Ніва № 50 (2431), 15 снежня 2002 г.

Выратавальны круг для беларускага прэзідэнта

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Візіт А. Лукашэнкі ў Маскву, што адбыўся 27 лістапада, надаў не толькі больш канкрэтныя рысы ў беларуска-расійскіх дачыненнях, але ў многім праясніў развіццё палітычных працэсаў на Беларусі ў бліжэйшыя некалькі месяцаў.

Апошнія падзеі на знешнепалітычным напрамку сведчылі пра тое, што беларускаму кіраўніцтву ўвогуле цяжка жыць без якіхсьці скандалаў. Пачынаючы з лета гэтага года, калі Кансультатыўна-назіральная група АБСЕ была пазбаўлена магчымасці працаваць у самой Беларусі, жаданне з кімсьці сварыцца вылілася за межы краіны. Пасля заяў аб тым, што Беларусь не стане 90-м суб’ектам Расіі, пасля „газавага скандалу” і, нарэшце, пасля візавых праблем з Захадам сітуацыя ўсё больш станавілася заблытанай і толькі лянівы не рабіў прагнозы пра тое, як будуць развівацца падзеі далей. Аднак іх развіццё не аказалася чымсьці нечаканым і ўкладваецца ў разуменне той палітыкі, якую ўзяла на ўзбраенне пуцінская Расія.

Актыўны ўдзел усходняй суседкі Беларусі на міжнароднай палітычнай арэне прывёў да ўзмацнення пазіцый сённяшняга расійскага кіраўніка як у самой Расіі, так і за яе межамі. Больш таго, па напрамку, які вызначылі сабе за галоўны, а гэта барацьба з міжнародным тэрарызмам, вядучыя краіны свету, Расія дзейнічае амаль поруч са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У свеце, здаецца, вядзецца сур’ёзны перадзел сфер уплываў, які мусіць скончыцца ўсталяваннем і ўзмацненнем двух палітычных полюсаў. Калі да першага, без сумнення, адносяцца ЗША, то на другі ўсё больш актыўна прэтэндуе Расія. Самае цікавае, што на дадзеным этапе і той, і другі бок зацікаўленыя ў мацаванні адзін другога. Таму мы і становімся сведкамі згоды па іракскай праблеме на карысць ЗША, „заплюшчвання вачэй” на парушэнні правоў чалавека ў Чачні і гэтак далей.

Да „гэтак далей” варта аднесці фактычную згоду на падпаданне пад поўную залежнасць ад Расіі Рэспублікі Беларусь. Расійскае кіраўніцтва цяжка абвінавачваць у тым, што яно абыякава аднеслася да „візавай” знявагі беларускага саюзніка, бо цяпер у апошняга не засталося ніякага поля для манеўраў на знешнепалітычным і, што самае галоўнае, знешнеэканамічным напрамку. І таму Расіі размаўляць з ім значна прасцей.

Менавіта пра згоду прымушае думаць забарона на ўезд у сваю краіну вышэйшаму кіраўніцтву Беларусі з боку Злучаных Штатаў. Гэтая забарона адбылася не адразу пасля прыняцця падобнага рашэння 14 дзяржавамі Еўропы, а амаль што на тыдзень пазней, пасля візіту ў Расію Джорджа Буша і агучанага ўсімі сродкамі масавай інфармацыі запрашэння ў Маскву А. Лукашэнкі. Зразумела, пытанне Беларусі не было галоўным на расійска-амерыканскай прэзідэнцкай сустрэчы, але тое што яно там было, сумнявацца цяжка.

Вынікам візіту беларускага лідэра стала ягоная заспакоенасць. Заспакоенасць, у першую чаргу, уласным лёсам. Заявы Пуціна, што „мы разглядаем Беларусь як незалежную дзяржаву, якая мае права самастойна вызначаць прынцыпы ўнутранай і знешняй палітыкі”, сталі паказчыкам таго, што, па меншай меры, на дадзеным этапе Расію мала цікавяць праблемы парушэнняў правоў чалавека ў саюзнай краіне. Больш таго, увачавідку праявілася зацікаўленасць расійскага кіраўніцтва, а значыць і капіталу, у пашырэнні сваёй прысутнасці на Беларусі. І дабівацца гэтага пашырэння значна прасцей менавіта пры цяпер дзеючым беларускім прэзідэнце, амбіцыі якога на маскоўскія апартаменты ўдалося папярэдне прыглушыць.

Асмялеў і кіраўнік беларускай краіны. Ён шчыра прызнаўся, што яго ўжо не так хвалюе нежаданне мець з ім зносіны з боку заходніх прэзідэнтаў. Акрамя таго, А. Лукашэнка абвесціў аб сваім намеры пайсці на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Пры тым, што беларуская Канстытуцыя гэта забараняе.

Такім чынам, па ўсім відаць, у бліжэйшы час у Беларусі варта чакаць прыходу расійскага капіталу, які, вобразна кажучы, накладзе лапу на ледзьве дыхаючыя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, а палітычнае жыццё, пасля невялікага перапынку, зноў стане нагадваць стаячае аўтакратычнае балота.

Адзіным пытаннем, што засталося пасля маскоўскага візіту Лукашэнкі, гэта яго словы аб гатоўнасці весці перамовы з АБСЕ аб мандаце місіі ў Мінску. Магчыма яны сталі вынікам нейкага перавыхавання, а можа спробай захаваць магчымасць калі-небудзь аднавіць растрачаны палітычны аўтарытэт.