Ніва № 50 (2431), 15 снежня 2002 г.

Панікаваць нельга, хаця падставы ёсць

Антон ЛАБОВІЧ

Асноўным вынікам „круглага стала”, які адбыўся ў Гродзенскім абласным грамадскім аб’яднанні „Ратуша”, сталася тое, што яго ўдзельнікі выказалі шэраг прапаноў для вяртання беларускай мовы ў шырокі ўжытак. Дарэчы, тэма гучала так: „Стан беларускай мовы на Гродзеншчыне”.

У цэлым па Беларусі колькасць беларускамоўных школ катастрафічна змяншаецца. У 1995 годзе было афіцыйна пераведзена 108 школ на рускую мову навучання, у тым ліку 91 вясковых. За апошнія шэсць гадоў закрыта 315 беларускіх школ.

Усяго ў Беларусі ў 2001 годзе было 1 498 417 школьнікаў. З іх у 1999/2000 навучальным годзе вучылася па-беларуску 463 371 школьнікаў (30%), па-руску — 1 081 798 (70%), па-польску — 874 (0,1%), па-літоўску — 76; а ў 2000/2001 адпаведна: па-беларуску — 435 012 (29%), па-руску — 1 062 424 (70,9%), па-польску — 903 (0,1%) і 78 па-літоўску.

У 1999/2000 навучальным годзе працавала 2847 школ з беларускай мовай (61,7%), з рускай — 1147 (24,8%), а з беларускай і рускай мовамі — 620 (13,4%). Год пазней згаданых школ было адпаведна: з беларускай — 2822 (61,9%), з рускай — 1201 (26,3%), а з беларускай і рускай мовамі — 533 (11,7%).

Дынаміка ўдзельнай вагі школьнікаў, якія вучыліся па-беларуску цягам апошніх 7 гадоў, на Гродзеншчыне такая: у 1994/95 навучальным годзе 50,7%, 1995/96 — 50,8%, 1996/97 51,3%, 1997/98 51,5%, 1998/99 — 51,0%, 1999/2000 — 50,3%, а ў 2000/01 — 48,3%.

Дынаміка прыёму для навучання на беларускай мове ў Гродзенскай вобласці (падрыхтоўчыя, першыя класы): у 1994/95 навучальным годзе 86,9%, 1995/96 — 61,4%, 1996/97 50,8%, 1997/98 44,1%, 1998/99 — 37,2%, 1999/2000 — 37,0%, а ў 2000/01 — 34,1%.

Можна адзначыць адносную стабільнасць на Гродзеншчыне. Гэта тлумачыцца тым, што тут вышэйшая нацыянальная свядомасць, глыбокія карані маюць традыцыі. Параўнайце, Мінск — 4,3%, Брэсцкая вобласць — 28,8%, Віцебская — 25,4%, Гомельская — 19,4%, Мінская — 34,1%, Магілёўская — 22,3%. Гэта даныя 2000/2001 навучальнага года.

Што да нібыта адноснай стабільнасці стану беларускай мовы на Гродзеншчыне, то трэба абавязкова ўдакладніць, што гэтае „дасягненне” базуецца на сельскіх дашкольных установах. У 2000 годзе іх было 277 (8,7 тысяч дзяцей). У той жа час дашкольных устаноў у гарадах налічвалася 236 (38,9 тысячы дзяцей). Назваць малаколькасныя сельскія школы беларускамоўнымі — адно. Але параўнанне лічбаў сведчыць пра катастрафічны стан беларускай мовы ў цэлым. Дадам, што ў 2000 годзе ў дашкольных установах вобласці выхоўвалася ўсяго 47,6 тысячы дзяцей. У гарадах дашкольнікаў беларускай мове амаль не вучаць. Так, напрыклад, у Гродне. Зразумела, што ў школе заганная практыка працягваецца, і беларуская мова паступова заглухне.

Вось дакладныя лічбы за 2001 год. Усяго беларускай мове на Гродзеншчыне вучылася 48,3% дзяцей (51,3% у 1999/2000 г.), у тым ліку ў горадзе 31,9%, на вёсцы — 90,4% дзяцей. Усяго на рускай мове навучалася 51,2% (горад — 67,5%, вёска — 9,5%).

Актывістка адраджэнчага руху Тамара Талерчык узгадвае, што ёй давялося ў свой час многа пахадзіць па кватэрах, угаворваючы бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы. Нехта не пускаў у пакой, маўляў, рабіць вам няма чаго. Іншыя шчыра казалі, што гэта пустая справа, бо куды пойдзе выпускнік пасля заканчэння сярэдняй школы: вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі няма. Яшчэ горш, калі пасля базавай школы гвалтоўна ажыццяўляецца перавод на рускую мову навучання. Праўда, многія бацькі перапісвалі свае заявы з просьбай, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. Вялікую агітацыю праводзяць самі настаўнікі, каб бацькі выбіралі навучанне сваіх дзетак абавязкова па-руску!

Прыкладаў такіх, сапраўды, шмат. Аднак нельга пагадзіцца, што такія факты паўсюдныя. У педагагічных калектывах нямала людзей, якія шануюць родную мову, па-ранейшаму вядуць работу па яе пашырэнні. Праўда і тое, што гэтыя асобы вымушаны працаваць з аглядкай, сваю настойлівасць і адданасць не афішыраваць, каб не прыцягнуць лішнюю ўвагу. Хто хоча мець непрыемнасці?