Ніва № 51 (2432), 22 снежня 2002 г.

Выбарчы рытуал

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

У Беларусі распачалася перадвыбарчая кампанія. Ужо прайшоў першы этап — фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Калі прааналізаваць папярэднія вынікі, значнага адрознення ад мінулых выбарчых кампаній не назіраецца.

Як замежныя, так і беларускія палітыкі, калі гавораць пра недэмакратычнасць выбараў у Беларусі, маюць на ўвазе вялікую колькасць фальсіфікацый, зробленых сябрамі выбарчых камісій. Раней самым распаўсюджаным парушэннем была выдача бюлетэняў з прозвішчамі кандыдатаў у дэпутаты на прад’яўленыя некалькі пашпартоў. Так жонка галасавала за мужа, ці наадварот, альбо за ўсю сваю вялікую сям’ю галасаваў яе галава. За савецкім часам такі грэх асаблівым грахом і не лічыўся, бо выбіралі часцяком з адной кандытатуры, ды і самі выбары насілі дэкаратыўны характар. Падчас перабудовы погляды на гэтую рэч змяніліся — канкуруючыя кандыдаты і назіральнікі ад іх стараліся не дапусціць, каб волевыяўленне асобнага выбаршчыка ажыццяўлялася праз іншага чалавека, хай сабе і самага роднага і блізкага. Канфлікты, што ўзнікалі на гэтай глебе на выбарчых участках былі ў большай ступені выкліканы нежаданнем членаў гэтых самых камісій працаваць да самага канца дня галасавання, бо калі статыстычна прагаласавалі ўсе грамадзяне, што жывуць на дадзеным участку, можна зачыняць дзверы, падлічваць бюлетэні і разыходзіцца па дамах.

Апошнія выбары ў мясцовыя органы ўлады, што адбыліся ў Беларусі ў 1999 годзе, не мелі вострага накалу палітычнай барацьбы. Адна з прычын таго — фактычны байкот з боку большасці апазіцыйных палітычных партый. З другога — адмыслова зменшаныя паўнамоцтвы мясцовых Саветаў. За некалкі гадоў перад гэтым выбарныя органы ўлады былі скасаваны ў раёнах буйных гарадоў — усе паўнамоцтвы на кіраванне самай дробнай адміністрацыйнай адзінкай узяла на сябе выканаўчая ўлада, якая, зразумела, нікім не выбіраецца. Больш таго, з непасрэднага падпарадкавання гарадскіх і абласных Саветаў былі выведзены адпаведныя выканаўчыя камітэты. У выніку, стасункі паміж імі сталі нагадваць адносіны паміж суседзямі, што жывуць у адным доме ўжо даўно і толькі добразычлівасць прымушае распавядаць аб справах, што робяцца ў іх кватэрах. Такімі былі справаздачы супрацоўнікаў выканкамаў на сесіях прадстаўнічай улады. І хаця фармальна самае галоўнае — прыняццё ці не прыняццё бюджэту заставалася за апошнімі — нікому нават у галаву не прыходзіла, што той ці іншы Савет можа не ўхваліць вывад спецыяліста выканаўчага камітэта, які „лепей” ведае адкуль і куды мусяць ісці грошы ад збору мясцовых падаткаў. Важным паказальнікам цікаўнасці да работы Саветаў стала значна меншая колькасць на іх сесіях прадстаўнікоў прэсы, чым на пасяджэннях выканкамаў.

Нягледзячы на фактычнае статус-кво ў выбарным заканадаўстве з тых недалёкіх часоў, зараз амаль усе палітычныя партыі адмовіліся ад ідэі байкоту выбараў і актыўна сталі вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Аднак асаблівага жадання з боку той жа выканаўчай улады і вышэйшага органа таго ці іншага Савета ўключыць у склад камісій палітычна ангажаваных грамадзян не было. Амаль паўсюдна падлічваць галасы выбаршчыкаў у сакавіку будуць вылучэнцы працоўных калектываў, праўрадавых грамадскіх арганізацый і тыя і іншыя, якія назбіралі неабходную для вылучэння ў склад камісіі колькасць подпісаў мясцовых жыхароў. Праўда, часцяком імі аказваюцца кіраўнікі дробных рангаў рознага кшталту дзяржаўных прадпрыемстваў, што ў сённяшняй беларускай рэчаіснасці цалкам залежаць ад той самай прэзідэнцкай „вертыкалі”. А як гаварыў Сталін — не важна як галасуюць, важна хто падлічвае.

Па ўсёй Беларусі ў склады камісій з палітычных партый трапілі ў асноўным прадстаўнікі прапрэзідэнцкай Кампартыі Беларусі і ўмоўна апазіцыйных — Партыі камуністаў і Ліберальна-дэмакратычнай партыі, што пачыналася калісьці як беларускае крыло партыі Жырыноўскага. Таму расклад тэрытарыяльных камісій з часоў леташніх і пазалеташніх выбараў у палітычнай ангажаванасці не змяніўся. Але ёсць крыху абнадзейваючае — па папярэдніх звестках у склад Мінскай гарадской камісіі трапіў сябра Беларускага народнага фронту, партыі, што стаіць у жорсткай апазіцыі да сённяшняй беларускай улады. Нешта падобнае адбылося яшчэ па прыкладна дзясятку тэрытарыяльных камісій па ўсёй краіне. А ўсяго такіх камісій 1 600. Таму, гэтыя выпадкі ўяўляюць сабой выключэнне, якое пацвярджае прыкрае правіла — у даны момант беларускія выбары больш нейкі рытуал, чым сапраўднае народнае волевыяўленне.