Ніва № 50 (2431), 15 снежня 2002 г.

Праўда пра герояў

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад больш дзесяці гадоў не выпадае ўжо інакш пісаць пра салдатаў пасляваеннага падполля як аб „змагарах за свабоду і дэмакратыю, патрыётах, героях” і так далей у такім жа стылі. Гісторыкі, палітыкі і публіцысты заяўляюць пры тым, што цяпер толькі могуць пісаць самую чыстую праўду, у адрозненне ад пээнэраўскага перыяду, калі цэнзура прымушала няшчасных інтэлектуалаў называць іх „рэакцыйным элементам” ці звычайна „бандытамі”. Асабліва гратэскава новая тэрміналогія гучыць, калі былых членаў Нацыянальных узброеных сіл ці Нацыянальнага вайсковага саюза называюць героямі былыя апаратчыкі камуністычнай партыі ці польскага камсамола — Саюза сацыялістычнай моладзі.

Месяц таму канферэнцыю прысвечаную антыкамуністычнаму падполлю на Беласточчыне арганізаваў мясцовы аддзел Інстытута нацыянальнай памяці. Канферэнцыя праходзіла ў лірычным настроі, вучоныя вярталі памяці, як гаварылася, забытых нацыянальных герояў. Трохі папсаваў атмасферу беларускі кантэкст гэтай праблемы, аб чым, дарэчы, паінфармавалі мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. Нават цяпер беларусы, прыпамінаючы Зані, Залешаны, Шпакі, Патоку і іншыя мясцовасці, учынілі прафанацыю паніхіды, што адбывалася ў гонар пасляваеннага падполля.

Мяне аднак падчас гэтай канферэнцыі найбольш уразіў некрытычны падыход польскіх гісторыкаў да апісання падзей пяцідзесятых гадоў у Сувальскім ці Аўгустаўскім паветах, дзе не было беларусаў. Групы з некалькіх чалавек, якія хаваліся ў мясцовых пушчах, называліся вучонымі падпольным войскам, якое змагалася за незалежнасць Польшчы. Гадзінамі расказвалі яны як выглядала тое змаганне. Аднаго дня забілі солтыса, другога — партыйнага дзеяча, трэцяга — падазронага ў супрацоўніцтве з уладамі. Дзесяткі чалавек забітых без ніякага сэнсу толькі таму, што пару вясковых хлопцаў захацела гуляць у вайну. Ахвярамі іх шаленства ў той час не былі салдаты, міліцыянеры ці супрацоўнікі служб бяспекі, а найчасцей звычайныя людзі, якія перажылі вайну і акупацыю, а загінулі таму, што не хацелі аддаць „змагарам за свабоду” кажуха, ботаў, сала ці самагонкі.

Гісторыкі апісалі амаль кожны дзень дзейнасці членаў гэтых узброеных груп. Кожную іх ахвяру прадстаўлялі як ворага Польшчы. Толькі адзін, які паказаў сітуацыю ў сваёй вёсцы, што ў гміне Ліпск заўважыў, што пару забітых магло быць вынікам прыватнай вайны, якая цягнулася ад трыццатых гадоў. Камандзір групы звычайна пазбыўся суседзяў, з якімі яго сям’я сварылася за мяжу. Але гэта быў інцыдэнт падчас канферэнцыі, які зараз палагодзіла вучоная з беластоцкага ІПН, якая і гэтыя ахвяры палічыла канфідэнтамі бяспекі.

Найбольш у падыходзе да тэмы падполля здзіўляе тое, што ніхто з сучасных даследчыкаў нават не прабуе пытацца мясцовае грамадства як запамяталіся яму людзі, якія пяць гадоў пасля вайны бегалі па вёсках з аўтаматамі, прымушалі плаціць сабе падаткі, аддаваць маёмасць, інфармаваць пра суседзяў, а за кантакты з уладамі пагражалі расстрэлам. Дзяржаўны апарат са свайго боку таксама не аставаўся абыякавым у выпадку супрацоўніцтва з „падпольным войскам”. Але вучоных зусім не цікавіць лёс пераважнай большасці грамадства, якое хацела толькі бяспечна жыць.

Слухаючы некаторых дакладчыкаў я пачаў нават задумоўвацца, калі вядомых з сучаснай крымінальнай хронікі грамадзян Прушкава ці Валаміна пачнуць прадстаўляць як змагароў за свабоду эканамічнай дзейнасці, за ліберальны падыход да фінансаў і заканадаўства. Магчыма, што за 50 ці 70 гадоў школам у Польшчы стануць прысвойваць імя „Першынга”, ці „Дзяда”. Ніколі невядома, якіх герояў будзе патрабаваць вялікая палітыка. Вядома толькі, што заўсёды будуць вучоныя гатовыя даказаць самы высокі ўзровень маральнасці найбольш кашмарных асобеняў.