Ніва № 51 (2432), 22 снежня 2002 г.

Гродзенскія прадпрымальнікі на Беласточчыне

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У днях 5 і 6 снежня 2002 года Беласточчыну наведала група прадпрымальнікаў з Гродна. Адбылося гэта ў рамках рэалізаванага Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь праекта „Ладжанне самаўрадавага супрацоўніцтва ў галіне малых і сярэдніх прадпрыемстваў Гродзеншчыны і Падляшша”; праект фінансава падтрымала Брытанскае пасольства ў Варшаве.

Дэлегацыя беларускіх прадпрымальнікаў прадстаўляла шырокі спектр гаспадарчых суб’ектаў; былі тут людзі, якія займаюцца турызмам, грузаперавозкамі, прыроднымі лекамі, вытворчасцю шкла, ачысткай і збераганнем вады, кавальствам, будаўніцтвам, пракладкай труб, экалогіяй, кравецтвам, апрацоўкай драўніны і гандлем. Напачатак сустрэліся яны з адказнымі працаўнікамі Ваяводскай управы ў Беластоку Яраславам Варобеем і Эвай Мацяк.

Спадар Варобей паінфармаваў, што кіраўнікі Падляшша і Гродзеншчыны год назад падпісалі пуцяводны ліст пра ўзаемнае супрацоўніцтва. Цяпер адбываюцца кансультацыі і дапрацоўкі і ў студзені 2003 года мае быць падпісана афіцыйнае пагадненне між Гродзеншчынай і Падляшшам. Яно мае даць магчымасць ладзіць больш шчыльныя кантакты між абодвума бакамі ў надзвычайных абставінах, земляробстве і ахове асяроддзя; ваявода абмежаваны заканадаўствам толькі да гэтых галін, апошнімі займаецца Ваяводскі сеймік.

Эва Мацяк, згадваючы пра новы візавы рэжым, заявіла, што не будзе складанасцей у атрыманні новых візаў. Прадбачваюцца візы доўгатэрміновыя і недарагія.

У наступную чаргу дэлегацыя беларускіх прадпрымальнікаў сустрэлася з прэзідэнтам горада Беластока Рышардам Турам, якога суправаджалі віцэ-прэзідэнты Мар’ян Блехарчык і Рышард Зімнох. У сустрэчы прыняла ўдзел і прадстаўніца пасольства Вялікабрытаніі ў Польшчы Аляксандра Гласка.

Спадарыня Гласка паведаміла, што мерапрыемства праводзіцца ў рамках праграмы трохбаковага супрацоўніцтва з Украінай, Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі, пра якое дамовіліся міністры замежных спраў Польшчы і Вялікабрытаніі ў 2000 годзе. Мэтай такога супрацоўніцтва з’яўляецца падтрымка дэмакратыі і рыначнай эканомікі ў Беларусі і Украіне шляхам супрацоўніцтва са структурамі Еўрасаюза. Важную ролю ў гэтай дзейнасці ўскладаецца на прыгранічнае рэгіянальнае супрацоўніцтва і скарыстанне польскага вопыту суседзямі. Беласток з’яўляецца адзіным, па-за Варшавай, цэнтрам, які актыўна ўдзельнічае ў гэтым праекце.

Старшыня беларускай дэлегацыі Віктар Сазонаў сказаў, што беларускія прадпрымальнікі знаходзяцца сёння ў цяжкіх абставінах, аднак іх прадпрымальніцкі патэнцыял моцны, бо яны не толькі выжылі на беларускім рынку, але і выходзяць навонкі. А Беласточчына з’яўляецца найпершым напрамкам такога выхаду, бо з Гродзеншчынай тут многа супольнага, асабліва адзіная светапоглядавая база, якая дазваляе аднолькава бачыць усе праблемы. Беласточчына дае выхад на Захад, а Гродзеншчына — на Усход.

Прэзідэнт Беластока Рышард Тур заявіў пра зацікаўленне ўлад горада кантактамі з Гроднам і выказаў надзею, што сустрэчы спародзяць канкрэтныя вынікі.

Віцэ-прэзідэнт Беластока Мар’ян Блехарчык, адказны за міжнародныя кантакты, прыгадаў, што нашы гарады наладзілі супрацоўніцтва ў 1994 годзе. Спектр узаемных кантактаў шырокі: бізнес, культура, асвета, самакіраванне. Сёння, да 2003 года, дзейнічае дамова між гарадамі, падпісаная ў 2000 годзе, і ўлады хочуць, каб яна давала надзею на добрыя эканамічныя кантакты.

Віктар Сазонаў звярнуў увагу на складанасці супрацоўніцтва, згадваючы пра розныя эканамічныя сістэмы ў нашых краінах і спытаў, як выходзіць на кантакт з Польшчай, мінуючы тамашнія структуры ўлады.

Спадар Блехарчык адказаў, што ў Польшчы ўлада не гуляе ўручную ў бізнес, а закон ахоўвае прадпрымальніцтва. Найбольш паспяховы непасрэдны кантакт бізнесавых арганізацый, бо яны найлепш зарыентаваныя ў рэаліях.

Чарговае спатканне адбылося ў Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку з консулам Аляксандрам Карачуном. Паколькі Консульства не займаецца прадпрымальніцтвам, гутарка мела агульны характар. Гаспадарчыя справы курыруе Гандлёва-эканамічны аддзел Пасольства РБ у Варшаве, тэлефон у Варшаве 617-84-41.

Старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Марцін Рэмбач паінфармаваў, што Цэнтр адкрыў сайт на польскай мове з інфармацыямі пра Беларусь; адрас сайта www.bialorus.pl. На сайце можна знайсці не толькі навейшыя палітычныя і эканамічныя навіны з Беларусі, але і аналізы тамашніх эканамічных працэсаў, каталог фірм Гродзеншчыны ды змест найважнейшых беларускіх законаў для прадпрымальнікаў: гандлёвага і інвестыцыйнага кодэксаў. Сайтам цікавілася ўжо звыш 30 тысяч наведвальнікаў.

Адбыліся яшчэ спатканні гродзенскіх гасцей з прадпрымальнікамі Беластока і Гайнаўшчыны.

* * *

Аляксей МАРОЗ

Госці з Гродзеншчыны наведалі Белавежскую пушчу, а на наступны дзень спаткаліся з намеснікам старасты Гайнаўскага павета Ежы Сіракам. Віцэ-стараста пазнаёміў беларускіх прадпрымальнікаў з найбольшымі прадпрыемствамі павета. Уручыў ён гасцям рэкламныя матэрыялы аб гмінах і прадпрыемствах Гайнаўшчыны. Беларускую дэлегацыю цікавілі магчымасці гаспадарчага і турыстычнага супрацоўніцтва. Такое супрацоўніцтва прадбачваецца паміж пагранічнымі раёнамі Польшчы і Беларусі ў рамках Еўрарэгіёна „Белавежская пушча”. Улады еўрарэгіёна спадзяюцца атрымаць сродкі з польскага бюджэту і еўрапейскіх фондаў. Вядуцца намаганні адкрыць турыстычны пераход у Грудках каля Белавежы.

— Нашыя прадпрымальнікі шукаюць кантактаў з краінамі Еўрасаюза, звяртаюць увагу на Беласточчыну, бо блізка яна для нас па менталітэце і гістарычных традыцыях. Цікавяць нас кантакты з польскімі прадпрымальнікамі, праз якія можам выходзіць на суседнія рынкі, — сказаў у Гайнаўцы Віктар Сазонаў. — Зараз у Беларусі вельмі цяжкія ўмовы для прадпрыемстваў, якія займаюцца пастаяннай вытворчасцю. Існуе пагроза закрыцця прадпрыемстваў па задуманых прычынах. Лягчэй прадпрымальнікам, якія займаюцца гандлем.

Беларускія прадпрымальнікі прыехалі з канкрэтнымі прапановамі.

— Я хачу наладзіць супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва і турызму. Хацеў бы таксама выконваць у Польшчы свідравіны, — сказаў Сяргей Зылькоў, уласнік прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю „Свідравіна”, якое супрацоўнічала з будаўнікамі газаправода „Ямал”.

Перад ад’ездaм госці наведалі гайнаўскіх прадпрымальнікаў. Пазнаёміліся яны з вытворчасцю прадпрыемства „Руна” з Гайнаўкі, якое перапрацоўвае плады лесу. Сустрэліся з кіраўніцтвам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і пабывалі ў Сельскагаспадарчым прадукцыйным кааператыве „Рольмак” у Макаўцы.