Ніва № 50 (2431), 15 снежня 2002 г.

Беларусь і паграніччы

Паўліна ШАФРАН

28 лістапада, ў рамах беларускіх чацвяргоў, якія ладзіць Кафедра беларускай культуры Беластоцкага універсітэта адбылася прамоцыя кніжкі прафесар Альжбеты Смулковай Bialorus i pogranicza. Studia o jezyku i spoleczenstwie.

Галоўным рэцэнзентам кніжкі быў прарэктар Беластоцкага універсітэта прафесар Багуслаў Нававейскі.

Кніжка, названая самой аўтаркай „апаслым тамішчам”, падзелена на тры часткі. Першая з іх прысвечана навуковым зацікаўленням аўтаркі, перш за ўсё марфалагічным праблемам, якіх апрацоўку прарэктар Нававейскі назваў „удалай экспедыцыяй на гімалайскую вяршыню”.

Другая частка датычыць навуковага жыцця, у якім аўтарка прымала і прымае ўдзел, з’яўляючыся адным з ініцыятараў Міжнароднай гуманістычнай школы, якая займаецца даследаваннем моўных з’яў на паграніччах.

Трэцяя частка — найбольш цікавая для гісторыкаў і сацыёлагаў, гэта публікацыі з галіны грамадскай і палітычнай дзейнасці прафесар Смулковай, якая ў 1991-1995 гадах была консулам, а затым паслом РП у Мінску. Аўтарка прадстаўляе ў ёй праблемы тоеснасці і талерантнасці ў Беларусі, беларускасці і польскасці на паграніччы ў час глабалізацыі, звяртае ўвагу на моладзь, якая стаіць часта перад дылемай выбару прыналежнасці, акрэслення сваёй тоеснасці. У гэтай частцы знойдзем і больш асабістыя фрагменты, напрыклад, дзённік Яніны Баран, маці аўтаркі, са ссылкі ў Томск у 1941-1946 гадах.

Праца над кніжкай, як успамінала аўтарка, была вельмі складанай. „Сабранне пад адну вокладку, прачытанне ўсяго, што чалавек напісаў на працягу доўгіх гадоў навуковай працы, — сказала Альжбета Смулкова, — як і падборка артыкулаў, якія могуць быць самымі цікавымі, было цяжкай працай. Працай, якая набыла форму кніжкі”.

Пагранічча, якое з’яўляецца своеасаблівым феноменам культуры, у кніжцы прафесар Смулковай набывае новае значэнне. Усе прыпісваныя яму да гэтай пары адмоўныя якасці — адзінства і разнароднасць — становяцца тут козырам у барацьбе за талерантнасць да мінулага і будучыні.

Як сцвердзіў прафесар Яўген Мірановіч, кніжка Bialorus i pogranicza з’яўляецца эскізным у часавай перспектыве аўтапартрэтам аўтаркі. У кніжцы паказаны найважнейшыя праблемы беларусаў і палякаў на паграніччы, таму цікава яна будзе не толькі моваведам, гісторыкам ці сацыёлагам, але і ўсім, хто цікавіцца нацыянальнымі меншасцямі на паграніччах.