галоўныя інвестыцыі, праводзімыя гарадскім самакіраваннем у 2002 годзе спытаў я загадчыка Аддзела інвестыцый і публічных заказаў Гарадской управы ў Бельску-Падляшскім, інжынера Валянціну ШЫМЧУК.

На басейне

У гэтым годзе прадаўжалі мы будову крытага басейна, найбольшага мерапрыемства ў гарадскім бюджэце. Гэтага важнага фізкультурнага аб’екта жыхары горада чакаюць шмат гадоў. Выконваецца ён з прымяненнем сучасных тэхналогій для шматгранных функцый. Ён энергаэканомны і будзе задавольваць усе спатрыўныя і эрганамічныя патрабаванні. Будуць ім карыстацца маладыя людзі, якія вучацца плаваць, або займаюцца аматарскім і высокакваліфікаваным спортам ды карысна праводзяць час. Басейн дасць магчымасць праводзіць рухавую рэабілітацыю, а дзякуючы адсутнасці архітэктурных бар’ер спрыяць будзе інтэграцыі здаровых людзей з інвалідамі. Апрача басейна размерам 25 х 12,5 метраў будзе там адпачынкова-рэабілітацыйны бродзік, ванна з гідрамасажам, круглагадовая з’язджальня і 110 месц для публікі. Апрача гэтага будуць санітарныя вузлы з душамі, салярый, сауна, адсек для біялагічнай рэактывацыі ды адміністрацыйныя, сацыяльныя, гаспадарчыя і тэхнічныя памяшканні.

За гэты год, да 21 лістапада, зрасходавана ўжо 3 645 тысяч злотаў, у тым ліку 504,5 тысячы датацыі ад Управы фізкультуры і спорту. Будаўнічыя працы выкананы ў 78%, санітарныя ў 95%, электрычныя ў 43%, а звязаныя з тэхналогіяй падрыхтоўкі вады — у 24%. Завяршэнне будовы цэлага комплексу прадбачваецца на канец кастрычніка будучага года.

На вуліцах

Працягваючы штогадовыя захады дзеля паправы выгляду нашага горада і выгады карыстання камунікацыямі, праведзена комплексная мадэрнізацыя вуліцы Сянкевіча, з пракладкай сцёкавых і дажджавых труб і вымашчэннем яе брусчаткай. Распачаліся прыгатаваўчыя працы дзеля мадэрнізацыі вуліцы Паўночнай. Завершана пракладка санітарнай каналізацыі па вуліцах Жарневіча і Яна Паўла ІІ (павятовая вуліца) у рамках супольнага са Староствам мерапрыемства. Выканана таксама асвятленне аўтобуснага завароту па вул. Міцкевіча.

Так як і ў мінулых гадах праводзіліся лінейныя мерапрыемствы з удзелам грамадскіх камітэтаў пабудовы, якія ўносілі прадбачваемы рэгламентам уклад 30% вартасці інвестыцыі; апошнія 70% фінансавала Гарадская ўправа. Такім чынам пабудаваны водаправод па вуліцах Беластоцкай, Заходняй і Шпітальнай, а па вуліцы Абвадовай пракладзена санітарная і дажджавая каналізацыя і вымашчана яна брусчаткай. Па вуліцы Пагоднай пракладзены санітарная каналізацыя і водаправод.